Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы напаготове». Ноч у лягеры абаронцаў Курапатаў


Карэспандэнт Свабоды правёў ноч з абаронцамі Курапатаў.

Сёмая ноч у лягеры абаронцаў Курапатаў прайшла спакойна, без інцыдэнтаў. Надвор’е было вільготным, толькі пад раніцу перастаў церусіць дождж. Ля бочак з агнём начавалі па два дзясяткі чалавек, пераважна моладзь. Яшчэ зь дзясятак разьмясьціліся ў намётах.

«Ціхая, спакойная ноч. Ніякіх праблемаў і правакацыяў не было. Холадна, мокра, як і ў мінулыя ночы», — казаў а 6-й раніцы пра сытуацыю ў лягеры абаронцаў Курапатаў яго старажыл Зьміцер.

«Пасьля ночы, калі на нас напалі невядомыя, правакацыяў чакаем, — дадаў ён, — але спадзяёмся на лепшае. Цяпер мы напагатове...».

За ўваходамі ў лягер назіралі вартавыя. Час ад часу па баках глядзелі і тыя, хто быў у лягеры ля «бочак годнасьці». За самім лягерам з адлегласьці назіралі двое мужчынаў у цывільным. Яны пэрыядычна садзіліся ў машыну пагрэцца.

І ўначы ёсьць ахвотныя пачытаць пра гісторыю Курапатаў
І ўначы ёсьць ахвотныя пачытаць пра гісторыю Курапатаў

«Шчыра кажучы, напружанасьці не адчуваю. Звычайная атмасфэра, галоўнае ня спаць у шапку», — казаў адзін з вартавых лягеру, які назваўся Зьмітром. Ягоны пост выстаўлены акурат ля машыны з таямнічымі мужчынамі.

«Тое, што побач знаходзяцца супрацоўнікі апэратыўных органаў, дык да гэтага трэба было даўно прызвычаіцца, асабліва ў нашай краіне і пагатоў на такіх акцыях, — працягваў Зьміцер. — Нельга сказаць, што мы супакоіліся, бо выстаўляем жа патрулі. Але адчуваньне такое, што наўрад ці тыя людзі, якія ўчынілі напад на лягер, наважацца яго паўтарыць. Яны ж таксама мусяць зразумець, што цяпер тут нямала людзей, ды і пільнасьць наша на належным узроўні».

Да трох гадзінаў ночы ў лягер на машынах падвозілі дровы. Забясьпечвалі абаронцаў Курапатаў і ежаю. Несьлі сваё хатняе. Жыхарка Менску з сынам апоўначы прывезла вялікі рандаль капусты. Пах улюблёнай стравы беларусаў разышоўся па лягеры, і ахвотных пакаштаваць яе шукаць не даводзілася. Капусту, прызналася Ганна, згатавала яе маці.

«Мама ведала, куды я еду. Гэта ейны ўнёсак у падтрымку абаронцаў Курапатаў. Нам таксама баліць сэрца за гэтую мясьціну, як і іншым. За нашу капусту нам дужа дзякуюць. Кажуць, смачная», — казала Ганна, не перастаючы разьліваць суп.

Песьня — традыцыйны спосаб узьняць настрой
Песьня — традыцыйны спосаб узьняць настрой

Ля вогнішча ў бочках абаронцы Курапатаў бавілі час у гутарках. Абмяркоўвалі палітычную сытуацыю ў Беларусі, пэрспэктывы яе зьмены. Гаварылі пра культуру, музыку. Ахвотныя бралі гітару і сьпявалі грамадзе.

«Традыцыйны спосаб узьняць баявы дух — гэта песьні, а пагатоў тыя, якія вялі нас на маўклівыя пратэсты. Дык чаму іх не сьпяваць? Песьня — гэта заўжды добра», — казала маладая жанчына, якая назвалася Аленай.

«Добрага настрою не бывае зашмат. А наагул тут сабраліся людзі, якія ведаюць, дзеля чаго сюды прыйшлі, — дадала Алена. — Ведаюць яны і тое, што тут можа нас чакаць. Гэта сьвядомы выбар кожнага, хто тут. Музыка — гэта мой спосаб падтрымаць тых, хто сюды прыйшоў».

Наста — адказная за гаспадарчае жыцьцё лягеру
Наста — адказная за гаспадарчае жыцьцё лягеру

Наста адказвае за гаспадарчую частку намётавага мястэчка. Дзяўчына завіхаецца ля сталоў зь ежаю. Пастаянна прапаноўвае нешта пакаштаваць.

«У дзьве гадзіны ночы мне думаецца, што трэба выпіць лекі, каб не захварэць. А другое думаецца, дзе набрацца сілаў, каб абараніць гэтыя сьвятыя мясьціны ад будаўнікоў. Стараюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб даць сілы і ўсім прысутным тут», — апавядала пра свой клопат Наста.

Ня проста ноч вартаваць
Ня проста ноч вартаваць

«Буду старацца ўгаварыць як мага болей людзей у лягеры, каб яны крыху паспалі, каб ранкам яны былі ў поўнай баявой гатоўнасьці, — працягвала дзяўчына. — З ранку прыйдуць рабочыя, і трэба перашкаджаць ім працаваць. Што канкрэтна нам давядзецца рабіць, мы ня ведаем. Гатовыя да ўсяго. Чакаем ранку. Вы ж бачыце, усе ў лягеры бадзёрыя: відаць, „бочкі годнасьці“ ўмацоўваюць наш дух».

Да трох гадзінаў знаходзіўся ў лягеры і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ля вогнішча партыец сьпяваў беларускія і ўкраінскія песьні. А палове на восьмую на будаўнічую пляцоўку пачалі прыходзіць рабочыя. Жыцьцё ў лягеры ажывілася.

Прыйшлі будаўнікі. Абаронцы Курапатаў пікетуюць будаўнічую пляцоўку
Прыйшлі будаўнікі. Абаронцы Курапатаў пікетуюць будаўнічую пляцоўку

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG