Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што ня варта крыўдаваць абаронцам Курапатаў


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Знаёмы с скрухай заўважыў, што многія «мега-змагары» замест Курапатаў «пайшлі тусіць на “Народны Альбом”». Я кажу, маўляў, «Народны Альбом» — гэта ня проста «тусоўка». Гэта культавы праект са мноствам знакаў і сымбаляў.

Гэта быў самы вялікі па колькасьці гледачоў канцэрт «Народнага Альбому» за ўсе амаль дваццаць гадоў і першы ў Менску за амаль дзесяць гадоў. «Чарга па радасьць», — сказаў я сабе, калі ўбачыў дзьве даўжэзныя калёны людзей у чаканьні ўваходу ў залю. Стаялі і старэйшыя, і малодшыя, якія ніколі ня бачылі «Народны Альбом» жыўцом.

Пра што «Народны Альбом»? Пра час без чужынцаў з усходу. У тэкстах польская ўлада амаль не абазначаная, а прыходы-сыходы «саветаў», наадварот, — акцэнтаваныя.

Гумар і іронія адносна савецкіх пэрсанажаў «Народнага Альбому» сёньня ня столькі сьмешныя, колькі трывожныя. І Юзік, які чакае на рускія танкі, і прыхадні ў нашым мястэчку, і восень, якая пагражае пісталетам.

Абарона Курапатаў — гэта ж пра незавершаны гештальт герояў «Народнага Альбому». Адны недазахапілі Беларусь, іншыя недавызвалілі. Цяпер краіна «напэўна ня тут, дакладна ня там». Курапаты — толькі нагода, каб скіраваць Беларусь да сябе несавецкай, і некаляніяльнай.

«Чалавек з гітарай», «Гэты чалавек з гітарай», «Ну той... чалавек з гітарай». Гэта ўсё пра Андрэя Мельнікава, які прыехаў сьпевам падтрымаць «курапатаўцаў». Калі мне было дваццаць гадоў, я ведаў на памяць не адну зь яго баявітых змагарскіх у простым сэнсе слова песень. Мы зь сябрамі гарлапанілі іх на вулічных акцыях пратэсту ў 1990-я. Пераемнасьці не адбылося: і песьні, і сам Андрэй Мельнікаў новымі дваццацігадовымі адкрываюцца нанова.

Як і для многіх першым стаўся досьвед палітычнай акцыі, увасабленьне ідэі супольнай грамадзкай дзеі супраціву. Супраціву чаму?

Разумееш, — тлумачу знаёмаму, чаму так шмат пайшло на «Народны Альбом», і чаму ня будзе шмат людзей у Курапатах, — пры ўсёй павазе да ініцыятараў і ўдзельнікаў акцыі, у Курапаты багата людзей не прыедзе, бо ўсе разумеюць, што гэта, у першую чаргу, палітычная акцыя пратэсту супраць рэжыму як такога. А шматтысячны мітынг пратэсту супраць улады на ўскрайку спальнага раёну — гэта больш чым дзіўна. Па-другое, ніхто ня ведае рэакцыю ўлады. Падстаўляць свае свабоду і здароўе пад магчымыя рэпрэсіі перад такімі важнымі сацыяльнымі акцыямі «дармаедаў», што наперадзе? Нават прасунутыя актывісты зьберагаюць сілу.

Але самае галоўнае — натхненьне. Хай сабе ўяўнае, але сьвятло ў канцы тунэлю, надзея. Могілкі — веліч, цішыня, роздум, але не натхненьне на сьветлае заўтра. Не чарга па радасьць.

Таму, — кажу знаёмаму, — не крыўдуй. Вы ўжо зрабілі важную справу, прыцягнулі ўвагу і грамадзкасьці, і ўлады. Ужо падключыліся юрысты, пачаліся перамовы з чыноўнікамі. А ўлада нават зрабіла круглы стол на тэму Курапат.

«Ды проста прыйшлі б хоць раз, ды ўсё!» — абураецца знаёмец.

Не, — кажу, — адным не падабаецца, што ладзяцца канцэрты і прэзэнтацыі, там, дзе верагодна пахаваньні ахвяраў. Іншым —што т-шоткі прадаеце з «Курапатамі». Таму масавасьці ня будзе. Гэтым разам.

Грамадзтва пачынае нанова вучыцца хадзіць пасьля шматгадовага вымушанага ляжаньня. Хадзіць разам, узяўшыся за рукі, ідучы ў адным кірунку з адной мэтай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG