Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ТБМ падзякавала кіраўнікам прадпрыемстваў за беларускую мову


Лісты падзякі і прапановаўна супрацу
Лісты падзякі і прапановаўна супрацу

Сябры гомельскай суполкі Таварыства беларускай мовы разаслалі ў мінулыя выходныя каля трох дзясяткаў лістоў кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў, мясцовым органам улады, у якіх павіншавалі іх зь міжнародным Днём роднай мовы.

У лістах нагадваецца, што Дзень роднай мовы (International Mother Language Day) абвешчаны Генэральнай канфэрэнцыяй UNESCO у 1999 годзе і адзначаецца штогод 21 лютага ва ўсіх краінах сьвету.

Віншуючы з гэтым сьвятам, актывісты ТБМ пажадалі здароўя, энэргіі, натхненьня ў справе «захаваньня любові да Радзімы, павагі да нашай агульнай спадчыны, найважнейшым элемэнтам якой зьяўляецца родная мова».

Пры гэтым гарадзкая рада ТБМ адзначыла, што гатовая разам рэалізоўваць любыя новыя ініцыятывы дзеля пашырэньня ўжытку беларускай мовы, ад ідэяў да канкрэтнага іх увасабленьня (напрыклад, распрацоўкі беларускамоўнага дызайну і пераклад на беларускую мову атрыбутыкі, элемэнтаў упакоўкі прадукцыі, афармленьня нарматыўнай і дакумэнтальнай базы прадпрыемства, вэрсіі вэб-сайту арганізацыі, тэматычныя слоўнікі і курсы беларускай мовы для персаналу).

Рада гарадзкой суполкі ТБМ
Рада гарадзкой суполкі ТБМ

«Мы выбіралі для віншаваньняў наперш тыя фірмы і арганізацыі, якія парупіліся зрабіць хоць невялікія крокі дзеля пашырэньня ўжытку беларускай мовы, — кажа старшыня рады Гомельскай гарадзкой суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч. — Нават калі напісалі па-беларуску абвестку, што ступенькі на ганку сьлізкія, мы гэта адзначылі, не кажучы ўжо пра адмысловыя шыльды на беларускай мове альбо абвесткі ў гарадзкім транспарце, як гэта зрабілі на шэрагу гарадзкіх маршрутаў аўтобусны парк № 6 ды прадпрыемства «Гарэлектратранспарт».

Сябра рады ТБМ, загадчык кафэдры Тэхнічнага ўнівэрсытэту імя П. Сухога Юры Крышнёў расказаў, што ўвесну гомельская суполка мае зладзіць гарадзкі фэст рэклямных праектаў «Мэдыяпоўня-2017», дзе будуць паказаны самыя розныя прапановы афармленьня па-беларуску інтэр’ераў, шыльдаў, білбордаў.

«Будзе вельмі прыемна, калі ваша арганізацыя далучыцца да фэсту як заказчык», — падсумоўвалася ў віншавальным лісьце.

У канцы ўрачыстага ўшанаваньня роднай мовы сябры ТБМ зладзілі віктарыну пра мову і гісторыю Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG