Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імпэрскай Расеі не патрэбны Жадан, але для беларусаў ён - саюзьнік"


Украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы аб затрыманьні ў Рэспубліцы Беларусь.

Аднаго з самых вядомых ва Ўкраіне — і аднаго са знакавых для Эўропы — літаратараў затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў суседняй краіны «за дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». Гэта не беларускія, а расейскія фармулёўкі. Дакладней кажучы, Жадану забаронены ўезд у Расею, а не ў Беларусь. Але Беларусь і Расея знаходзяцца ў адзінай візавай прасторы і беларускія праваахоўныя органы дзейнічаюць у сымбіёзе з расейскім ФСБ. Гэта — фармальна. Фактычна мы маем справу з чарговай хлусьнёй, на якую варта зьвярнуць увагу.

Сяргей Жадан
Сяргей Жадан

На сваёй нядаўняй прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў сэнсацыйнае прызнаньне. Існуе «чорны сьпіс» грамадзян з усіх краін сьвету, якім забаронены ўезд у Расею і Беларусь. Лукашэнка паведаміў, што ў гэтым сьпісе паўтара мільёна прозьвішчаў, прычым на Беларусь прыпадае «усяго» сто тысяч. Уезд усіх астатніх грамадзян забаронены Расейскай Фэдэрацыяй. Лукашэнка паабяцаў, што нават пасьля ўвядзеньня яго краінай бязьвізавага рэжыму для краін ЭЗ і Паўночнай Амэрыкі Беларусь ня будзе дапускаць на сваю тэрыторыю тых, хто не падабаецца Пуціну.

«Жывая бомба» для імпэрыі, якая не жадае паміраць

Цяпер узьнікае наступнае пытаньне: ці было ў гэтым сьпісе прозьвішча Сяргея Жадана? Не, ня было. Як не было ў гэтым сьпісе і прозьвішча нашага калегі, карэспандэнта «Донбас.Реалии» Віталя Сізова. Таму што, калі гэтае прозьвішча ёсьць — цябе проста не дапускаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Як, дарэчы, ужо не раз бывала з украінскімі журналістамі і праваабаронцамі.

А гэта значыць, што прозьвішчы Жадан і Сізова былі ўнесены ў «чорны сьпіс» непажаданых пэрсон ужо пасьля таго, як украінскія грамадзяне перасеклі дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. Прычым унесеныя па патрабаваньні расейскага боку — інакш беларускія міліцыянты не спасылаліся на «чорны сьпіс» суседзяў.

Гэта азначае, што тэрыторыя Беларусі знаходзіцца пад пільнай увагай расейскіх спэцслужбаў. І кожны, хто прыбывае ў гэтую краіну, можа разьлічваць на ўвагу агентаў ФСБ, якімі ў літаральным сэнсе слова перапоўнены Менск. Ну і, зразумела, увагі іх беларускіх партнэраў, многія з якіх зьяўляюцца інфарматарамі Масквы.

Калі гэта разумець, то становіцца ясна, як адбываецца такая «адкладзеная» экзэкуцыя і чаму яна ў апошнія тыдні тычыцца выхадцаў з украінскага ўсходу. Зразумела, чаму расейскія спэцслужбы раздражняе кожны, хто кажа праўду пра Данбас. Для краіны, якая абʼяўляе «героямі» садыстаў «Гіві» і «Матаролу», такая праўда — сапраўдная крыўда, падрыў беспардоннай прапаганды.

А Жадан — дык гэта ўвогуле «жывая бомба», сапраўдны «тэрарыст». Папулярны пісьменьнік і выканаўца, чые выступы выклікаюць захапленьне ў моладзі. Адзін з арганізатараў Майдану ў Харкаве. Чалавек, які даказаў, што нават у вялікім горадзе, які дзесяцігодзьдзямі падвяргаўся русыфікацыі, украінская культура можа стаць моднай. Для імпэрыі ўсё гэта — доказ яе непазьбежнай сьмерці, дэманстрацыя краху ўсіх намаганьняў па ператварэньні заваяваных народаў у пакорлівы статак «рускамоўных». Зразумела, што імпэрыя не жадае паміраць. Зразумела, што яна хоча, каб Жадан хутчэй пакінуў тэрыторыю, якую яна пакуль кантралюе. Імпэрскай Расеі не патрэбны Жадан.

Беларуская мова — гэта мова цывілізацыі

А Беларусі Жадан патрэбны. Праца гэтага праніклівага паэта — дэманстрацыя таго, што ўкраінская мова можа жыць і разьвівацца не толькі ў сельскай ідыліі, але і на асфальце вялікага індустрыяльнага горада. Гэта як раз тое, што важна Беларусі, у якой родная мова выгнана русыфікатарамі з буйных гарадоў у «вёскі», абвешчаная архаічнай і вясковай. А гэта — хлусьня. Беларуская мова — гэта мова цывілізацыі Вялікага Княства Літоўскага, гаворка арыстакратаў і рамесьнікаў, воінаў і сялян. Яе месца — у Менску і Магілёве, Горадні і Віцебску, у войску і ў Акадэміі навук. І яна абавязкова туды вернецца, як вяртаецца ў гарады, армію і навуку ўкраінская мова.

Вось чаму чэкісты Пуціна баяцца Жадан. І чэкісты Лукашэнкі, зь яго вечнымі кіданьнямі паміж імпэрыяй і ўласнай уладай, яго баяцца. А беларусам яго баяцца няма чаго. Жадан і ёсьць іх сапраўдны саюзьнік.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG