Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падорыць Сэрбіі 12 установак «Бук» і восем самалётаў МіГ-29


Пры гэтым Бялград павінен аплаціць рамонт і мадэрнізацыю тэхнікі, паведаміў міністар абароны Сэрбіі Зоран Джорджавіч. Пра гэта інфармуе расейскае агенцтва ТАСС.

Паводле ТАСС, Беларусь перадасьць Сэрбіі два дывізіёны (12 самаходных установак) зэнітна-ракетных комплексаў «Бук» і два зьвяна (восем смалётаў) шматмэтавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня МіГ-29 з умовай, што Бялград аплаціць іх рамонт і мадэрнізацыю. Як паведаміў у ноч з пятніцы на суботу міністар абароны Сэрбіі Зоран Джорджавіч, вярнуўшыся з паездкі ў Менск, тэхніка будзе пастаўлена у 2018 годзе.

Агенцтва ТАСС спасылаецца на сэрбскую газэту «Палітыка». Паводле выданьня, дэталі супрацоўніцтва будуць абмяркоўвацца з траўня сёлета, калі прадугледжана стварэньне сумеснага органу па супрацоўніцтве ў галіне абароны, аналягічнага тым, якія ўжо існуюць у Сэрбіі з іншымі краінамі. У сувязі з гэтым кіраўнік вайсковага ведамства Сэрбіі ня мог назваць дакладную суму, у якую абыдзецца рамонт і мадэрнізацыя ЗРК «Бук» і МіГаў.

Джорджавіч, паводле ТАСС, таксама адзначыў вялікі патэнцыял сэрбска-беларускіх адносін у ваенна-тэхнічнай галіне, а таксама магчымасьць стварэньня сумесных праектаў у абароннай прамысловасьці з выхадам на рынкі трэціх краін. «Беларускія грузавікі і будаўнічая тэхніка былі б цікавыя для сэрбскай арміі. Ёс.ць магчымас.ць супрацоўніцтва ў пытаньні рамонту і мадэрнізацыі розных сыстэм зброі расейскага паходжаньня. Беларусь зацікаўлена ракетным палівам і іншымі таварамі нашай прамысловасьці», — сказаў міністар.

Прэм’ер-міністар Сэрбіі Аляксандар Вучыч 26-27 студзеня наведаў з візытам Беларусь. Адбыліся сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ерам Андрэем Кабяковам. Бакі дамовіліся разьвіваць вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва і імкнуцца нарасьціць аб’ём узаемнага гандлю да $ 500 млн таваразвароту.

Раней агенцтва ТАНЮГ паведаміла, што Сэрбія ў якасьці падтрымкі ад Расеі бясплатна атрымае шэсьць зьнішчальнікаў МіГ-29, 30 танкаў Т-72С і 30 баявых разьведвальна-дазорных машын БРДМ-2. Пры гэтым мадэрнізацыя самалётаў будзе ажыцьцёўлена ў тры этапы і абыдзецца Сэрбіі ад 180 да 230 мільёнаў эўра.

Такім чынам, падсумоўвае ТАСС, да канца 2018-га году ўзброеныя сілы Сэрбіі атрымаюць 14 шматмэтавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня МіГ-29, 30 танкаў Т-72С, 30 БРДМ-2, а таксама два дывізіёны ЗРК «Бук» (уключае 12 самаходных агнявых установак і каля 15 адзінак дапаможнай тэхнікі). Раней Бялград таксама падпісаў кантракт на набыцьцё 9 баявых верталётаў H145M з кампаніяй Airbus.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG