Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі цэнтар беларускай мовы абвясьціў конкурс эсэ пра родную мову


Адкрыцьцё цэнтру
Адкрыцьцё цэнтру

Цэнтар беларускай мовы пачаў дзейнічаць у Гомелі з ініцыятывы гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

На яго адкрыцьці прысутнічалі актыўныя гараджане, некаторыя нават зь дзецьмі, выкладчыкі Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, журналісты, студэнты. Цэнтар разьмясьціўся ў прасторным пакоі на вуліцы Кірава, 3.

«Мы даўно марылі пра месца, дзе можна было б сабрацца, праводзіць сустрэчы, арганізоўваць навучаньне дзяцей і дарослых, ладзіць кансультацыі для прадпрымальнікаў, арганізацыяў, якія імкнуцца пашыраць ужываньне беларускай мовы ў сваёй практычнай дзейнасьці», — адкрываючы цэнтар, патлумачыла старшыня гарадзкой суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч.

Алеся Аўласевіч
Алеся Аўласевіч

Ужо сёньня мае зьявіцца расклад мерапрыемстваў, прысьвечаных беларускай культуры, гісторыі й сучаснасьці, тэматычных кінапраглядаў, а таксама заняткаў гурткоў: для малых — «Мова дзяцей», для дарослых — ужытковай беларускай мовы «Лемантар».

Будзе працягнутая таксама перапіска з прадстаўнікамі малога й сярэдняга бізнэсу ў межах кампаніі «Дзякуй за мову».

Пры цэнтры заснаваная тэлефонная «гарачая лінія» ў пытаньнях абароны правоў беларускамоўных грамадзянаў. Ствараюцца бібліятэка і куток настольных гульняў.

«Мы ня будзем нікога вінаваціць у тым, чаму так сталася, што дзяржаўная беларуская мова адсунутая на задні плян, — дадае Алеся. — Будзем дапамагаць дзяржаве выпраўляць сытуацыю. Гэта наша падтрымка існаваньня беларускай мовы. Добра, калі гарадзкія ўлады дапамогуць, але галоўнае, каб не перашкаджалі. Мы трымаемся на нашых актывістах, валянтэрах і гатовыя да канструктыўнай супрацы зь любымі структурамі. Рады будзем, калі неабыякавыя да роднай мовы гараджане акажуць нам падтрымку крэатыўнымі ідэямі, фінансамі. Цяпер вось думаем над дызайнэрскім афармленьнем нашага цэнтру — і тут таксама патрэбна дапамога».

Цэнтар адкрыты найперш высілкамі бацькоў, чые дзеці займаюцца ў гуртку «Мова дзяцей».

Яўген Якавенка
Яўген Якавенка

«Мы падлічылі, — кажа сябра рады гарадзкой суполкі ТБМ Яўген Якавенка, — што нявыгадна пагадзінна арэндаваць памяшканьне для заняткаў. Зручней на сталай аснове. Да лета, думаю, пратрымаемся. Адкрылі рахунак у банку — ёсьць спадзеў на падтрымку. Бо мы ж зьбіраемся ня толькі навучаць мове, але і ўменьню карыстацца ёй, рэагаваць на зьдзеклівыя кпіны, абараняць сябе ў выпадку канфліктнай сытуацыі. Мусім таксама праз грамадзкія ініцыятывы ўплываць на розныя ўстановы і арганізацыі, якія нядобразычліва ставяцца да выкарыстаньня беларускай мовы ў сваёй дзейнасьці. Трэба, каб дзьве дзяржаўныя мовы былі ў краіне сапраўды роўныя».

Гамяльчук Дзьмітры Паўлавец заўважыў, што агульнымі высілкамі варта паспрыяць, каб парлямэнт унёс папраўкі ў закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» і прыбраў найперш зь яго злучнік «або», які ўжываецца больш як два дзясяткі разоў. Тады і акты дзяржаўных органаў абавязаны будуць выдаваць на дзьвюх мовах, і вытворцы тавараў зразумеюць, што інфармацыю пра іх трэба падаваць на беларускай і расейскай мовах. Да таго ж патрабуецца дапоўніць закон апісаньнем правапрымянальнай практыкі.

Падчас адкрыцьця цэнтру абвешчаны конкурс для школьнікаў — эсэ на тэму «Што для мяне беларуская мова». Допісы прымаюцца да 19 лютага, а абвяшчэньне пераможцаў з уручэньнем прызоў адбудзецца 21 лютага, у Дзень роднай мовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG