Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі далі 4,3 млн даляраў на аднаўленьне тарфянікаў. Чаму і колькі трэба аднаўляць


Тленьне тарфяніку, ілюстрацыйнае фота
Тленьне тарфяніку, ілюстрацыйнае фота

У верасьні 2017 году ў Беларусі стартуе праект па аднаўленьні тарфянікаў на 4,3 млн даляраў, заявіў прадстаўнік Мінпрыроды Мікалай Сьвідзінскі, перадае БЕЛТА. Гэта частка буйнога праекту ПРААН і Глябальнага экалягічнага фонду «Тарфянікі-2», грошы Беларусь атрымала ад ГЭФ. Тэрмін рэалізацыі — да 2030 году.

Раней у Беларусі ўжо праходзілі праекты па аднаўленьні тарфянікаў, кажа Свабодзе старшыня грамадзкай арганізацыі «Багна» Вольга Каскевіч. Адноўлена было каля 28 тысяч гектараў балотаў, парушаных у час здабычы торфу, да 2030 году плянуецца аднавіць ня меней за 75 тысяч гектараў парушаных тарфянікаў.

«Але парушаных тарфянікаў у нас значна болей, — кажа Каскевіч. — Беларусь займае трэцяе месца па выкідах вуглякіслага газу праз асушаныя балоты (зьвесткі на 2014 год. — РС), таму тэма паўторнага забалочваньня для нас вельмі актуальная, асабліва ў сьвятле Парыскага пратаколу.

Паводле дамовы зь Белпалівагазам і рэкамэндацыяў ураду, паўторным абвадненьнем у нас могуць займацца і прадпрыемствы, якія здабывалі торф. Цяпер гэта будзе адна з абавязковых умоваў — калі распрацоўвалі, то абвадніць тэрыторыю.

Але абвадніць тэрыторыю — гэта сур’ёзны працэс, які вымагае інжынэрных падыходаў. Гэта ня проста заліць тэрыторыю вадой: трэба глядзець, дзе будаваць перамычкі, зрабіць плян адтоку вады, прадугледзець, як яго спыніць... Мяркуючы па канфэрэнцыях, мы ў ліку тых краінаў, якія робяць паўторнае забалочваньне досыць эканамічна, але ўсё роўна гэта вымагае грошай, аб’ём якіх залежыць ад інжынэрнага праекту».

Каскевіч адзначае, што ў Беларусі грошай на паўторнае абвадненьне не хапае. Як прыклад яна называе рэарганізацыю Дакудаўскага заказьніка. Яго тэрыторыю зьменшылі ўтрая, бо ня мелі бюджэту на паўторнае забалочваньне.

Тленьне тарфяніку, ілюстрацыйнае фота
Тленьне тарфяніку, ілюстрацыйнае фота

Загадчык сэктару міжнароднай супрацы Навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах НАН Беларусі, балотазнаўца і арнітоляг Аляксандар Казулін кажа Свабодзе, што плошча парушаных тарфянікаў параўнальная з цэлым Менскім раёнам. Нацыянальная ж стратэгія захаваньня і эфэктыўнага выкарыстаньня тарфянікаў дае прыблізную ацэнку ажно ўтрая большую. Гаворка ідзе пра выпрацаваныя радовішчы торфу, дэградаваныя землі з тарфянымі глебамі і неэфэктыўна асушаныя балоты.

«Пытаньне аднаўленьня надзвычай актуальнае зь любога пункту гледжаньня. Гэта праблема, бо дакладна вядома, што ёсьць ня меней за 230 тысяч гектараў парушаных тарфянікаў, якія практычна не выкарыстоўваюцца, на якіх страчаная біяразнастайнасьць. Яны робяцца прычынай буйных пажараў, на тушэньне якіх трацяцца грошы. Гэта кінутая зямля, нікому не патрэбная. Плюс выкіданьне штогод каля 20 тон вуглякіслага газу. А калі пажары, то выкідаў у дзесяць раз болей. Абвадненьне — не адзіны, але адзін з самых эфэктыўных спосабаў. Гэта вяртаньне тарфянікаў у зыходны стан, у якім яны былі тысячы год таму.

Наколькі вялікая сума ў 4,3 млн даляраў? Яна не пакрые ўсе тарфянікі Беларусі, але дазволіць паказаць прыклад, як усё рабіць на розных тыпах тарфянікаў. А потым, можа, некалі мы сасьпеем і пачнём самі па гэтым пытаньні мэтанакіравана працаваць у Беларусі.

Раней у Беларусі ў межах міжнародных праектаў займаліся выпрацаванымі тарфянікамі, дзе торф здабылі і тэрыторыю закінулі. Цяпер з торфазаводамі ўсё нармальна, ёсьць заканадаўчая база, яны цяпер самі, як здабываюць торф, адразу забалочваюць, самі ўкладаюць грошы. Цяпер жа пытаньне стаіць пра гідралесамэліяратыўныя сыстэмы: трэба правесьці іх інвэнтарызацыю, паказаць прыклады, што зь імі рабіць, а потым сама рэспубліка будзе рабіць гэта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG