Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядаюць беларускія могілкі пад зямлёю?


Склепы на цьвінтары касьцёла ў Шарашове
Склепы на цьвінтары касьцёла ў Шарашове

На старых беларускіх могілках можна ўбачыць шмат цікавых надмагільляў — і ажурныя літыя крыжы, і скульптуры анёлаў, і высокія абэліскі ды калёны. А на некаторых вясковых могілках нават захаваліся старыя драўляныя помнікі — крыжы і нарубы. Але як у кожнага дрэва, акрамя ствала і кроны, ёсьць яшчэ і карані, гэтак і магілы пад зямлёю маюць ня толькі спарахнелыя парэшткі нябожчыка. А што яшчэ? З кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым мы паспрабуем зазірнуць пад паверхню старых могілак і зразумець, як беларускія могілкі выглядаюць пад зямлёю.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, давайце адкінем на гэтыя 15 хвілінаў страх. Уявім сабе, што мы раскапалі амаль што цалкам і на немалую глыбіню старыя могілкі. Што б мы там убачылі? Як выглядае «адваротны», той бок могілак, што схаваны ад вачэй?

Сяргей Грунтоў: Апісаць гэта на словах і ўявіць — справа не такая і простая, але можна паспрабаваць. Па-першае, варта сказаць, што любыя старыя могілкі — шматслойныя. Гэта азначае, што пахаваньні на іх ідуць у некалькі ўзроўняў. Зьвязана гэта з тым, што яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі большасьць надмагільляў нават на гарадзкіх могілках былі драўляныя. Калі зь цягам часу яны руйнаваліся, на іх месцы рабілі новыя пахаваньні. Таму параўнальна невялікай тэрыторыі могілак хапала для ўсёй супольнасьці: яны расьлі не ў шырыню, а ў глыбіню.

Сяргей Грунтоў
Сяргей Грунтоў

Ракіцкі: Гэта азначае, што калі мы зазірнем пад паверхню могілак, то ўбачым там труны і шкілеты ў некалькі слаёў?

Грунтоў: Не зусім так. У большасьці выпадкаў ад звычайных пахаваньняў застаецца ня так і шмат, часам толькі фрагмэнты костак. Драўляныя труны таксама захоўваюцца дрэнна ў зямлі. Таму больш правільна будзе ўявіць мешаніну зямлі, костак і фрагмэнтаў дамавінаў, сярод якіх знаходзяцца пазьнейшыя пахаваньні, якія лепш захаваліся. Такімі можна ўявіць вясковыя могілкі, цьвінтары храмаў, пабудаваных у часы Вялікага Княства Літоўскага, тыя часткі гарадзкіх нэкропаляў, дзе няма пазьнейшых родавых склепаў і асобных пахаваньняў. Мы добра ведаем з этнаграфічных запісаў, што раней, капаючы магілы на вясковых могілках, далакопы нярэдка сутыкаліся з ранейшымі пахаваньнямі, зазіраючы не як мы, уяўна, а цалкам рэальна ў падзямельны сьвет могілак.

Магілёў, каталіцкія могілкі, склеп Цеханавецкіх
Магілёў, каталіцкія могілкі, склеп Цеханавецкіх

Ракіцкі: А як да гэтага ставіліся? Усё ж гэта турбаваньне чыіхсьці парэшткаў...

Грунтоў: Досыць спакойна. У такой сытуацыі ня бачылі дрэннага знаку, у магілу кідалі манэтку на водкуп месца, а знойдзены чэрап ці іншую костку закопвалі з новым пахаваньнем. Знаходзілі, дарэчы ня толькі косткі, але і рэчы. Да прыкладу, бутэлькі гарэлкі, якія раней прынята было класьці ў труну аматарам выпіць. Такія бутэлькі называліся «чорнымі», і лічылася, што калі вып’еш тую гарэлку, дык атруцісься. Але спакуса часта была мацнейшая. Нярэдка такое паслойнае зьмешваньне пахаваньняў закранала і вельмі старыя археалягічныя слаі з зусім іншых культураў. Гэта адбывалася ў тых выпадках, калі пазьнейшыя могілкі разьмяшчалі над старажытнымі курганамі ці могільнікамі.

Ракіцкі: Выходзіць, зазірнуўшы пад паверхню могілак, можна часам убачыць не адно тысячагодзьдзе гісторыі?

Грунтоў: Менавіта так. Знайсьці археалягічны помнік на могілках ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя — зусім ня рэдкасьць. Цікава, што сяляне ўсьведамлялі, што яны судакранаюцца зь іншай культурай і часам. Захавалася не адно апавяданьне пра тое, як на такіх могілках выкопвалі гіганцкія косткі «даўнейшых» людзей, што з гледзішча чалавека традыцыйнай культуры пацьвярджала існаваньне веліканаў-волатаў у старажытнасьці.

Клюшчаны, капліца-пахавальня Сволькеняў
Клюшчаны, капліца-пахавальня Сволькеняў

Ракіцкі: А ці адрозьніваецца падземны сьвет гарадзкіх і вясковых могілак?

Грунтоў: Безумоўна. Справа ў тым, што ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя вельмі пашыранай практыкай было пахаваньне ў склепах. Пры гэтым ня толькі ў вялікіх падземных збудаваньнях, разьлічаных на пахаваньне цэлай сям’і, але таксама ў маленькіх цагляных камэрах, якія прадугледжвалі разьмяшчэньне адной труны. Апошняя форма пахаваньня была надзвычай папулярная, фактычна яна ўяўляла сабою мураваную магілу, якая не засыпалася зямлёю, а закладвалася зьверху цэглай. З-над зямлі такое пахаваньне часта не пазнаць, не адрозьніць ад звычайнага: над ім можа стаяць просты камень ці каваны крыж. Фактычна, цэнтральныя часткі старых могілак у беларускіх гарадах нечым нагадваюць соты. Над зямлёю мы бачым помнікі, а пад імі — поласьці склепаў. На каталіцкіх могілках такія пахаваньні могуць складаць палову і больш ад агульнай колькасьці.

Ракіцкі: Ці можна сказаць, што гэта такі спэцыфічны фэномэн гарадзкой культуры — прыхільнасьць да склепавых пахаваньняў?

Грунтоў: Справа тут ня толькі ў гарадзкой культуры. Большасьць прадстаўнічых пахаваньняў, асабліва на могілках невялікіх гарадоў і мястэчак, належала шляхце з навакольных маёнткаў, для якой гэта былі парафіяльныя могілкі. Мяшчане аж да пачатку ХХ стагодзьдзя ставілі менш рэпрэзэнтатыўныя помнікі, і ў параўнаньні са шляхецкімі пахаваньнямі іх захавалася зусім няшмат. Акрамя таго, такія склепы — і сямейныя, і індывідуальныя — сустракаюцца ў пахаваньнях па-за межамі гарадоў і мястэчак, часьцей — на родавых могілках пры маёнтках, але нярэдка і на вясковых могілках.

Замураваны ўваход у крыпту ў капліцы-пахавальні ў Вялікай Ліпе Нясьвіскага раёну
Замураваны ўваход у крыпту ў капліцы-пахавальні ў Вялікай Ліпе Нясьвіскага раёну

Ракіцкі: У якой ступені такая форма пахаваньня была ўласьцівая для праваслаўных? Ці можна яе назваць пераважна каталіцкім фэномэнам?

Грунтоў: У меншай ступені, таксама як і пабудова капліцаў-пахавальняў, але выключна каталіцкім фэномэнам гэтыя склепы назваць нельга. Яны сустракаюцца і на праваслаўных могілках. Прывяду дзеля прыкладу пахаваньне праваслаўнага сьвятара зь вёскі Сухопаль Пружанскага павету. Айцец Аляксандар Ражановіч трагічна загінуў 7 сьнежня 1900 году. У гэты дзень ён правёў пахаваньне сястры ўласнай жонкі, пасьля чаго ў яго доме спраўлялі памінкі. Калі практычна ўсе госьці разышліся, невядомы праз вакно стрэліў у сьвятара і сьмяротна параніў яго. Праз год забойства заставалася не раскрытым, а ў памяць сьвятара выдалі брашуру. У ёй вельмі падрабязна апісваецца пахаваньне, у тым ліку апусканьне труны ў зямлю:

«Труна, пастаўленая на брусы, плаўна ўкацілася пад скляпеньні цёмнага склепу і... пасыпаўся жоўты пясок, глуха грукаючы аб сьвежа змураваную цагляную сьцяну».

Як бачым, такая форма пахаваньня была прыймальная нават для праваслаўнага сьвятара. Аднак па самой магіле сёньня пра наяўнасьць склепу пад помнікам здагадацца немагчыма.

Кашубінцы, помнік над склепам сям'і Выганоўскіх
Кашубінцы, помнік над склепам сям'і Выганоўскіх

Ракіцкі: Сяргей, як я зразумеў, звычайны склеп — гэта проста замураваная цагляная камэра пад зямлёю. А што з большымі, сямейнымі склепамі? Ці мелі яны адмысловы ўваход, унутранае аздабленьне? Ці прадугледжвалася магчымасьць наведваць іх?

Грунтоў: Сямейны склеп трэба было адчыняць не адзін раз, таму ў ім быў адмысловы ўваход. Даволі часта ён замыкаўся вялікай каменнай плітою. У вялікі склеп унутр маглі весьці сходы, па якіх заносілася труна. Такія склепы найбольш пазнавальныя на могілках, часта іх аб’ём крыху прыўзьняты над зямлёю. У іншых выпадках уваход рабіўся ня зьверху, а збоку. Часам ён таксама закрываўся плітою, часам — замуроўваўся цэглай і засыпаўся зямлёю. Пры патрэбе такую муроўку разьбіралі і заносілі ўнутр новую труну. Склепы не прадугледжвалі магчымасьці проста наведваць іх, адрозна ад крыптаў касьцёлаў ці родавых капліцаў.

Ракіцкі: Значыць, і ніякага дэкору ўнутры склепа ня мела сэнсу рабіць, бо ніхто ж яго ня ўбачыць?

Грунтоў: У большасьці выпадкаў так. Звычайна склеп — гэта функцыянальнае цаглянае ці бэтоннае памяшканьне. Аднак ёсьць і арыгінальныя выключэньні. Да прыкладу, на каталіцкіх могілках у Кашубінцах каля Скідэля ёсьць вельмі цікавы склеп сям’і Выганоўскіх, пабудаваны на пачатку ХХ стагодзьдзя. Зь пярэдняга боку ён цалкам схаваны пад зямлёю, а над ім пастаўлена высокая нэагатычная стэла. Адваротны бок выходзіць да стромкага схілу над ракою Котрай. Тут склеп заўважна выступае над зямлёю, уваход у яго замыкаецца дзьвюхстворкавымі мэталічнымі дзьвярыма. Што ж унутры? Памяшканьне для пастаноўкі трунаў пабудаванае ў форме роўнабаковага крыжа, а на сьценах з цэглы ў поўную вышыню выкладзеныя лацінскія манаграмы Хрыста і Марыі. Такі склеп павінен быў выглядаць прадстаўніча нават у тых рэдкіх выпадках, калі яго адчынялі, каб паставіць новыя труны.

Кашубінцы. Унутры крыпты сям'і Выганоўскіх
Кашубінцы. Унутры крыпты сям'і Выганоўскіх

Ракіцкі: Са сказанага можна зразумець, што склепы забясьпечвалі добрае захаваньне парэшткаў, усё роўна як у крыпце храму, дзе яны не разбураліся так, як у зямлі. А як выглядалі саркафагі і труны, у якіх хавалі шляхту ў такіх склепах?

Грунтоў: Склепавая сыстэма пахаваньня патрабавала спэцыфічнага выкарыстаньня трунаў. Звычайна выкарыстоўваліся мэталічныя труны, яны шчыльна і, па магчымасьці, гермэтычна зачыняліся. Гэта рабілася дзеля таго, каб не атручваць паветра ў склепе, бо наступнае пахаваньне ў ХІХ стагодзьдзі зь яго высокай, асабліва дзіцячай, сьмяротнасьцю магло адбыцца ў любы час. Зьнешні выгляд мэталічных трунаў быў даволі кансэрватыўны і паўтараў узоры з эпохі барока. У дэкоры нярэдка выкарыстоўваліся бронзавыя элемэнты — дэкаратыўныя накладкі, нарожнікі, ножкі. Часам саркафаг быў падвойны, тады мэталічная труна ставілася ўсярэдзіну драўлянай. Такая практыка была добра вядомая ў часы Вялікага Княства Літоўскага і яшчэ сёньня выкарыстоўваецца ў статусных пахаваньнях. Так, да прыкладу, Ян Павал ІІ спачывае адразу ў трох трунах.

Ракіцкі: Раз ужо мы ўзяліся зазіраць у схаваную ад вачэй частку могілак, дык ці нельга даведацца яшчэ і пра тое, як выглядаюць унутры саркафагі з парэшткамі беларускай шляхты? Наколькі добра яны захаваліся?

Грунтоў: Сыстэма пахаваньняў у гермэтычных мэталічных трунах прыводзіла да таго, што ў іх адбывалася муміфікацыя парэшткаў. Адпаведна, захаванасьць цела, а таксама адзеньня і артэфактаў у такіх пахаваньнях даволі высокая. Параўнальна добра захоўваюцца і прадметы, якія клалі ў труну да нябожчыка — абразкі, крыжыкі, скруткі з рэлігійнымі тэкстамі. Насуперак папулярным мітам, ніякіх скарбаў ці каштоўнасьцяў нябожчыку ў труну ня клалі, бо, па-першае, гэтага не прадугледжвала традыцыя, а па-другое, рабаваньня магілаў баяліся ўжо ў ХІХ стагодзьдзі, на вялікіх могілках трымалі вартаўнікоў.

