Як паведамляе выданьне, упершыню за гісторыю праекта Юры Жыгамонт выехаў зь Беларусі, каб з нагоды 500-годзьдзя першай беларускай друкаванай Бібліі распавесьці аб Празе Францішка Скарыны.
Праская сэрыя складаецца з двух выпускаў. Першы ўжо можна паглядзець тут, другі выйдзе 7 лютага. Юры Жыгамонт распавядае пра мясьціны, дзе калісьці жыў і працаваў беларускі першадрукар Францішак Скарына, у праграме паказаны будынак, дзе, на думку навукоўцаў, выйшла ў сьвет першая друкаваная кніга на беларускай мове.
«Праграма існуе ўжо больш за 15 гадоў. За гэты час адбылося імклівае разьвіцьцё новых тэхналёгіяў. І мне разам з маёй камандай хацелася, каб як мага больш беларусаў працягвалі глядзець перадачу і адкрывалі яе для сябе, — адзначыў Юры Жыгамонт. — Новы фармат і рэсурс, на якім будзе выходзіць праграма, адкрывае перад ёй новыя вялікія магчымасьці. Таму я вельмі ўдзячны партнэрам — кампаніі Velcom і парталу TUT.BY — за тое, што мы змаглі зьберагчы самабытнасьць „Падарожжаў дылетанта“, але і разам з тым даць новае жыцьцё праграме».
Перадача Юрыя Жыгамонта, якая выходзіла на беларускім тэлебачаньні цягам 15 гадоў, спынілася на тэлеканале СТБ яшчэ ў лютым 2015 году. Сам аўтар тлумачыць такую сытуацыю складаным эканамічным становішчам у краіне — канал проста не знайшоў грошай, каб аплочваць далейшы выхад праграмы.
12 красавіка 2016 году запрацаваў сайт Zhygamont.by — пляцоўка, на якой зьявіліся новыя і архіўныя выпускі праграмы «Падарожжы дылетанта».