Cябра «Моладзі БНФ» і актывіст ініцыятыўнай групы «Дзея» Мікіта Краснакуцкі даслаў зварот у пракуратуру з просьбай правесьці праверку пяці расейскіх шавіністычных рэсурсаў на прадмет адпаведнасьці нормам аб недыскрымінацыі і недапушчэньні распальваньня нацыянальнай варожасьці.
Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе ініцыятыўнай групы «Дзея».
У сьпісе рэсурсаў, якія актывіст просіць правераць, — расейскія сайты stoletie.ru, zapadrus.su, politconservatism.ru, imperiyanews.ru і rumol.org.
У звароце ў пракуратуру Краснакуцкі пазначыў, што ў некаторых артыкулах ён бачыць «адкрытае і беспрынцыповае прыніжэньне свайго нацыянальнага гонару і годнасьці».
У прыватнасьці, у артыкуле «Белорусский путь» (Юры Баранчык, 07.05.2014), зьмешчаным на сайце stoletie.ru, можна прачытаць:
«Таму сёньня рускія, якія жывуць у Беларусі і складаюць 60-80% грамадзян рэспублікі, сапраўды гэтак жа гатовыя да вяртаньня сабе статусу рускіх, як і жыхары Крыма і Паўднёвага Ўсходу».
«Распаўсюд гэтых тэкстаў у інтэрнэце распальвае нацыянальную варожасьць і вядзе да дэстабілізацыі і расколу беларускага грамадзтва», —лічыць Мікіта Краснакуцкі.
23 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі прыняло рашэньне пра абмежаваньне доступу да інфармацыйнага рэсурсу sputnikipogrom.com.
Гэтае рашэньне суду было прынятае з улікам экспэртнага заключэньня Рэспубліканскай экспэртнай камісіі ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі.