Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Берасьці. Каля тысячы чалавек прайшлі па вуліцах гораду

У Берасьці сёньня прайшла чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедзтва».

Паводле агучанага аргкамітэтам маршаў «Мы не дармаеды» пляну, чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедзтва» — адбылася 5 сакавіка ў Берасьці.

На акцыю на пляц перад гарвыканкамам сабралася некалькі сотняў чалавек. Улады запрасілі іх у актавую залю для размовы. На гэтую прапанову адгукнуліся некалькі дзясяткаў чалавек. Астатнія пасьля кароткага мітынгу рушылі шэсьцем па вуліцы Савецкай. Да іх далучыліся іншыя гараджане. Агульная колькасьць удзельнікаў ацэньваецца ў больш за тысячу чалавек.

Удзельнікаў шэсьця віталі з балконаў жыхары гораду, кіроўцы машын на вуліцах сыгналілі на знак падтрымкі.

Зь Менску на Марш выехалі палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова, іх машыну спынілі ў 120 кілямэтрах ад Берасьця. Лябедзьку і Рымашэўскага даставілі ў РАУС Бярозы і пасьля заканчэньня маршу адпусьцілі без скаладаньня пратаколаў.

13:17 5.3.2017

Дыскусія ў гарвыканкаме працягваецца

Жанчына ў залі патрабуе пазбавіць ільготаў і павышаных пэнсіяў чыноўнікаў, якія маюць 20 гадоў стажу як дзяржслужачыя. Рагачук тлумачыць, што берасьцейскія дэпутаты гарсавету ніякіх ільготаў ня маюць.

13:19 5.3.2017

У гэты час частка пратэстоўцаў ідзе па цэнтры гораду калёнай па праезнай частцы, сыгналяць машыны, якія стаяць у корку.

13:20 5.3.2017

Калёна перайшла на ходнік.

13:20 5.3.2017

"Жыве Беларусь!" і "Далучайся!"

Пратэстоўцы на вуліцы Савецкай Берасьця скандуюць "Жыве Беларусь!" і "Далучайся!" Людзі нясуць бел-чырвона-белыя сьцягі і чорныя сьцягі анархістаў.

13:21 5.3.2017

«Лукашэнка, сыходзь!» — крычаць пратэстоўцы, іх ідзе па вуліцы Савецкай каля 400 чалавек.

13:24 5.3.2017

«Выйдзі на вуліцу, вярні сабе горад» — зьявіўся і такі лёзунг, які крычаць папераменна зь «Не — дэкрэту нумар тры, Лукашэнка, сыходзь!», «Жыве Беларусь!» і «Наша рашэньне — самакіраваньне».

13:31 5.3.2017

Шмат берасьцейцаў па ходу калёны далучаюцца да пратэстоўцаў, народу значна паболела.

13:43 5.3.2017

Пратэстоўцы заблякавалі праспэкт Машэрава

У авангардзе калёны, якая спыніла рух машын на праспэкце Машэрава, былі анархісты, якія хацелі паказаць сваю рашучасьць, але праз некалькі хвілін рух машын аднавілі.

13:46 5.3.2017

Анархісты перакрылі рух на праспэкце Машэрава ў Берасьці, машыны сыгналяць. Бальшыня калёны — на ходніках.

13:47 5.3.2017

Людзі занялі плошчу перад берасьцейскім ЦУМам.

13:48 5.3.2017

Пратэстоўцаў заклікалі на акцыю на Дзень волі

Акцыі будуць працягвацца, заявілі ля ЦУМу арганізатары маршу і заклікалі выходзіць 25 сакавіка ў Берасьці, а 11 сакавіка -- у Пінску.

13:52 5.3.2017

Акцыя скончылася

Людзі разыходзяцца. Анархісты сыходзяць разам, трымаючыся за рукі.

13:52 5.3.2017

«Людзі нас падтрымалі», — лідэр пратэсту

Лідэр берасьцейскай акцыі недармаедаў Аляксандар Кабанаў выказаў у эфіры Свабоды сваё задавальненьне маршам:

«Людзі нас падтрымліваюць».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG