Затрыманым па «справе беларусафобаў» аўтарам «Рэгнума» выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Па гэтым артыкуле ім пагражае штраф, альбо да шасьці месяцаў арышту, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў.
Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.
Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка пісалі антыбеларускія артыкулы на сайт расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum.
Яны былі затрыманыя на пачатку сьнежня мінулага года. Як вынікае з інфармацыі пракуратуры Менску, як мінімум аднаму зь фігурантаў, Сяргею Шыптэнку, ставілі ў віну ч. 3 артыкула 130 КК (зьдзяйсьненьне злачынства ў групе), максымальнае пакараньне — 12 гадоў пазбаўленьня волі.
«Падчас праведзеных вобыскаў атрыманыя зьвесткі аб дачыненьні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасьці і атрыманьні імі грашовых узнагароджаньняў за падрыхтоўку замоўленых публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Сьледзтва мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасьці зьяўлялася матэрыяльная зацікаўленасьць», — паведаміў 8 сьнежня Сьледчы камітэт Беларусі.
Пасьля затрыманьня Шыптэнкі Regnum выступіў з заявай «у сувязі з рэпрэсіямі супраць журналістаў у Беларусі».