Пінск, у разрабаванай крыпце
Пінск, у разрабаванай крыпце

Ракіцкі: А ў якой ступені такія крыптавыя пахаваньні на сёньняшні дзень разрабаваныя? Бо, як я разумею, даведацца пра тое, як выглядае крыпта і тое, што ў ёй, пераважна магчыма тады, калі яе перад тым хто злачынна адчыніў.

Грунтоў: Рабаваньне было сапраўднай чумой беларускіх могілак ХХ стагодзьдзя, менавіта таму мы добра ведаем унутранае ўладкаваньне крыптаў. Думаю, што непашкоджаныя крыпты на сёньняшні дзень складаюць меншасьць. Памылкова думаць, што гэта выключна праблема савецкага пэрыяду — разрабаваньні працягваюцца і да цяперашняга дня, пры тым, большасьць зь іх ніяк не фіксуюцца. Трэба ўлічваць і тое, што ня ўсе разбурэньні зробленыя чалавекам, нярэдка правалы ў крыптах адбываюцца з натуральных прычын, пад узьдзеяньнем вільгаці і ад старэньня муроўкі.

Ракіцкі: Такім чынам, мы павінны ўявіць сабе не акуратныя падземныя крыпты-«соты» з трунамі і нябожчыкамі, а безьліч разрабаваных крыптаў з раскіданымі косткамі і разьбітымі дамавінамі? Такі малюнак старых беларускіх могілак будзе найбольш праўдзівым?

Грунтоў: На жаль, так. Нават сама практыка рабаваньня ўплывае на магчымасьці рэканструкцыі пахаваньняў. Да прыкладу, у мэталічных трунах звычайна праломваюць ці праразаюць адтуліну, таму асноўная частка і форма добра захоўваюцца. Наступствы рабаваньняў дазваляюць нам вэрыфікаваць тыя ці іншыя пахавальныя традыцыі. Да прыкладу, паводле расповеду жыхароў мястэчка Клюшчаны на Астравеччыне, калі ў канцы 1940-х гадоў салдаты-памежнікі, якія займаліся тут дэмаркацыяй мяжы, разрабавалі крыпту пад капліцай-пахавальняй Сволькеняў, муміфікаваныя парэшткі павыцягвалі і папрывязвалі дротам да дрэваў уздоўж дарогі. Амаль год вяскоўцы баяліся па ёй хадзіць. Асабліва ўзгадваюць пра тое, што адна з муміяў была ў вясельнай сукенцы, што служыць ілюстрацыяй вядомай традыцыі хаваць незамужніх дзяўчат у падвянечным строі. У іншых выпадках у склепах сустракаюцца мэталічныя вянкі, якія клалі на труну пры пахаваньні. Але ў пісьмовых крыніцах гэты звычай згадваецца вельмі рэдка.

Клюшчаны. Разрабаваная труна ў капліцы-пахавальні Сволькеняў
Клюшчаны. Разрабаваная труна ў капліцы-пахавальні Сволькеняў

Ракіцкі: А што з пахаваньнямі мяшчанаў, якія ня ладзілі сабе падземных склепаў, а значыць, і зазірнуць у іх проста так немагчыма? Што вядома пра іх?

Грунтоў: У такіх пахаваньнях звычайна выкарыстоўваліся простыя драўляныя труны, абабітыя тканінай, іх спускалі ў магілу і проста закопвалі. І сапраўды, такія пахаваньні захоўваюцца горш. Аднак і пра іх мы валодаем некаторай інфармацыяй. Да прыкладу, некалькі гадоў таму былі апублікаваныя вынікі выратавальных раскопак на фрагмэнтах праваслаўных і пратэстанцкіх могілак ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беластоку, якія сёньня ўжо не існуюць. Сярод некалькіх сотняў пахаваньняў выразна прасочваецца традыцыя, якая мела месца з другой паловы ХІХ стагодзьдзя, набіваць у тарцавой частцы труны фігурнымі цьвікамі год пахаваньня ці ініцыялы няюбожчыка. Асабліва яна была пашыраная сярод пратэстантаў, але знала яе і праваслаўнае насельніцтва. Што да рэчаў, якія суправаджалі нябожчыкаў, дык знаходкі тут такія ж бедныя, як і ў іншых вядомых нам пахаваньнях гэтага пэрыяду.

Ракіцкі: Так, зазіраць пад паверхню могілак справа такая ж цікавая, як і сумная. Будзем спадзявацца, ці хоць бы марыць, што і ў Беларусі месцы гістарычных могілак, на якіх сёньня збудаваны горад, будуць гэтак жа дбайна дасьледаваць археолягі, а ня проста зносіць бульдозэры, як гэта чарговым разам адбывалася на колішніх лютэранскіх могілках у Менску летась. Тады і веды пра падземны сьвет могілак у нас будуць больш поўныя.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG