Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Берасьці. Каля тысячы чалавек прайшлі па вуліцах гораду

У Берасьці сёньня прайшла чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедзтва».

Паводле агучанага аргкамітэтам маршаў «Мы не дармаеды» пляну, чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедзтва» — адбылася 5 сакавіка ў Берасьці.

На акцыю на пляц перад гарвыканкамам сабралася некалькі сотняў чалавек. Улады запрасілі іх у актавую залю для размовы. На гэтую прапанову адгукнуліся некалькі дзясяткаў чалавек. Астатнія пасьля кароткага мітынгу рушылі шэсьцем па вуліцы Савецкай. Да іх далучыліся іншыя гараджане. Агульная колькасьць удзельнікаў ацэньваецца ў больш за тысячу чалавек.

Удзельнікаў шэсьця віталі з балконаў жыхары гораду, кіроўцы машын на вуліцах сыгналілі на знак падтрымкі.

Зь Менску на Марш выехалі палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова, іх машыну спынілі ў 120 кілямэтрах ад Берасьця. Лябедзьку і Рымашэўскага даставілі ў РАУС Бярозы і пасьля заканчэньня маршу адпусьцілі без скаладаньня пратаколаў.

12:32 5.3.2017

Людзі ў чорных масках зьявіліся на плошчы

На плошчы на акцыю выйшлі 10 невядомых у масках з чорным сьцягам і транспарантам «Чыноўнік — галоўны дармаед».

Гэта правакацыя супраць нашага мірнага пляну,— лічаць арганізатары «Маршу недармаедаў».

12:26 5.3.2017

Лябедзька і Рымашэўскі ў пастарунку ў Бярозе

Тым часам Анатоля Лябедзьку прывезьлі ў Бярозаўскі РАУС. Лябедзька патрабуе дакладна сфармуляваць яму прычыну, паводле якой яго затрымалі. Міліцыянты патрабуюць спыніць відэаздымку.

12:26 5.3.2017

Некаторыя мітынгоўцы пагадзіліся ісьці ў залю гарвыканкама

Каля сотні людзей зайшлі у залю паседжаньняў Берасьцейскага гарвыканкаму.

12:20 5.3.2017

Людзі ў залю ня хочуць

Уладзімер Вуек, кіраўнік абласной філіі АГП, кажа, што ў зале могуць быць правакацыі. Прадстаўнік гарвыканкаму кажа, што ў залі будзе зручней весьці перамовы. — там 315 месцаў. Народ патрабуе чыноўнікам выйсьці на вуліцу.

12:17 5.3.2017

Лябедзька: Абуджаюцца рэгіёны, калі будзем разам — неканстытуцыйны дэкрэт нумар 3 скасуюць

«Гэта была спэцапэрацыя», — пасьля другога затрыманьня лідэраў апазыцыі, якія ехалі ў Берасьце на Марш недармаедаў, Свабодзе ўдалося пагутарыць са старшынём АГП Анатолем Лябедзькам.

12:17 5.3.2017

Кабанаў: «Мы ня хочам рэвалюцыі»

Аляксандар Кабанаў заявіў, што яму давялося хавацца, каб трапіць на гэты марш, яго таксама затрымлівалі. «Мы ня хочам рэвалюцыі, мы ня хочам вайны. Усё залежыць ад уладаў, але яны толькі пагаршаюць сытуацыю».

12:16 5.3.2017

Мітынгоўцаў запрасілі ў залю на сустрэчу з уладамі

Людзі йдуць неахвотна.

12:15 5.3.2017

Актывістка АГП Дыяна Касьцюкевіч кажа, што тут сабралася бальшыня не дармаедаў, а людзей, якія працуюць. Кажа, што сорамна ўладам прыкрывацца дзецьмі. А дамаўляцца з уладамі трэба.

12:11 5.3.2017

Гарадзкія ўлады пагадзіліся размаўляць з пратэстоўцамі, на 12.10 прызначаная сустрэча.

12:10 5.3.2017

Людзі ідуць да будынку Берасьцейскага гарвыканкаму.

12:10 5.3.2017

12:10 5.3.2017

12:06 5.3.2017

Сотні чалавек выйшлі на акцыю ў цэнтры Берасьця

Некалькі сотняў берасьцейцаў выйшлі на трэцюю на ліку акцыю пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах. Сёньня народу болей, чым на дзьвюх папярэдніх акцыях.

11:54 5.3.2017

Адзін з актыўных удзельнікаў мінулых маршаў у Берасьці Павал Кінчак паведаміў Свабодзе, што да яго дахаты прыйшлі людзі ў цывільным і рэкамэндавалі сёньня не выходзіць. Кажа, што стаяць каля яго хаты.

Павал Кінчак падчас мінулага "Маршу недармаедаў"
Павал Кінчак падчас мінулага "Маршу недармаедаў"

11:47 5.3.2017

Лябедзьку і Рымашэўскага міліцыя вязе ў пастарунак у Бярозу

Адбылося другое затрыманьне лідэраў апазыцыі. Калі першы раз правяралі, ці машына не ва ўгоне, то цяпер іх падазраюць у зьдзяйсьненьні нейкага злачынства, праўда ня кажуць, якога. Вязуць у Бярозаўскі РАУС, — паведаміў Анатоль Лябедзька Свабодзе. На мітынг у Берасьце ён і Віталь Рымашэўскі ўжо не пасьпеюць.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG