«Адзіная магчымасьць зьмен — гэта пастаянная, нястомная праца, каб улады Беларусі зразумелі, што ў іх ёсьць надзейны партнэр у асобе нашай асамблеі», — заявіў дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, адкрываючы 24 студзеня слуханьні пра сытуацыю ў Беларусі на пасяджэньні палітычнага камітэту ПАРЭ.
Пра гэта піша БелаПАН.
Паводле Рыгоні, гэтыя слуханьні важныя тым, што ад Беларусі на іх прысутнічаюць як прадстаўнік большасьці ў парлямэнце Андрэй Навумовіч, так і прадстаўніца апазыцыі Ганна Канапацкая. «Гэтага не было 12 гадоў у беларускім парлямэнце», — падкрэсьліў ён.
«Апошнія два гады наша праца была вельмі складанай, доўгай, цярплівай, і цяпер у нас ёсьць ужо першыя вынікі. Па-першае, у верасьні былі мірныя выбары, і два прадстаўнікі апазыцыі ў Палаце прадстаўнікоў цяпер ёсьць. Хачу падкрэсьліць, што гэта дзьве жанчыны, што таксама вельмі важна. І гэта першы крок на шляху плюралізму», — сказаў спэцдакладчык.
Рыгоні адзначыў, што ў сьнежні 2016 году ў Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя аб праблеме сьмяротнага пакараньня і грамадзкай думцы. «Мне здаецца, гэта важны крок наперад у пытаньні абмеркаваньня сьмяротнага пакараньня і большай адкрытасьці грамадзянскай супольнасьці, — сказаў ён. — Мы патрабавалі і патрабуем увядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне, каб 2017 год стаў годам мараторыю. Гэта наш самы галоўны заклік на гэтых слуханьнях».
Паводле Рыгоні, ПАРЭ таксама зацікаўленая ў працягу дыялёгу зь Беларусьсю ў тэме рэформы выбарчага заканадаўства.