Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэцэпт на заробак у $500: забраць у багатых


Навошта Аляксандр Лукашэнка настойліва патрабуе давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Кацярына Андрэева, Уладзімер Глод

Карбалевіч: Кіраўнік Беларусі чарговым разам запатрабаваў, каб сярэдні месячны заробак у Беларусі склаў сёлета 500 даляраў. Падчас цырымоніі ўручэньня дыплёмаў доктара навук і атэстатаў прафэсара Лукашэнка заявіў: заробак у 500 даляраў — «не завоблачная лічба і не папулізм», а рэальна дасяжная ў гэтым годзе мэта.

Здаецца, гэтая ідэя, агучаная ў лістападзе мінулага году, становіцца яго ідэяй-фікс. Цікавае абгрунтаваньне гэтай задачы. Вось ён кажа: «Папярэдне мне далажылі, што мы ўжо ў сьнежні мінулага году мелі пад 417 даляраў сярэдняга заробку па краіне. Засталося зусім няшмат, каб дасягнуць 500».

З выступу Лукашэнкі вынікае, што ўрад супраць 500 даляраў

Але ж у Беларусі ўсе ведаюць, што сьнежаньскія заробкі заўсёды значна перавышаюць сярэднемесячныя. Бо звычайна ў сьнежні перад Новым годам работнікам выплачваюць прэміі, так званы трынаццаты заробак. А ў студзені звычайна заробак зноў падае на ранейшы ўзровень. Сёньня гэта 370–380 даляраў.

З выступу Лукашэнкі вынікае, што ўрад супраць гэтай ідэі. Лукашэнка зноў уступае ў палеміку з урадоўцамі. «Скептыкам ва ўрадзе», якія кажуць, што дасягнуць такога ўзроўню зарплаты немагчыма, Лукашэнка параіў «скласьці партфэль» і сысьці.

І ён патлумачыў, дзе трэба браць грошы. Адказ вельмі просты: забраць у багатых. Нічога новага. Амаль клясыка: забраць і падзяліць. Што і робіцца. Вось шмат шуму нарабіў арышт вядомага бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча. Думаю, яму прапануюць, як звычайна, заплаціць выкуп за свабоду. Вось уладальнік «Мотавела» Аляксандар Мураўёў, якога судзяць, расказваў у сваім апошнім слове на судзе, як яму прапанавалі выкуп. Ён адказаў, што можа назьбіраць 1–1,5 млн даляраў. На што сьледчыя адказалі: ты што, з такой маленькай сумай нават не заікайся. Таму будзеш сядзець.

Увогуле сытуацыя вельмі цікавая. Лукашэнка ўвесь час як мантру паўтарае пра 500 даляраў. Але падпісвае афіцыйныя эканамічныя дакумэнты на гэты год (бюджэт і інш.), у якіх рост заробкаў прадугледжваецца мінімальны. І ўрад, і Нацыянальны банк пакуль ня робяць нічога, каб выканаць гэтую задачу, усе працуюць у звычайным рэжыме.

Але ж каб выканаць гэтую задачу, трэба радыкальна памяняць эканамічную палітыку. То бок — або адмовіцца ад жорсткай грашовай палітыкі, або пачаць масавыя скарачэньні на дзяржпрадпрыемствах ці ў бюджэтнай сфэры. Пакуль пра гэта нічога не чуваць.

Таму гэтыя заявы Лукашэнкі ідуць самі па сабе, а дзяржапарат працуе сам па сабе, нібыта ня чуе яго. Сытуацыя вельмі дзіўная і цікавая.

Глод: Ва ўчорашняй прамове Аляксандра Лукашэнкі мяне найбольш цікавіла, ці скажа ён, дзе ўсё ж знайсьці тыя 500 даляраў? І кіраўнік дзяржавы задаволіў маю цікаўнасьць. На ягоную думку, дасягнуць запаветнай лічбы ў 500 даляраў можна даволі проста: «больш прадаць таго, што мы ўмеем рабіць, і таго, што не рабілі да гэтага часу». «Прадавайце і плаціце людзям», — запатрабаваў ён.

Але ж, слухаючы гэта, зьдзіўляесься: няўжо кіраўнік дзяржавы ня ведае, што попыт на беларускія тавары з шэрагу прычын (якіх канкрэтна, гэта тэма асобнай размовы) за мяжой зьніжаецца? А новае калі што і зробіш, то патрэбны час, каб, як той казаў, раскруціць навінку.

