(Здымак 1. Галасаваньне за праект рэзалюцыі).
4 сакавіка ў Гомелі ў амфітэатры грамадзка-палітычнага цэнтру на вуліцы Палескай адбылося пашыранае паседжаньне камітэту руху «За адмену дэкрэту № 3».
Паколькі ўлады не адрэагавалі належным чынам на «Марш недармаедаў», які адбыўся ў Гомелі ды іншых рэгіёнах краіны ў канцы лютага, вырашана ладзіць 25 сакавіка, на Дзень Волі, новую масавую акцыю — «Марш недармаедаў-2».
Адкрываючы паседжаньне, сябра камітэту руху «За адмену дэкрэту № 3» Уладзімер Кацора заўважыў, што раней савецкая ўлада саджала за краты так званых «дармаедаў», а сёньняшняя — патрабуе 360-рублёвы падатак.
«Я сам, як і вы, — заявіў Кацора, — таксама „дармаед“, хоць і з дадаткам „палітычны“. Пятнаццаць гадоў працаваў на „Гомсельмашы“. Апошні запіс у маёй працоўнай кнізе датаваны 2001 годам. Быў намесьнікам старшыні грамадзкага аб’яднаньня „Грамадзянскія ініцыятывы“ — яго ўлады закрылі праз суд. З таго часу вось ужо шаснаццаць гадоў зьяўляюся „дармаедам“. Мне вядомыя праблемы людзей, якія не па сваёй волі аказаліся бяз працы, і цяпер дзяржава прымушае іх плаціць падатак на „дармаедзтва“. Таму найпершая наша задача — дамагчыся адмены дэкрэту № 3».
На паседжаньні абмеркаваны й прыняты праект рэзалюцыі «Маршу недармаедаў-2», першым пунктам якога значыцца менавіта адмена «дармаедзкага» дэкрэту.
У праект рэзалюцыі ўключаныя таксама пункты пра неабходнасьць эканамічных рэформаў, разьвіцьця прадпрымальніцтва, адмены ўказу № 222, а таксама кантрактнай сыстэмы, удасканаленьня пэнсійнага заканадаўства. Ёсьць і пункт аб вяртаньні беларускім грамадзянам права выбару празь зьмены ў Выбарчым кодэксе.
Створаная інфармацыйная група, якая зоймецца дапрацоўкай праекту рэзалюцыі з улікам прапановаў на сёньняшнім паседжаньні.
Прызначаныя кіраўнікі ахоўнай дружыны маршу, групы інфармацыйнай падтрымкі. Вырашана любых магчымых правакатараў на маршы здымаць на тэлефоны, смартфоны, камэры, апэратыўна выкладваць іхнія правакацыйныя ўчынкі ў інтэрнэт, а саміх— здаваць міліцыі.
Яшчэ адна група мае падрыхтаваць да маршу надзённыя плякаты й лёзунгі. Грамадзкі актывіст Аляксандар Процка прапанаваў выкарыстаць на маршы, як у спорце, чырвоныя штрафныя карткі з надпісам: «Сыходзь».