Чакаецца, што перамовы Ўкраіны, Расеі і прадстаўнікоў так званых «ДНР» і «ЛНР» будуць скіраваныя на спыненьне баёў пад украінскай Аўдзееўкай, што ля Данецку.
Украіна раней абгаварыла сытуацыю з кіраўніком Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Эртурулам Апаканам, спэцыяльным прадстаўніком дзейнага кіраўніка АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе Марцінам Сайдыкам, вайсковымі прадстаўнікамі ў Супольным цэнтры кантролю і каардынацыі разьмежаваньня, піша прэс-сакратарка прадстаўніка Ўкраіны ў трохбаковай кантактнай групе Леаніда Кучмы Дарка Аліфер. Але відэаканфэрэнцыя трохбаковай кантактнай групы днём раней не адбылася: ня выйшлі на сувязь прадстаўнікі Расеі і сэпаратыстаў.
Раніцай 29 студзеня пачаліся жорсткія баі непадалёк Аўдзееўкі. Бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ва ўчыненьні гэтых баёў. Украінскі бок заявіў, што баевікі пачалі абстрэльваць і сам горад. У выніку абстрэлаў Аўдзееўка зь нядзелі, паводле апошніх зьвестак украінскага боку, загінулі 6 вайскоўцаў, дзясяткі параненыя, таксама параненыя 5 мірных жыхароў. Сэпаратысты, у сваю чаргу, заяўляюць, што двое баевікоў загінулі, шасьцёра атрымалі раненьні напярэдадні ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскіх сілавікоў, адна мясцовая жыхарка загінула.
Рада Бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня на Данбасе, а ў АБСЭ ўсклалі адказнасьць за выкананьне менскіх дамоўленасьцяў на Расею. Часова павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Кейт Бэрнс казала пра наступ пад Аўдзееўкай «камбінаваных расейска-сэпаратысцкіх войскаў» і пра 17 тысяч чалавек, якіх закрануў надзвычайны гуманітарны стан. Жыхары Аўдзееўкі засталіся без вады і цяпла, чакаюць эвакуацыі.