Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабруйск 3.0» — бабруйчане самі робяць свой горад культурнай сталіцай Беларусі


Прэзэнтацыя новага беларускага кіно ў тайм-клюбе «13:87»
Прэзэнтацыя новага беларускага кіно ў тайм-клюбе «13:87»

У межах «Кірмашу праектаў», які ладзіць кампанія «Будзьма беларусамі», жыхары Бабруйску прапанавалі шэраг ідэяў для гораду, які ў 2017 годзе атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі.

Гэта і маляваньне сувэнірных паштовак, і гарадзкая віктарыны пад адкрытым небам, і выданьне кнігі пра выдатных бабруйчан, і стварэньне культурнага цэнтру ў руінах былой сынагогі.

Ідэі, які будуць рэалізоўвацца, адбяруць пасьля 6 лютага ў выніку народнага галасаваньня і абмеркаваньня журы.

Самы маштабны праект, які і сам зможа падтрымліваць многія іншыя, рыхтуецца ўжо даўно, і, паводле ініцыятараў, «адбудзецца пры любым надвор’і».

Ягоныя аўтаркі — кіраўніца вядомага ў Бабруйску тайм-клюбу «13-87» Натальля Халанская і былая бабруйчанка, піяр-мэнэджар адной са сталічных IT-кампаніяў Аліна Рудзіна — плянуюць правесьці за гэты год у родным горадзе дзясяткі імпрэз, творчых сустрэч, канцэртаў, выстаў, сцэнічных пастановак, кінапаказаў.

Натальля Халанская й Аліна Рудзіна, рухавікі культуры новага тыпу
Натальля Халанская й Аліна Рудзіна, рухавікі культуры новага тыпу

Актывісты называюць сваю задуму «Альтэрнатыўнай культурнай сталіцай» ці «Культурным 3.0 Бабруйскам» — пад «культурай 3.0» маючы на ўвазе эпоху, калі кожны можа мець вольны доступ да стварэньня твораў мастацтва і любых праяў культуры, а таксама сумеснае стварэньне і сумеснае карыстаньне культурным прадуктам. Як кожны можа запісаць на хатні кампутар сваю песьню і выпусьціць яе на Youtube, так кожны можа прыехаць у Бабруйск і паказаць сваю творчасьць.

«Мы даём творцам пляцоўку, абсталяваньне, рэкляму і гледачоў», — кажа Натальля Халанская, пад пляцоўкай маючы на ўвазе ня толькі свой клюб.

У арганізатараў ужо ёсьць дамоўленасьці на падтрымку культурных падзеяў з рознымі камэрцыйнымі арганізацыямі, у тым ліку з гандлёвымі цэнтрамі.

«У нас будуць нецэнзураваныя сустрэчы: вязіце, тварыце, што жадаеце. Але калі вас закідаюць памідорамі — значыць, вас закідаюць памідорамі, таксама маюць права, — папярэджвае Натальля. — Бабруйчане ў гэты год атрымаюць вялікую колькасьць культурных падзеяў, каб не спыняцца на традыцыйных масавых мерапрыемствах, як тэатральны фэст „Вянок дружбы“, які праводзяцца пастаянна. Хочацца шырэй, гучней. Хочацца даць гораду выбар».

У тайм-клюбе «13:87» пастаянна праводзяцца разнастайныя культурныя мерапрыемствы
У тайм-клюбе «13:87» пастаянна праводзяцца разнастайныя культурныя мерапрыемствы

Аліна Рудзіна даўно стала не жыве ў Бабруйску, але дапамагае стаць яму сапраўднай культурнай сталіцай:

«Мо якраз таму, што не жыву тут, я маю магчымасьць ацаніць культурнае жыцьцё, параўнаць з тым, што магло б быць. Я бачу, што страчваюць бабруйчане. Вялікія гарады — як паралельны сьвет. У тым жа Менску ў мяне кожны тыдзень ёсьць выбар, куды пайсьці, што паглядзець, у чым паўдзельнічаць. У Бабруйску такога выбару ў мяне не было. Добра, што зьявіўся хаця б тайм-клюб, тут я бачу людзей зь бляскам сьвядомасьці ў вачах, якія самі ствараюць сваё культурнае асяродзьдзе, сваю зону камфорту».

«Альтэрнатыўнасьць» сваіх ідэяў аўтаркі разумеюць не як «супраць афіцыйных», а як «іншасьць», як самастойны дадатак.

Натальля Халанская, кіраўніца бабруйскага тайм-клюбу
Натальля Халанская, кіраўніца бабруйскага тайм-клюбу

«Асноўная мэта году ці сталіцы культуры — актывізаваць мясцовае насельніцтва, — нагадвае Натальля. — Але пра гэта пастаянна забываюць; у выніку статус культурнай сталіцы да насельніцтва ня мае ніякага дачыненьня, апроч як набыць квіток ды прыйсьці на канцэрт. Чым афіша культурнай сталіцы адрозьніваецца ад папярэдніх гадоў? Нічым. А культурная сталіца мусіць даць максымальную разнастайнасьць мерапрыемстваў, на любую аўдыторыю, на любы густ».

Апроч азнаямленьня бабруйчан з «прафэсіяналамі культуры», плянуецца паказаць ім і невядомых творчых людзей, якіх хапае і ў краіне, і ў самім Бабруйску, якія робяць ці задумваюць нешта цікавае, вартае ўвагі. Актывісткі хочуць дапамагчы ім паказаць свае ідэі, а людзям — даць іх убачыць.

Прэзэнтацыя новага беларускага кіно сабрала шмат гледачоў
Прэзэнтацыя новага беларускага кіно сабрала шмат гледачоў

«У Гомелі ёсьць Аляксандар Курц, які цудоўна іграе монаспэктаклі, я наткнулася на яго ў Маскве, — расказвае Аліна. — Ён з Гомелю, я з Бабруйску, а сустрэліся ў Маскве! Трэба ж такое бачыць дома! У той жа Маскве пазнаёмілася са швэдзкім тэатрам „Альбатрос“, дырэктар якога, дарэчы, у захапленьні ад Алексіевіч. Глядзела спэктакль пра Галакост, дзе згадваюцца Беласток, Вільня. Для масквічоў гэта проста пералік местаў, а для нас гэта ж усё нашае, нам больш цікава!»

У лютым плянуецца стварыць адмысловы сайт, які будзе запаўняцца ня толькі календаром падзеяў, але і кантактамі магчымых выступоўцаў, парадамі ў арганізацыі падобных мерапрыемстваў на будучыню, каб наступная культурная сталіца магла карыстацца бабруйскім досьведам і перадаваць далей свой.

«Гэта і ёсьць культура 3.0, — кажа Натальля Халанская, — калі людзі невялічкімі суполкамі зьбіраюцца, нешта праглядаюць, слухаюць, абмяркоўваюць. Самі вырашаюць, якога ўзроўню гэтая культура. А кагосьці гэтыя сустрэчы натхняць на ўласную творчасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG