У Беларусі цэнтры часовага ўтрыманьня незаконных мігрантаў будуць створаныя ў Віцебску, Гомлі і Лідзе.
Пра гэта ў інтэрвію БелТА сказаў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Пытаньнямі стварэньня цэнтраў займаецца адмысловая працоўная група, у якую ўваходзяць супрацоўнікі МУС і беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
«Да канца году ім трэба будзе вырашыць шмат арганізацыйных пытаньняў, таму сама рэалізацыя ініцыятывы заплянаваная не раней як на 2018 год, — сказаў міністар. — Цэнтры разьмесьцяцца ў Віцебску, Гомлі і Лідзе на базе наяўнай інфраструктуры органаў унутраных спраў».
Канкрэтныя памяшканьні для цэнтраў ужо падабраныя ўпраўленьнем наглядна-выканаўчай дзейнасьці МУС.
«Каб пазьбегнуць крыватолкаў, яшчэ раз падкрэсьлю: цэнтры будуць прызначаныя выключна для ўтрыманьня замежнікаў, якія чакаюць дэпартацыі, а не для разьмяшчэньня ўцекачоў», — дадаў Ігар Шуневіч.