Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі мясакамбінат патрабуе прыпыніць партал «Сильные новости»


Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Гомельскі мясакамбінат» зьвярнулася ў Міністэрства інфармацыі з просьбай прыпыніць дзейнасьць інфармацыйнага парталу «Сильные новости» дзеля абароны дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Пра гэта паведамляе абласная газэта «Гомельская праўда».

Улетку мінулага году праз суполку «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» адзін з чытачоў выклаў здымак кавалка каўбасы, у якім відаць скура і поўсьць. І падпісаў гэтак: «Фотофакт: „Поесть и животинку погладить“: на Гомельском мясокомбинате изготовили колбасу со шкурой и шерстью внутри».

Навіну паглядзелі звыш 20 тысяч наведнікаў сайта. Адрэагавала на яе і ААТ «Гомельскі мясакамбінат». Прадстаўнік прадпрыемства патэлефанаваў у рэдакцыю і заявіў, што такі гатунак каўбасы не вырабляецца з 2015 году. Апроч таго, на каўбасе ня бачна этыкеткі мясакамбінату.

Партал «Сильные новости» дадаў гэтыя зьвесткі ў паведамленьне пра каўбасу. Аднак кіраўніцтва камбінату накіравала ў эканамічны суд Гомельскай вобласьці пазоў да Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ — заснавальніка сайта «Сильные новости» — на абарону дзелавой рэпутацыі. У кастрычніку суд яго задаволіў. Зьмешчаныя на сайце зьвесткі пра тое, што ў прадукцыі мясакамбінату ўтрымліваюцца пабочныя прадметы, прызнаныя не адпаведнымі рэчаіснасьці і такімі, якія ганьбяць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства. Сайт мусіў надрукаваць абвяржэньне, выбачыцца і кампэнсаваць мясакамбінату судовыя выдаткі ў памеры 420 рублёў.

Апэляцыйную скаргу пакінулі без задавальненьня, і 22 лістапада рашэньне суду набыло юрыдычную моц.

Не дачакаўшыся абвяржэньня на сайце «Сильные новости», мясакамбінат падаў заяву аб прымусовым выкананьні рашэньня суду й прыцягненьні заснавальніка да адміністрацыйнай адказнасьці.

«Абвяржэньне апублікавалі 3 студзеня, — кажа дырэктар Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ Пётар Кузьняцоў. — Ня ведаю чаму, але на камбінаце яго не заўважылі — відаць, моцна сьвяткавалі Новы год і прапусьцілі. Юрыдычная служба падала скаргу ў Міністэрства інфармацыі, што мы ня выканалі рашэньня суду. 25 студзеня міністэрства вынесла нам пісьмовае папярэджаньне. Мы накіравалі ў міністэрства тлумачэньне, паінфармавалі, калі было зьмешчана абвяржэньне. І вось цяпер праз афіцыйную абласную газэту даведаліся, што мясакамбінату не падабаецца абвяржэньне. Прадпрыемства патрабуе ўжо, каб дзейнасьць парталу „Сильные новости“ была прыпынена».

Паводле Кузьняцова, у гэтым зацікаўлены ня столькі мясакамбінат, колькі абласная газэта «Гомельская праўда»:

«„Сильные новости“ ў Гомелі цяпер найбольш папулярны рэсурс. Калі за суткі мы маем у сярэднім 40 тысяч наведваньняў, то сайт абласной газэты — усяго 6–7 тысяч. Дапускаю, што гэта і выклікае незадавальненьне», — кажа Пётар Кузьняцоў.

Што да судовых выдаткаў, то, па словах Кузьняцова, Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ мае ўжо сёньня перавесьці 420 рублёў на рахунак мясакамбінату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG