Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралева правінцыі сьвятога Францішка


Данута Бічэль і Дар'я Ліс
Данута Бічэль і Дар'я Ліс

Дар'я Ліс расказвае пра гарадзенскую паэтку Дануту Бічэль

Дар’я Ліс

Цень Марачоўшчынскай сьведкі-таполі

ценем Касьцюшкі вандруе па полі.

На ўсходзе сонца лагодна пакратае

прытулак сноў спрадвечных у Кракаве.

Перад заходам ціхенька ўзьлезе

на дольны камень амшэлы ў Залесьсі...

Так атрымалася, што Данута Бічэль думала ды пісала пра Залесьсе (і валун з надпісам «Ценям Касьцюшкі») яшчэ ў 1979 годзе, за два гады да майго нараджэньня. І так атрымалася, што халодным і марозным сьнежаньскім днём ужо 2008 году яна не збаялася прыехаць аж з Горадні на Смаргоншчыну, на прэзэнтацыю маёй першай кнігі «Вясновы джаз». З таго часу маю гонар і радасьць сябраваць з клясыкам нашай літаратуры...

Праўда, тэлефануючы Дануце Янаўне ці то ў дождж, ці то ў сонца, у добрым настроі ці ня вельмі, пра клясыкаў і сучасьнікаў не задумваюся: размаўляю з таленавітым і неабыякавым чалавекам, зь незвычайным чалавекам, якому цікавае ўсё — літаратура, музыка, палітыка, інтэрнэт... Зь немаладой ужо жанчынай, якая не чакае дапамогі для сябе самой, але нястомна апякуецца хворымі людзьмі, клапоціцца пра жывёл, сябруе зь неардынарнай моладзьдзю... І час ад часу засьмяецца і пажартуе так, што ого-го! Слухае незалежнае радыё ў сваёй кватэры на горцы і ходзіць у касьцёл вулачкамі старажытнага места, якое стала другім домам — другім пасьля Біскупцаў і Загасьцінца, адкуль усё пачыналася.

Менавіта там — сярод зёлак і кветак — нарадзіліся першыя вершы, любоў да Беларусі і разуменьне яе як дому, сям’і, талакі і сябрыны. Ідэалізаванае разуменьне, разуменьне многіх жыхароў заходняй Беларусі — той вясковай Беларусі, шчырай і шчодрай, добрай і даверлівай. Краіны, якая жыла па сваіх законах і мела свой космас. Краіны, якая зьнікала пад націскам зусім іншых каштоўнасьцяў. Зьнікала, быццам Атлянтыда ці Сармацкае мора на Палесьсі. Зьнікала, спрабуючы застацца, утрымацца хоць у чымсьці, у кімсьці з гэтых дзіўных людзей на памежжы цывілізацый. Ужо пазьней, у прозе, Данута Бічэль напіша: «Беларусь — гэта хата, пабудаваная майстрамі-самавукамі на чыстым месцы, яна мае несьмяротную душу і жывое дыханьне... воля — у сьветлым квадраце хаты, якую пабудавалі бацька зь дзедам...»

«Выбраныя творы» Дануты Бічэль выйшлі напрыканцы мінулага году ў сэрыі «Беларускі кнігазбор». Салідны том у цьвёрдай вокладцы і зь невялікім накладам, які зьмяшчае паэзію, пераклады, лісты і эсэі-згадкі «Пра тых, каго ведаю і люблю». Сама Данута Янаўна спадзяецца, што кніга застанецца нашчадкам насуперак накладу і кажа: «Усёй праўды жыцьця ў ёй няма, бо ў жыцьці зашмат смутку». Літаратарка ў вершах і ў прозе шукае сьвятло, шукае Бога, хоць вершы яе нельга назваць выключна «касьцельнай» паэзіяй: «Ойча наш» — малітва ўсіх хрысьціян, а ікона «Маці Божай Вастрабрамскай» ёсьць і ў каталікоў, і ў праваслаўных, якім на гэтым кавалачку зямлі заўжды не хапала адзінства, але гэта ўжо хутчэй пытаньні палітыкі — ня веры...

Харошая апавядальніца, Данута Бічэль дакладна ведае: «...правінцыя там, дзе няма духоўнага жыцьця, дзе няма волі...» І працягвае ісьці з адкрытай душой да людзей — дарогамі старога места на захадзе Беларусі, кажучы ім пра Францішка з Асізі, Яна Твардоўскага ці Міраслава Качмарэка... Нагадваючы пра Зоську Верас, сям’ю Геніюшаў, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Ніну Мацяш. Пэрсаналізаваныя, пражытыя і перажытыя гісторыі жыцьця нашых клясыкаў і сучасьнікаў, шчырасьць і гумар — тое, чаго вельмі не хапае беларускай літаратуры — не хапае такіх важных жыцьцёвых дробязяў, атмасфэры, утульнасьці... Часам яе эсэі пераўтвараюцца ў дзёньнікі.

Данута Бічэль і Васіль Быкаў
Данута Бічэль і Васіль Быкаў

Данута Янаўна пазнаёмілася з Ларысай Геніюш на канцэрце гурту «Лявоны» ў Горадні, а ўжо потым, на «Волзе» абкаму партыі, разам з Карпюком і Быкавым яны паехалі да Геніюшаў у Зэльву. І пакуль Карпюк таемна размаўляў з Ларысай Антонаўнай пра савецкае грамадзянства (улады прымушалі Геніюшаў яго прыняць), а Быкаў з Іванам Пятровічам — пра сусьветную літаратуру, Данута Янаўна сядзела на ўслончыку пры печы і назірала за гаспадыняй, за тым, як тая шчыра рада гасьцям і шчодра частуе іх хатнімі прысмакамі, як засьцілае стол прыгожым абрусам... Потым яны пачалі ліставацца, пасябравалі... Данута Янаўна перадавала Ларысе Антонаўне і яе таварышам па няшчасьці, па лягеры, патрэбныя і дэфіцытныя лекі, набытыя, дзякуючы зямлячцы — загадчыцы аптэкі Марыі Рудзь...

А Ніна Мацяш? Гэта асобная гісторыя знаёмства і сяброўства. Чарговы пісьменьніцкі зьезд, халодная зіма 1961 году, Дом адпачынку ў Каралішчавічах. Халоднае (але прыгожае!) трыкатажнае паліто. Янка Брыль з доўгімі размовамі. Сьнег... І тут хлопцы-пісьменьнікі нясуць на руках прыгожую дзяўчыну — Ніну Мацяш. Цяжка ўявіць, як яна перамяшчалася ў прасторы па той краіне, дзе людзей з інваліднасьцю не было па змоўчаньні. Выкладала ў мясцовым каледжы, езьдзіла на пісьменьніцкія зьезды — як? Дзякуючы сяброўкам Галіне Скарына і Марыі Новік, а гаючыя сэансы масажу ў сваёй кватэры для яе арганізоўвала Данута Бічэль...

Памерці, у галечы жыць —

больш не баюся анічога...

Іду сьцяжынаю да Бога...

Срабрысты месячык дрыжыць...

На самым ускрайку нашай шэрай супярэчлівай краіны жыве пісьменьніца, якая моліцца за тых, каго любіць, паважае, шкадуе — за жывых і ўжо памерлых. Слухае сучасную музыку. П’е каву. Зусім не займаецца сваім здароўем і ўжо не спадзяецца пахадзіць вулачкамі Вільні ці якогасьці прыморскага гарадка, бо на гэта няма ні часу, ні грошай, ні магчымасьцяў... А шкада, бо калі б хто захапіў з сабой спадарыню Дануту (не на закупы, а для больш зьмястоўнай і нефармальнай вандроўкі), то меў бы цудоўнага і цікавага суразмоўцу!

Яна — у нашым сьвеце і часе. Побач — сябры-каты. Ноўтбук, які падарыў унук з далёкай Амэрыкі. Побач Гародня — свая і чужая. Правінцыя сьвятога Францішка — зусім не правінцыя насамрэч, бо наш сьвет — наш выбар.

Анёлы Гародні

Сяджу перад Фарным касьцёлам

пры Богу на лаўцы.

Гародня віруе наўкола

на пляцы...

Стараецца час незваротны,

яму не належаць

анёлы спрадвечнай Гародні

на вежах...

І выгнаны з дому сабачка,

і люд гэты просты...

І я, і пад крыжам жабрачка —

мы сёстры...

Але прыбядняцца чаго там!

Мая гэта лаўка.

Гучыць ува мне боская нота

І ласка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG