Як паведаміла актывістка Свабодзе, затрымалі яе, калі яна ехала аўтобусам № 100 у раёне парку Чалюскінцаў у Менску.
«У раёне Парку Чалюскінцаў пачула гул сірэнаў, падумала, што дзесьці аварыя. Але не. Міліцэйскія машыны спынілі аўтобус, у пярэднія дзьверы зайшлі 6 міліцыянтаў. Пабачылі мяне, высадзілі з аўтобуса і сказалі, што я затрыманая».
Жанчыне не далі скарыстацца мабільным тэлефонам, не дазвалялі папіць вады. У Першамайскім РУУС Менску абшукалі ейны заплечнік і знайшлі ў ім пачак з налепкамі.
«У Першамайскім РУУС міліцыянты склалі пратакол, я яго падпісала, бо там усё супадала з маімі словамі. Я сказала, што знайшла пакунак на прыпынку і вырашыла аддаць у макулятуру. Я лічу, што мяне затрымалі, таму што нехта з пасажыраў аўтобуса, у якім я ехала, пабачыў, як я разглядаю налепкі, і пазваніў у міліцыю».