Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Горадні забясьпечыць свабоду сходаў


Ілюстрацыйнае фота. Гарадзенскі гарвыканкам
Ілюстрацыйнае фота. Гарадзенскі гарвыканкам

За апошнія 15 гадоў гарадзенскія ўлады не далі дазволу на правядзеньне ніводнай акцыі апазыцыі.

Зварот да гарадзенскіх уладаў гарадзенскія праваабаронцы ўхвалілі на круглым стале з удзелам актывістаў розных партыяў і рухаў. Яны запатрабавалі ад уладаў кардынальна зьмяніць сытуацыю з правам на правядзеньне масавых акцыяў у горадзе.

Заява накіраваная ў Гарадзенскі гарвыканкам. У ёй праваабаронцы патрабуюць унесьці зьмены ў рашэньне ад 19 кастрычніка 2011 № 540. Паводле яго пры падачы заяўкі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў ад арганізатараў патрабуюць аплаты расходаў за ахову грамадзкага парадку, мэдыцынскае абслугоўваньне і прыбіраньне тэрыторыі.

Гэтае рашэньне гарадзенскіх уладаў супярэчыць дзейнаму заканадаўству, заявіў праваабаронца Віктар Сазонаў:

Віктар Сазонаў
Віктар Сазонаў

— Гэтыя патрабаваньні, у прыватнасьці, разыходзяцца з пастановай Савету Міністраў ад 05.03.2012 № 207, у якой не прапісаны абавязак арганізатара масавага мерапрыемства заключаць дамову і аплочваць паслугі аховы правапарадку. Грамадзяне Беларусі ўжо заключылі гэтую дамову, плацячы падаткі, на якія і ўтрымліваюцца органы правапарадку.

Сазонаў таксама працытаваў пункт 5 урадавага палажэньня, паводле якога абавязак мясцовага выканаўчага і распарадчага органу на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзеньні масавага мерапрыемства накіраваць копію ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў з тым, каб у далейшым забясьпечыць грамадзкі парадак.

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч зьвярнуў увагу на тое, што рашэньнем Гарадзенскага выканкаму вызначаны сталыя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, але гэта, як правіла, ня цэнтар гораду, а аддаленыя месцы, куды нават і ня ходзяць гараджане.

Паводле яго, гэта таксама не адпавядае заканадаўству, паколькі «у адпаведнасьці з п.1 арт.9 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах“ масавая акцыя можа праводзіцца ў любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах, за выключэньнем тых, якія пазначаны ў частцы трэцяй гэтага артыкулу».

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

— У нашым рэгіёне склалася проста безнадзейная сытуацыя, людзі пазбаўленыя права на мірныя сходы. Гэтае права немагчыма рэалізаваць нават тэарэтычна. Мы спадзяёмся на гэта паўплываць, хоць добра бачым, як зьмяніліся апошнім часам формы ціску і перасьледу на актывістаў апазыцыйных партыяў і рухаў.

Праваабаронца Раман Юргель падкрэсьліў тое, што Беларусьсю ратыфікаваны міжнародны пакт «Аб грамадзянскіх і палітычных правах», але на практыцы артыкулы гэтага пакту ніякім чынам ня дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь.

Раман Юргель
Раман Юргель

— Зрэшты, свабода слова і свабода мірных акцыяў, як і іншыя свабоды грамадзян, прадугледжаны ў нашай краіне ня толькі міжнароднымі пактамі, гэтая норма заканадаўства зафіксаваная ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але відавочна, што скарыстацца імі ў поўнай меры грамадзяне ў нашай краіне ня могуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG