Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы экспэрт: «Букі» і МіГі мы дорым, а паслугі па рамонце і мадэрнізацыі прадаём»


Зьнішчальнік чацьвёртага пакаленьня МіГ-2, ілюстрацыйнае фота
Зьнішчальнік чацьвёртага пакаленьня МіГ-2, ілюстрацыйнае фота

Беларусь падорыць Сэрбіі два дывізіёны (12 самаходных установак) зэнітна-ракетных комплексаў «Бук» і два зьвяны (восем самалётаў) шматмэтавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня МіГ-29. Але Бялград павінен аплаціць рамонт і мадэрнізацыю тэхнікі. Мадэрнізаваная вайсковая тэхніка будзе пастаўлена ў Сэрбію ў 2018 годзе.

Чаму Беларусь робіць сваім хаўрусьнікам такія шчодрыя падарункі? Экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін кажа, што ў Беларусі назапасілася вельмі шмат даволі старой вайсковай тэхнікі. Столькі краіне пакуль не патрэбна, а ўтрымліваць яе ў баяздольным стане вельмі дорага:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Ёсьць праграма — замяніць да 2020 году зэнітна-ракетныя комплексы „Бук“ на расейскія С-300. Гэтаксама як і зьнішчальнікі МіГ-29 на МіГ-30.

У Беларусі назапасілася вельмі шмат узбраеньняў, тэрмін службы якіх падыходзіць да канца, а каб адрамантаваць ці мадэрнізаваць іх, няма грошай. Таму Беларусь іх паступова мадэрнізуе за грошы замежных заказчыкаў і прадае. Так, нядаўна Азэрбайджану прадалі 2 дывізіёны „Букаў“, мадэрнізаваўшы іх за азэрбайджанскія грошы.

Дарэчы, беларуская праграма мадэрнізацыі вельмі добрая. Тут новая элемэнтная база, новыя альгарытмы стральбы, і састарэлая тэхніка ператвараецца ў даволі баяздольныя сыстэмы. Але гэта даволі дорага, патрэбныя сродкі.

Цяпер у нас зьявіліся зэнітна-ракетныя комплексы С-300, і „Букі“ нам ужо не патрэбныя, хоць гэтыя ЗРК „Бук“ таксама добрыя. І ЗРК „Бук“, і МіГ-29 дастаткова доўга служаць, некаторыя зь іх ужо па тры капітальныя рамонты прайшлі. Усё падтрымліваць у баяздольным стане мы ня можам.

Мы практычна прадаём паслугі па рамонце. Самі ўстаноўкі дорым, а паслугі прадаём. На авіярамонтным заводзе ў Баранавічах Міг-29 будуць даводзіцца да ладу. Беларусь атрымае грошы, а таксама падтрымае добрыя адносіны з Сэрбіяй.

У выпадку з Сэрбіяй мы дзейнічаем ва ўнісон з расейцамі. Яны таксама Бялграду падарылі шэсьць Міг-29, 30 танкаў, іншую тэхніку.

Што да выбару краінаў, то дорыць Беларусь вайсковую тэхніку ня ўсім. Абы-каму мы тэхніку не прадаём. А толькі сваім хаўрусьнікам, ад якіх хочам атрымаць рэжым спрыяньня ў гандлі. І з Азэрбайджанам, і з Сэрбіяй у нас добрыя стасункі. Лукашэнка паступае тут даволі практычна. Ён аддае вайсковую тэхніку і адначасова адкрывае рынак для беларускіх трактароў, грузавікоў, іншай тэхнікі.

У пагадненьні з Сэрбіяй прапісана, што кошт рамонту і мадэрнізацыі аплачвае сэрбскі бок».

Дакладная сума, у якую абыдзецца Сэрбіі рамонт і мадэрнізацыя ЗРК «Бук» і МіГаў, падораных Беларусьсю, пакуль не называецца.

Раней агенцтва ТАНЮГ паведаміла, што Сэрбія ў якасьці падтрымкі ад Расеі бясплатна атрымае шэсьць зьнішчальнікаў МіГ-29, 30 танкаў Т-72С і 30 баявых выведна-дазорных машын БРДМ-2. Мадэрнізацыя толькі самалётаў будзе каштаваць Сэрбіі ад 180 да 230 мільёнаў эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG