Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турысты, якія пераадолелі страх і прыехалі ў Беларусь, выяжджаюць іншымі людзьмі», — Плыткевіч


«Беларусь можа стаць сапраўдным адкрыцьцём для турыстаў, якія ўжо паўсюль пабывалі і шукаюць нешта новае», — сказаў Свабодзе фатограф, выдавец, рэдактар турыстычнага парталу planetabelarus.by Сяргей Плыткевіч.

Паводле яго, увядзеньне бязьвізавага рэжыму можа прыцягнуць у краіну замежных турыстаў, якія стаміліся ад традыцыйных маршрутаў.

«Паглядзіце, які фурор зрабіла Альбанія. Здавалася б, а што там глядзець. А гэта неверагодна цікавая краіна. Беларусь на сёньняшні момант таксама Terra Incognitа. У нашай краіны вельмі цікавы лёс і менавіта гэта можа прыцягнуць сюды турыстаў», — кажа Плыткевіч.

Адмыслова для Свабоды Сяргей Плыткевіч склаў уласны пяцідзённы маршрут для іншаземцаў.

Дзень першы: Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Увесну і пачатку лета трэба ехаць на Палесьсе. Прыпяць залітая вадою — гэта будзе поўная экзотыка для замежнікаў. І тыя людзі, якія на чаўне праплывуць паміж дубамі, у Чэхіі ці Нямеччыне такога не пабачаць.

Дзень другі: Чырвоны Бор, Верхнядзьвінскі раён

Потым бярэм кірунак на поўнач Беларусі — у Чырвоны бор. Гэта цікавае месца ня толькі для іншаземцаў, але і для беларусаў, якія выехалі за мяжу і ня вельмі ведаюць, што ў нас адбываецца. Кожны беларус з замежжа павінен туды паехаць, каб паглядзець — як нашая краіна можа аднавіцца.

Дзень трэці: Парк-музэй інтэрактыўнай гісторыі «Сула», Стаўпецкі раён

Гэта чароўнае месца знаходзіцца непадалёк ад Менску. Апрача шыкоўнага гатэлю і рэстарану, турыста там чакае найцікавейшая сустрэча з гісторыяй: стаянка старажытнага чалавека, знаёмства з гісторыяй вінаробства, беларускай шляхтай і замкамі.

Дзень чацьвёрты: Наносы Навасельле, Мядзельскі раён

На Нарачы ёсьць незвычайная мясьціна — Наносы Навасельле. Там знаходзіцца этнакультурны комплекс з музэямі, кухняй, млынамі, яхт-клюбам. Там можна ня толькі выдатна адпачыць, але адкрыць Беларусь — яе гісторыю і культуру.

Дзень пяты: Лынтупы, Пастаўскі раён

Завершыць падарожжа можна ў Пастаўскім раёне, у вельмі цікавай вёсцы Лынтупы. Мясцовы палац выкупілі беларуска-расейскія партнэры. Яго ўжо адрамантавалі і цяпер вядуцца ўнутраныя працы. Гэта будзе цудоўнае турыстычнае месца. Гаспадары зрабілі ўжо тры вельмі добрыя аграсядзібы: паляўнічую, рыбацкую і кантры. Гэтыя сядзібы знаходзяцца за 100 мэтраў ад літоўскай мяжы. Там найцудоўнейшая інфраструктура ў поўнай глухмені.

Адной з важных перашкод для прыцягненьня турыстаў у Беларусь Плыткевіч называе імідж «апошняй дыктатуры Эўропы».

«Імідж бярэцца зь інфармацыі. Большасьць інфармацыі пра Беларусь — палітычнага характару. Краязнаўчай інфармацыі амаль што няма. Я асабіста працую з турыстамі і магу пацьвердзіць: вельмі многія проста баяцца. У нас быў сплаў па Віліі „Шляхам графа Тышкевіча“. Я быў архізьдзіўлены, калі літоўскія турысты задавалі пытаньні, а ці не арыштуюць нас на Вілейскім вадасховішчы? Я вельмі зьдзівіўся, адкуль увогуле могуць быць такія думкі? Баяцца і літоўцы, і палякі. Я ўжо маўчу пра немцаў і французаў. Але тыя людзі, якія прыехалі, паглядзелі і ўбачылі, якая ў нас сытуацыя, яны ад’яжджаюць іншымі людзьмі», — кажа Сяргей Плыткевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG