Асьвенцім (Польшча)
Комплекс нямецкіх канцэнтрацыйных лягераў, Асьвенцім-Бжэзінка (Auschwitz-Birkenau) у паўднёвай Польшчы мае статус дзяржаўнага музэю. Яшчэ сталінскі Сэйм ПНР абвясьціў Асьвенцім вечным помнікам. Сымбаль Галакосту ўнесены ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Побач з комплексам знаходзяцца 2 касьцёлы, кляштар, Цэнтар дыялёгу і малітвы, Міжнародны цэнтар адукацыі пра Асьвенцім і Галакост, Цэнтар абслугоўваньня турыстаў, рэстаран, гатэль, паркінгі. Вуліцы ў ваколіцы музэя названыя ў памяць па ахвярах лягеру: Вязьняў Асьвенціму, Максімільяна Кольбэ (вязень лягеру), Апошняга Этапу, жылое паселішча імя Вітальда Пілецкага (вязень лягеру)
Бабін Яр (Украіна)
Месца масавых расстрэлаў нацыстамі габрэяў, цыганоў, кіеўскіх караімаў, а таксама савецкіх ваеннапалонных. У 1950-ыя гады Бабін Яр быў часткова засыпаны, празь яго прайшлі дзьве магістралі. Улады залілі масавае пахаваньне вадкімі адкідамі суседніх цагляных заводаў, на месцы быў створаны парк. У 70-я гады на месцы могілак былі пабудаваныя 3 корпусы тэлецэнтру. У 2007 годзе ўкраінскі ўрад заявіў пра стварэньне на месцы масавага пахаваньня Дзяржаўнага гісторыка-мэмарыяльнага запаведніка «Бабін Яр».
Сёньня побач зь месцам пахаваньня знаходзіцца праваслаўная царква, вайсковыя могілкі, усталявана каля 20 памятных знакаў.
Побач з паркам знаходзіцца вуліца названая ў гонар Алены Тэлігі, украінскай паэткі, сябра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якую расстралялі ў Бабіным Яры.
Панары (Літва)
Месца масавых расстрэлаў нацыстамі габрэяў Вільні, палякаў, савецкіх ваеннапалонных і ўдзельнікаў супраціву ў лесе каля паселішча Панары ў гады Другой сусьветнай вайны. Сёньня гэтае месца знаходзіцца ў межах Вільні.
Цяпер у Панарах знаходзіцца мэмарыял у гонар загінулых, пастаянная экспазыцыя Габрэйскага музэю.
Румбула (Латвія)
Месца масавага пахаваньня больш за 25 тысяч габрэяў у Румбульскім лесе каля Рыгі ў Латвіі. Доўгі час савецкія ўлады ігнаравалі ўшанаваньне памяці ахвяраў у сувязі з нацыянальнасьцю, каб не падкрэсьліваць той факт, што габрэі пацярпелі больш за іншыя народы СССР.
У 1963 годзе група габрэяў Рыгі ўсталявала невялікі драўляны знак з надпісам: «У гэтым месцы сьціхлі галасы 38 тысячаў габрэяў Рыгі. 29/30 лістапада — 8/9 сьнежня 1941». Гэтую шыльды ўлады загадалі зьняць і толькі пасьля пратэстаў усталявалі знак з надпісам «Ахвярам фашызму, 1941–1944».
У 2002 годзе ў лесе каля Румбулі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё месца памяці, у якім узялі ўдзел прэзыдэнт і прэмʼер Латвіі, прадстаўнікі габрэйскай дыяспары і замежныя дыпляматы.
Катынь (Расея)
Мэмарыяльны комплекс «Катынь» — міжнародны мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсій. На тэрыторыі мэмарыялу разьмешчаныя вайсковыя могілкі, на якіх пахаваныя 4415 польскіх афіцэраў, расстраляныя ўвесну 1940 года супрацоўнікамі НКВД, а таксама каля ахвяры сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў.
Савецкі саюз амаль 50 гадоў адмаўляў датычнасьць да расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні. Напрыканцы 1970-ых на тэрыторыі мэмарыялу былі ўсталяваныя дзьве стэлы з надпісам: «Ахвярам фашызму — польскім афіцэрам, расстраляным гітлераўцамі ў 1941 г.». Пасьля распаду СССР польскія спэцыялісты правялі раскопкі ў Катыні, пасьля чаго пачалося будаўніцтва мэмарыялу. У 2000 годзе адбылося яго ўрачыстае адкрыцьцё. Комплекс стаў філіялам Дзяржаўнага цэнтральнага музэя сучаснай гісторыі Расеі.
Побач з мэмарыяльным комплексам пабудаваная царква, рытуальная пляцоўка, алеі, помнікі, працуе пастаянная музэйная экспазыцыя.