Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паэта забіралі з паэтычнага сьвята


Калі сказалі, што Сяргея Жадана забралі сярод ночы і пратрымалі ў міліцыі да раніцы нібы злодзея, што дэпартуюць на невядомы тэрмін з краіны, мяне ледзь не званітавала.

Гэтае пачуцьцё заўсёды, як чорная штармавая хваля, накрывае, калі чытаю пра сталінскія часы, напрыклад. Заўсёды накрывае, калі сыстэма падмінае безабаронную істоту. І доўга пасьля гэтага немагчыма знайсьці месца для спакою і тым больш радасьці.

А так было добра напярэдадні, у першы дзень стральцоўскага фэсту паэзіі. Мы легкадумна балбаталі пра літаратуру. Я кажу:

— Прачытала тваю кніжку адну. Усю дарогу сьмяялася. Гэтыя браткі «Супэрксэраксы», не магу. Дагэтуль сьмяюся, як успомню.

— Гэта ты «Гімн демократичної молоді» чытала. Старая кніга. Цяпер я вясёлага не пішу. З таго часу, як вайна пачалася.

— А якое ты пішаш?

— Хачу напісаць кнігу пра харкаўскі футурызм 20-х гадоў. Гэта быў цэлы пляст культуры, цяпер іх ніхто ня ведае. У сталінскія часы ўсіх зьнішчылі. У мяне і дысэртацыя была на гэтую тэму «Філязоўска-эстэтычныя погляды Міхайлы Сяменкі». Ён быў паэт і заснавальнік украінскага футурызму. Расстраляны ў 37-м.

Сяргей Жадан. Здымак Тані Скарынкінай
Сяргей Жадан. Здымак Тані Скарынкінай

Я потым назаўтра, ужо едучы дамоў, падумала, што Сяргея, як у сталінскія часы, прыйшлі забіраць сярод ночы. Тады заўсёды па ахвяраў прыходзілі ноччу. Я неяк пыталася ў мамы чаму забіралі менавіта ноччу. Бо яна расказвала, што іх сям’я, якая лічылася заможнай у параўнаньні з агульнай беднатой аднавяскоўцаў, была пад асаблівым падазрэньнем. «Мамуся і татусь», мае бабуля і дзядуля, заўсёды ў гэтыя страшныя часы клаліся спаць апранутымі. Каб не засталі іх зьнянацку. Мама адказала: «Каб людзі ня бачылі». Але мне падаецца тут дзейнічаў адпрацаваны элемэнт маральнага падаўленьня асобы. Увасабленьне кашмарнага сну. І тое, што з чалавекам такое можа адбыцца вось тут і зараз не ўкладаецца ў галаве.

Мы, калі Сяргея ўжо адпусьцілі і ён у хуткім часе павінен быў зьехаць згодна штампу аб дэпартацыі, і ўжо пабачыліся зь ім і разьвіталіся, абмяркоўвалі падзею. З паэтамі палілі. Вецер моцны, волкасьць. Няўтульнасьць ў надвор’і, туга ў душы. Кажу:

— Хіба можна паэта ні за што ў міліцыю сярод ночы?

Пачула ў адказ:

— А чалавека хіба можна?

Чалавек-паэт напярэдадні, у дзень адкрыцьця фэстывалю, чытаў вершы з такім запалам, асабліва верш «Пам’яті всіх, кого позбавили права» чытаў з нарастаючым, падаецца, да бясконцасьці рэчытатывам, што хлопец, які сядзеў перада мной, ажно калаціўся. Я бачыла, як дрыжэлі ногі ягоныя. І, канешне, сказала Сяргею Жадану, як дзейнічае на некаторых маладых ягоная паэзія. Сяргей адказаў, што ва Ўкраіне людзі плачуць ад гэтага верша.

Вось гэты верш у перакладзе Андрэя Хадановіча. Пасьля выступленьня, на якім Сяргей чытаў вершы, а пасьля Андрэй іхныя пераклады, папрасіла раздрукаваны аркуш верша, каб мець пры сабе. Зь яго зараз і перадрукоўваю:

Памяці ўсіх, каго пазбавілі права,
памяці ўсіх, што ў сьпісах былі чужымі,
памяці ўсіх, каму жнівень гарэў яскрава,
каму не паставяць помніка пры ніводным рэжыме,

памяці тых, хто за межамі, хто за мяжой закону,
памяці тых, хто гаварыў з зашытымі ратамі,
памяці тых, хто застаўся на лініі абароны,
плывуць нябёсы, плывуць сёньня зранку над гарадамі.

Плывуць над ускраінамі, плывуць над элітным кварталам,
плывуць над домам ураду, плывуць над унівэрсытэтам.
Сонца ў рацэ адлюстроўваецца чырвоным каралам.
пахне мёдам і дымам. пахне скончаным летам.

Пахне полем выпаленай пшаніцы.
Выжыві ў гэтым полымі, юны падранак.
Над тваёй геаграфіяй ніцаю навальніцай
неба плыве — над краінай, дзе кожны ранак

памяці тых, хто сышоў, разраджаюцца тэлефоны,
памяці тых, хто зьнік, працуюць заводы,
памяці тых, каго ўжо няма, пераганяюць вагоны
і жанчыны, кажучы пра дзяцей, выдыхаюць цяпло свабоды.

Памяці тых, хто ўпаў, плывуць грузавыя паромы,
памяці тых, каго не назвалі, падае дождж лагодны,
працуюць нябачныя мэліяратары й аграномы,
працуюць удзень і ўночы, бо неабходна,

каб улетку не перасыхалі рэкі,
каб у сьнежні не заміралі пякарні,
каб у горадзе можна было купіць малако і лекі,
каб не спынялі руху вакзалы й друкарні.

Бо кожнаму трэба радасьці ў яго працы,
бо як жа іначай бязь сілы й пяшчоты ў рытме,
бо памяці тых, хто баіцца, камусь падымацца,
бо памяці тых, хто маўчыць, хтось гаварыцьме.

Дома, пасьля Менску і ўсіх падзей, каб адцягнуцца ад падзей, неяк сам сабой ўключыўся «Бёрдмэн» Алесандра Ін’ярыту. Галоўны герой фільму — актор, і мае здольнасьці птушкі, але вымушаны стрымлівацца, бо нелятучым хіба растлумачыш? Калі скарыстацца ідэяй, як мэтафарай, дык я ўпэўнена: кожны ў сабе, на дне мае нешта фантазёрскае, незвычайнае, яскравае, але часьцяком утойвае, каб не падумалі чаго. Ды ў некаторых яно настолькі моцнае, што не трымаецца ўнутры і прарываецца фантанам, што ўсе бачаць. Гэта, калі талент. На талент зьлятаюцца і прыхільнікі, і цёмныя сілы. Цёмныя сілы ў цёмную ноч запалохаць хацелі сьветлую асобу Сяргея Жадана. А Сяргей толькі пасьміхаўся. Вакол казалі: «Нехта на небе піша яму біяграфію. Такія рэчы толькі славы дадаюць».

Калі так, тады канешне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG