— Пане Дзьмітро, паводле афіцыйнага Кіева на ўсходзе Ўкраіны праходзіць антытэрарыстычная апэрацыя — АТА. Расейскія СМІ гавораць пра грамадзянскую вайну. А на ваш погляд, з кім ваюе сёньня ўкраінская армія?
— Мы змагаемся супраць захопніка, супраць ворага, супраць пуцінскай Расеі, якая кінула на нас зброю, забрала ў нас незаконна, парушыўшы ўсе міжнародныя пагадненьні, Крым, які спакон вякоў быў украінскім. Бо яшчэ ў ХVII стагодзьдзі на крымскай тэрыторыі жыло больш украінцаў, чым татараў. Парадокс, але, праходзячы праз гэтую вайну, дзякуючы Пуціну, мы сталі аб’яднанай нацыяй. Мы аб’ядналіся з расейскамоўнай Украінай.
— Дык вам трэба падзячны ліст Пуціну паслаць.
— А такі ліст ёсьць. А ў мяне верш ёсьць, дзе я дзякую Пуціну за ўсё, што ён зрабіў, за тое, што цяпер ня толькі ва Ўкраіне, але і паўсюль у сьвеце ня любяць расейскую мову. Менавіта дзякуючы Пуціну яна стала носьбітам імпэрыі, агрэсіі, носьбітам антыэўрапейскага духу.
— На вашу думку, дзе была памылка ўкраінскага кіраўніцтва, што трэба было зрабіць, каб захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны?
— Памылка была на самым пачатку, калі мы абвесьцілі незалежнасць Украіны. Я тады ўзначальваў Камітэт па замежных справах Вярхоўнай Рады і зьвярнуўся да Краўчука, першага нашага прэзыдэнта, і да іншых лідараў таго часу. Я прапанаваў запрасіць на жыхарства ў Крым украінцаў з Эстоніі, Латвіі, Літвы і Беларусі. І яны прыехалі б, бо ў гэтых краінах холадна, а ў Крыме выдатнае надвор’е, урадлівыя землі і мора цёплае. Але мне адказалі: «Вы хочаце рэзка настроіць Расею супраць Украіны? Мы ня будзем гэтага рабіць, мы будзем ісьці спакойна». І гэта была вялікая памылка! А яшчэ я ў 1992 годзе з дазволу Краўчука езьдзіў да генэральнага сакратара НАТА Манфрэда Вэрнэра і размаўляў зь ім пра ўступленьне Ўкраіны ў НАТА. Я бачыў, што Польшча неадкладна туды ўступіла, а потым ужо ў Эўразьвяз. І мы таксама павінны былі гэта зрабіць. Нашы заходнія суседзі — вугорцы, румыны, чэхі, славакі — пайшлі ў НАТА, і нам трэба было да іх прычапіцца, і нас, я перакананы, прынялі б. Бо тады Расея была дэзарыентаваная страшэнным ударам — упала чырвоная імпэрыя, і яны ня ведалі, што ім рабіць. Вось гэтыя палітычныя памылкі і прывялі да таго, што ў нас лёгка забралі Крым. Калі б Крым быў населены ўкраінцамі, там у дастатковай колькасьці стаяла б украінская армія, і ўсё было б іначай.
— Масква і яе падапечны Данбас цьвердзяць, што моўная праблема таксама спрычынілася да канфлікту на ўсходзе. Можа, і сапраўды палітыка Кіева ў моўным пытаньні мусіла быць больш гнуткай?
Мы ўкраінскую мову нікому не навязвалі. Да канфлікту ва Ўкраіне было 57 000 школаў з расейскай мовай навучаньня. 57 000!
— Мы ўкраінскую мову нікому не навязвалі. Да канфлікту ва Ўкраіне было 57 000 школаў з расейскай мовай навучаньня. 57 000! У Данбасе былі ўнівэрсытэты, дзе ўсё выкладаньне вялося па-расейску. Так што не ў мове справа. Пытаньне Ўкраіны вырашаецца сёньня не ў Маскве, а ў Вашынгтоне, у спадара Трампа. Калі прэзыдэнт ЗША абдымецца з Пуціным і скажа: «Скараці атамную зброю, а я табе Украіну аддам», будзе вялікая вайна. Украінская нацыя сёння ўжо ня тая, што была, мы ўжо ўмеем ваяваць. Чаму сёньня пуцінскія танкі стаяць на памежжы з Украінай? Яны чакаюць дазволу з Амэрыкі. Але калі Амэрыка дасьць такі дазвол, яна страціць усё. Расея хоча заваяваць ня толькі Ўкраіну, яна хоча забраць усю Эўропу па Гібралтар (гэта максымум), ці ўсе краіны па Дунай — увесь былы сацыялістычны лягер (гэта мінімум). Сёй-той з эўрапейскіх палітыкаў ужо згодны аддаць усю Украіну, абы толькі мір быў. І ў нас ужо ўзьнімаюць такое пытаньне. Надзея Саўчанка, якой я і ўсе ўкраінцы былі зачараваныя... Калі Саўчанка выйшла з расейскай турмы, на яе грудзях ляжаў трызубец, але гэты трызубец ёй прышыла Масква, каб яна нас дурыла. І вось яна цяпер кажа, што Крым трэба аддаць. І наша ўлада маўчыць, бо ня ведае, што рабіць далей. А Масква працуе.
Калі Саўчанка выйшла з расейскай турмы, на яе грудзях ляжаў трызубец, але гэты трызубец ёй прышыла Масква, каб яна нас дурыла.
— А калі ня будзе падтрымкі звонку, пра якую вы казалі, Украіна выстаіць?
— Мы выстаім. Мы ўжо выстаялі. Наша задача — і далей стаяць, і тады Расейская імпэрыя не адродзіцца. Але як толькі Украіна здасца, імпэрыя паўстане зноў, і тады ня будзе жыцьця ні нам, ні беларусам, ні літоўцам — нікому. Але калі б і наступіла такая чорная ноч, калі б прыехалі танкі і акупавалі ўсю Ўкраіну, тая ноч ня будзе доўгай. У нас ужо былі такія ночы. Мы жывем не адно стагодзьдзе, Украіна жыве тысячу гадоў. Мы мелі сваю дзяржаву з Кіеўскіх часоў, мы мелі казацкую дзяржаву з войскам — Запароскую Сеч. Між іншым, казакі Багдана Хмяльніцкага ваявалі і ў Францыі — на баку французаў. Украіна як нацыя, як дзяржава, як народ, як культура незьнішчальная. І тут яшчэ адзін момант. Калі сусьветная супольнасьць дазволіць Расеі ўзяць Украіну, то падрасейская Ўкраіна будзе дапамагаць і мацаваць імпэрыю, як тое ўжо было раней. І калі Ўкраіна дапамагала, то імпэрыя ўсё забірала. Мы звыклі на нешта абапірацца, на некага спадзявацца. Але сёньня мы павінны спадзявацца толькі на сябе. І мы не павінны адступіць, мы не павінны пагаджацца на ўмовы Масквы. Мы павінны стаяць на сваім, нашы тэрыторыі павінны быць нам вернуты, мяжа на ўсходзе павінна быць адноўленая. А ўсходу Ўкраіны павінна быць дазволена размаўляць па-расейску, як тое і раней было. Але ўкраінская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай. Толькі пры такіх варунках мы захаваем дзяржаву.
— Як выглядае, Расея спрабуе адабраць ва ўкраінцаў іх старажытную гісторыю. Згадайма экранізацыю «Тараса Бульбы» ці нядаўні фільм пра князя Ўладзімера, які ў тым фільме паказаны вікінгам. Гэтак і Тараса Шаўчэнку можна залічыць у расейскія пісьменьнікі, паколькі прозу ён пісаў пераважна па-расейску.
Шаўчэнка да гэтай пары ў Маскве і Пецярбурзе стаіць, і расейцы ня ведаюць, што рабіць, — ці кветкі ўскладаць, ці зьнімаць яго.
— Дык даўно залічылі! Памятаю, за мяжой у савецкія часы былі такія крамы «Расейская кніга» — у Нью-Ёрку, Парыжы і г.д. Там Тарас Рыгоравіч праходзіў як расейскі пісьменьнік. Ніколі Расея не вызнавала яго ўкраінскім. Шаўчэнку савецкі рэжым цярпеў. На яго пахаванне ў 1861 годзе прыйшлі Дастаеўскі і Тургенеў, уся вялікая расейская літаратура схілялася перад ім. І бальшавіцкая рэвалюцыя ў 1917-м у вялікай меры была інсьпіраваная духам Шаўчэнкі, праўда, ён не ўяўляў, якой пачварнай яна можа быць. Шаўчэнка быў антыімпэрскі паэт, і ён валіў імпэрыю. Нездарма Іван Франко сказаў, што Шаўчэнка вызваляў Расейскую імпэрыю ад царызму, маючы сілу адзін — як дзесяць армій. І гэта праўда. І Шаўчэнку немагчыма зьнішчыць ці забраць, як той Крым. Шаўчэнка да гэтай пары ў Маскве і Пецярбурзе стаіць, і расейцы ня ведаюць, што рабіць, — ці кветкі ўскладаць, ці зьнімаць яго.
— Сёньня Расея — гэта паказваюць сацыялягічныя апытаньні — патрабуе цьвёрдай рукі. Калі гэтая рука ва ўладзе ўмацуецца, чаго чакаць усім нам?
Але Лукашэнка ўжо зрабіў вялікае зло — практычна вывеў беларускую мову зь дзяржаўнай сфэры карыстаньня.
— Пагроза такая ёсьць. Расея як была цёмнай, цёмнай і засталася. І па-ранейшаму лічыць, што мае нейкую вызначаную звыш місію. Памятаеце, яшчэ Дастаеўскі пісаў, што Стамбул — расейскі горад. Дарэчы, гэта быў пісьменьнік-філёзаф, які, фактычна, прышчапляў расейцам фашысцкія настроі. Але гэтая цемра ўрэшце павінна расьсеяцца. Таму што сёньняшні сьвет паяднаны тэлебачаньнем і інтэрнэтам. Ня можа Беларусь, як яна ні намагаецца, быць і ў цемры, і на сьвятле. Ваш прэзыдэнт вельмі хітры. Ён хоча, каб яго любілі і Польшча, і Захад, і Пуцін. І гэта ў яго часам атрымліваецца. Але Лукашэнка ўжо зрабіў вялікае зло — практычна вывеў беларускую мову зь дзяржаўнай сфэры карыстаньня.
— Па маіх адчуваньнях, градус нянавісьці да расейцаў у сёньняшняй Украіне дужа высокі. Гэта надоўга?
— Мы расейцаў перамагаць не зьбіраемся. Мы павінны шанаваць расейскі народ за тое, што ён перажыў крывавыя рэжымы Івана Жахлівага, Пятра І, Сталіна (самі расіяне прызнаюць іх крывавымі). І гэты народ ніколі ня можа зьнікнуць. Але ён павінен мець над сабой іншую ўладу, якая будзе дбаць найперш пра сваіх людзей, пра кожны правінцыйны горад, пра ўсю сваю зямлю. А ня будзе шнырыць прагнымі вачыма па чужых землях, ваяваць у Сырыі, у Афрыцы, у Афганістане ці на Кубе. Расея ўвесь час хацела жыць не сваім жыцьцём, імкнулася загрэбці чужое. Гэты час ужо сканчаецца. Павінен скончыцца.
— Адна турыстычная кампанія склала мапу, дзе замест назваў краінаў — назвы папулярных песьняў. У выпадку з Украінай на той мапе прадказальна апынуліся вашыя «Два колеры». Я чуў, што гэтая песьня дапамагла вам атрымаць званьне Героя Ўкраіны. Гэта праўда?
Песьняй «Два колеры» я ўсіх падмануў. Чырвоны і чорны — гэта ж колеры сьцягу УПА. Савецкая намэнклятура гэтага ня ведала і сьпявала.
— Было так. Наш другі прэзыдэнт Леанід Кучма яшчэ ў юнацтве пачуў «Два колеры», і песьня яму дужа спадабалася. Ён, дарэчы, родам зь сяла на мяжы з Беларусьсю, дзе спаконвеку гучалі ўкраінскія песьні. Няма адукаванага беларуса, які б ня ведаў украінскіх песьняў. Дык вось, калі Кучма стаў прэзыдэнтам і калі да яго прыходзілі на прыём нашы дэмакраты, ён браў гітару і сьпяваў «Два колеры». Усім, вядома ж, вельмі падабалася. А я выступаў супраць Кучмы, і неаднойчы. На 75-гадовы юбілей была мая вечарына ў Опэрным тэатры. Мае сябры прыйшлі да Кучмы і сказалі: «Сёньня ў Паўлычкі юбілей. Дайце яму Героя, ён заслужыў, вы ж яго песьню сьпяваеце». Кучма спачатку адмаўляўся, а потым пагадзіўся і падпісаў указ. Але, ведаеце, песьняй «Два колеры» я ўсіх падмануў. Чырвоны і чорны — гэта ж колеры сьцягу УПА. Савецкая намэнклятура гэтага ня ведала і сьпявала. А сёньня чырвоны і чорны — гэта наш сымбаль і сьцяг на вайне супраць Расеі. Ня толькі жоўта-блакітны, але і чырвона-чорны.
— Вы сказалі, што ўсе адукаваныя беларусы ведаюць украінскія песьні. А вы беларускія ведаеце?
— Я ўмею сьпяваць «Ой хацела ж мяне маці ды за першага аддаці...» І яшчэ багата іншых. Я любіў дэклямаваць Купалу па-беларуску, я ведаў вершы беларускіх паэтаў напамяць — асабліва Рыгора Барадуліна. Думаю, што мы, украінцы, павінны сярод усіх славянаў найбольш шанаваць беларусаў. Бо Беларусь найбольш пацярпела, бо беларускую мову найбольш зьняважылі — самі кіраўнікі найвышэйшага рангу не размаўляюць на роднай мове! Гэта ж нонсэнс. Але я веру — беларуская мова будзе сапраўды дзяржаўнай, я яшчэ дачакаюся гэтага.
— На песенным конкурсе Эўрабачаньня, які сёлета мае прайсьці ў Кіеве, беларусы будуць упершыню выступаць зь беларускамоўнай песьняй. Як вы лічыце, гэта павялічвае наш шанец на перамогу?
Спадарыня Алексіевіч ніколі не атрымала б прэмію, каб не была беларускай.
— Думаю, што так, і Ўкраіна павінна быць у гэтым зацікаўленая. Ваша песьня павінна быць пра беларускую долю, як летась зрабіла наша крымчанка Джаміля. Украінцы павінны зрабіць усё магчымае, каб узьняць беларускую песьню. І я думаю, што гэта падтрымае ўся Эўропа. Як падтрымала беларускага пісьменьніка ў вылучэньні на Нобэля. Спадарыня Алексіевіч ніколі не атрымала б прэмію, каб не была беларускай. Думаю, яна сама гэта разумее, і ўсе беларусы разумеюць. Жыве Беларусь!