Другі рэцэпт, пра які ўжо згадваў Валер Карбалевіч, — патрэсьці багаценькіх. Лукашэнка кажа: «Яны больш адпачываюць у год, чым працуюць. А паглядзіш, што працоўныя маюць у гэтага багатага чалавека — гэта 350 даляраў. Дык як ты можаш адпачываць на Сэйшэлах або Канарскіх астравах, а рабочым не плаціць?! Таму гэта ніякі не папулізм, гэта жыцьцё нашых людзей. Як бы ні было складана, усё ж такі людзі разумеюць сытуацыю. За гэта трэба ім плаціць».

Магчыма, уладам давядзецца прадаць частку так званага «фамільнага срэбра»

Зноў жа цікавыя рэчы. Высьвятляецца, што плаціць трэба «за разуменьне сытуацыі». Гэта, мне падаецца, зусім нешта новае ў эканамічнай навуцы і практыцы.

Эканамісты кажуць, што, каб дасягнуць жаданай лічбы ў 500 даляраў, трэба падняць сярэдні заробак прыкладна на 30%. Але для гэтага трэба падняць валавы ўнутраны прадукт (ВУП) хоць бы на 15%. Але ж ніякіх падставаў для гэтага няма. Калі паглядзець на лічбы, то летась ВУП ня тое што не павялічыўся — наадварот, пайшоў у мінус. Значыць, як я думаю, застаецца адзін выхад — даць гэтыя 500 даляраў. Але ж непазьбежная інфляцыя хутка зьесьць усе прыбыткі насельніцтва ад павышанага, а не заробленага заробку.

Магчыма, уладам давядзецца прадаць частку так званага «фамільнага срэбра». Найперш — «Беларуськалія». Аднак пра гэта пакуль не чуваць. На гэтым тыдні я быў на прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Індыі ў Беларусі. Раней гэтая краіна вельмі хацела набыць долю акцыяў «Беларуськалія». Але, як я зразумеў, больш гэта іх не цікавіць. Ніхто пакуль не зьбіраецца іх прадаваць.

Да таго ж і гэтыя калійныя грошы, калі кардынальна не зьмяняць эканамічную палітыку, хутка давядзецца праесьці.

Андрэева: Ва ўмовах пастаяннага эканамічнага спаду, калі на буйных заводах ідуць скарачэньні, калі дакумэнты, якія падпісвае кіраўнік краіны, насамрэч не прадугледжваюць росту заробкаў, Лукашэнку неабходна было прыдумаць своеасаблівую мантру. Для таго каб заспакоіць самога сябе і стрымаць, адкласьці ў часе магчымы народны пратэст.

Сёньня зразумела: выклікаць рэальнае абурэньне ў грамадзтва могуць не палітычныя крокі і не абмежаваньне свабодаў, а менавіта эканамічны чыньнік. Таму Лукашэнка і непакоіцца.

Але будзем рэалістамі: як вы ўжо казалі, цяперашні сярэдні заробак па Беларусі складае 370 даляраў. Каб атрымаць 500, патрэбны рост прадукцыйнасьці працы. Прадукцыйнасьць працы — гэта фактычна адносіны выпуску прадукцыі да колькасьці занятых. І важна, каб гэтая прадукцыя добра прадавалася.

у грамадзтва выклікае абурэньне эканамічны чыньнік. Таму Лукашэнка і непакоіцца

Сёньня большасьці прамысловых вытворцаў проста неабходная мадэрнізацыя, але каб мадэрнізаваць прадпрыемствы кшталту МАЗ і МТЗ — патрэбныя замежныя інвэстыцыі. У дзяржавы такіх сродкаў проста няма, і беларусы трапляюць у замкнёнае кола. Замест 500 даляраў штомесяц людзі атрымліваюць «лісты шчасьця» і новыя падаткі. Пра такі заробак няма і гаворкі.

Кажучы пра «скептыкаў ва ўрадзе», Лукашэнка ідзе за сваёй традыцыяй абавязкова пакрытыкаваць падначаленых. Гэта клясыка, нічога новага. Яму абавязкова трэба знайсьці «ахвяру» для крытыкі падчас сваіх выступаў.

Як звычайна, Лукашэнка супярэчыць сам сабе: 500 даляраў — лічба сапраўды не завоблачная, але пакуль ня будуць зробленыя рэальныя крокі, папулізм застанецца папулізмам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG