Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму арэхі кожны дзень — гэта добра


Сёньня пагутарым пра карысьць арэхаў. Дарэчы, у Нідэрляндах, дзе я жыву, штодзённае спажываньне арэхаў ёсьць важным пунктам у афіцыйных рэкамэндацыях што да правільнага харчаваньня.

Арэхі растуць на дрэвах. У жорсткай, драўнянай абалонцы сядзіць, звычайна, адзін арэх. Сярод часта спажываных арэхаў — міндаль, кеш’ю, бразыльскія арэхі, фундук, арэхі макадаміі, арэхі пекан, фісташкі і грэцкія арэхі. Арахіс — гэта не арэх, а бабовая культура.

Арэхі бываюць сырыя (неапрацаваныя), смажаныя і смажаныя з алеем. Неапрацаваныя арэхі ўтрымліваюць толькі свае ўласныя пажыўныя рэчывы. Смажаныя на алеі арэхі апрацоўваюцца пры высокай тэмпэратуры, гэтыя арэхі ўтрымліваюць менш вітамінаў і мінэралаў, чым сырыя, але не нашмат. Паколькі арэхі ўтрымліваюць багата здаровага ненасычанага тлушчу, яны, практычна, ня ўсмоктваюць алей, на якім іх смажаць. Таму смажаныя арэхі маюць прыкладна столькі ж тлушчу, як і сырыя. Арэхі могуць абпальваць сухім паветрам, гэта значыць што ў гэтым выпадку алей не выкарыстоўваецца.

Арэхі падаўжаюць жыцьцё

Паводле дадзеных навуковых дасьледаваньняў, асобы, якія зьядаюць невялікую жменю (прыкладна 30 г) арэхаў сем разоў ці больш на тыдзень, маюць на 20 адсоткаў менш шанцаў памерці зь нейкай прычыны ў параўнаньні з тымі, хто пазьбягае арэхаў. Да таго ж, ужываньне ў ежу арэхаў прынамсі пяць разоў на тыдзень зьвязана з памяншэньнем рызыкі сьмяротнасьці ад сардэчна-судзiнных хваробаў амаль на 30 адсоткаў, а сьмяротнасьці ад раку — на 11 адсоткаў.

Арэхі — крыніца тлустых кіслот

Перш за ўсе, арэхі адметныя ўтрыманьнем вельмі высокай колькасьці тлустых кіслот Амэга-3 і Амэга-6. Напрыклад, 100 грамаў грэцкіх арэхаў утрымліваюць 7.5 г альфа-ліналенавай кіслаты (АЛК). АЛК — гэта першасная тлустая кіслата сямейства Амэга-3. Жанчынам для аптымальнага здароўя неабходныя прыкладна 2 грамы гэтай кіслаты на дзень, мужчынам — 3 грамы. Тыя ж 100 г грэцкіх арэхаў утрымліваюць 37 г лінолевай кіслаты сямейства Амэга-6. Патрэба дарослага чалавека ў лінолевай кіслаце ў сярэднім 6,5 грамаў на дзень. Лічыце самі!

Крыніца вітамінаў і мінэралаў

Арэхі ўтрымліваюць важныя вітаміны і мінэралы, такія як вітамін В1, вітамін Е, жалеза, марганец, сэлен. Дэфіцыт вітаміну Е зьвязаны з падвышанай рызыкай інфэкцый, анэміяй, адставаньнем у росьце, неспрыяльным зыходам цяжарнасьці як для дзіцяці, так і для маці. Асабліва багаты на вітамін Е мiндаль: 2 сталовыя лыжкі міндалю ўтрымлiваюць 35 % сутачнай нормы гэтага вітаміну. Што датычыцца сэлену, дык бразыльскія арэхі — самая багатая харчовая крыніца сэлену на зямлі. Функцыі сэлену шматстайныя. Так, ён спрыяе падтрыманьню ў нармальным стане валасоў і пазногцяў, абараняе клеткі ад акісьляльнага стрэсу, спрыяе нармальнай працы імуннай сыстэмы і вытворчасьці спэрмы, уносіць істотны ўклад у нармальную працу шчытападобнай залозы. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) рэкамэндуе сутачную дозу спажываньня сэлену ў дыяпазоне 55-70 мкг. Усяго толькі адзін бразыльскі арэх зьмяшчае каля 100 мкг сэлену!

Здароўе сэрца

Існуюць пераканаўчыя доказы таго, што спажываньне несалёных арэхаў абараняе ад сардэчна-судзінных хваробаў. Штодзённае ўжываньне несалёных арэхаў, падаецца, зьвязана з прыкладна на 30% ніжэйшай рызыкай некаторых захворваньняў сэрца. Ужываньне ў ежу несалёных арэхаў таксама спрыяе зьніжэньню ўзроўня «шкоднага» халестэрыну. Шмат гэтага халестэрыну шкодна для крывяносных судзінаў. Гэты станоўчы эфэкт арэхаў, верагодна, зьвязаны зь вялікай колькасьцю ненасычаных тлушчаў у арэхах. Але, магчыма, што і іншыя рэчывы ў арэхах адказваюць за станоўчыя эфэкты.

Навукова даказана, што грэцкія арэхі спрыяюць паляпшэньню элястычнасьці крывяносных судзінаў. Каб атрымаць гэты станоўчы эфэкт, неабходна зьядаць хоць бы 30 грамаў грэцкіх арэхаў у дзень. 30 грамаў — гэта невялічкая жменька.

Да ўвагі

Захоўвайце арэхі ў добра закрытым посудзе ў сухім месцы, бо яны адчувальныя да цьвілі http://www.svaboda.org/a/27282058.html . Лепш за ўсё трымаць іх у прахалодзе, пры тэмпэратуры ад 10 да 15°С.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG