Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі: На вуліцах Парыжу за беларускія песьні мне плацілі больш


Музыка Яраш Малішэўскі грае на шархунах
Музыка Яраш Малішэўскі грае на шархунах

Ён грае на старадаўняй колавай леры, ён можа прымусіць звычайную саломіну стаць галасістым пішчыкам. На яго канцэртах людзі скачуць і плачуць... Госьцем перадачы — музыка-мультыінструмэнталіст Яраш Малішэўскі.

— Яраш, вы адзін з аўтараў «Энцыкляпэдыі беларускіх народных інструмэнтаў», і ў мяне такое ўражаньне, што вы на ўсіх іх можаце зайграць. Я чуў, як у вашых руках гучаць дуда, лера, жалейка, акарына, пішчык, гітара, чароткі... Хоць адмысловай музычнай адукацыі вы ня маеце. Як сталася, што гісторык стаў музыкам-мультыінструмэнталістам?

— Сапраўды, шлях да музыкі ў мяне быў няпросты. Гісторыяй я цікавіўся з маленства, а на музыку зьвярнуў увагу значна пазьней. Спачатку толькі слухаў, пасьля закарцела граць самому. Першым маім інструмэнтам стала гітара. Выхоўваўся я на старым клясычным року 60-70-х гадоў. А рок ніколі ня грэбаваў нацыянальнымі традыцыямі — там заўжды ў рознай ступені прысутнічаў фольк. І чым больш я схіляўся да беларушчыны, тым больш мяне ўсё гэта апаноўвала.

Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі

Памятаю, як на самым пачатку 90-х я вандраваў аўтаспынам па Эўропе. Даехаў да Парыжу і выступаў там на вуліцы з гітарай, сьпяваў песьні «Бітлз», «Ролінг стоўнз» і г.д. І там, удалечыні ад радзімы, мне неяк неадчэпна сталі ўзгадвацца родныя песьні. Я парачку прасьпяваў, гляджу — грошай у маім капелюшы значна пабольшала. Той факт, што на парыскіх вуліцах за беларускія песьні мне плацілі больш, чым за ангельскія, мяне таксама прымусіў задумацца, стаў такім сабе дадатковым стымулам. Далей — болей. Сталі мяне цікавіць народныя інструмэнты. Памятаю, як знайшоў сваю першую дудачку, пачаў на ёй граць. Пачаў па ўсёй Беларусі напытваць майстроў, вышукваць інструмэнты. Здаралася і так, што я аказваўся апошнім наведнікам у таго ці іншага майстра. Вось зрабіў ён мне інструмэнт, а неўзабаве сышоў у іншы сьвет, не пакінуўшы вучняў і пасьлядоўнікаў. Я засвоіў адзін інструмэнт, за ім другі, трэці, чацьвёрты... Гэта быў вельмі цікавы для мяне працэс. Умельства і досьвед назапашваліся, перагукваліся. І стаў я граць на розных інструмэнтах — і самастойна, і ў розных калектывах.

— Вось вы прыгадалі свае парыскія вулічныя выступы. А чаму ў Менску музыка не гучыць на вуліцах?

У Менску музыкам проста не даюць граць на вуліцах і ў падземных пераходах.

— Гэтая традыцыя прыжылася б і ў нас, калі б улады не перашкаджалі. У Менску музыкам проста не даюць граць на вуліцах і ў падземных пераходах. Міліцыянты кажуць пра парушэньні нейкіх малаўцямных нормаў. А мне здаецца, гэта проста такое стаўленьне да людзей, якія здольныя нешта самі рабіць. У сёньняшняй Беларусі якія людзі патрэбныя? Тыя, што прыйдуць і будуць стаяць з раніцы да вечара ля варштату ці сядзець за сталом. А чалавек, які сваімі рукамі, сваёй галавой нешта робіць, у нашай краіне лішні, а нават чужы.

— У вашай энцыкляпэдыі прадстаўленыя 32 інструмэнты. А які зь іх мае найбольшую гісторыю бытаваньня на беларускай зямлі?

— Тут я адразу вылучаю дуду. Гэта ня проста музычны інструмэнт, дуда зьвязаная з уяўленьнямі магічнымі, чарадзейскімі, яна, як традыцыйна лічылася, спалучае высокі і нізкі сьвет. Дудар уважаўся за чараўніка, які валодае тонкімі энэргіямі, ён ведаў розныя замовы, заклёны. Дуда гучала ня толькі на танцах, на хаўтурах ці хрэсьбінах, але і падчас розных традыцыйных абрадаў. Дуда — гэта цэлы космас. Я сам пастаянна бачу, як прыходзяць людзі проста паслухаць музыку, і раптам для іх адчыняюцца дзьверы ў гэты беларускі космас. Яны зьмяняюцца, знаходзяць сябе, трапляюць за тыя дзьверы, перад якімі ўсё жыцьцё стаялі, бо яны былі зачыненыя. Гэта насамрэч вельмі цікава.

«Дудар у Беларусі ўважаўся за чараўніка…»
«Дудар у Беларусі ўважаўся за чараўніка…»

— Некаторыя нашы музыкі самі выраблялі інструмэнты — згадайма, напрыклад, сьветлай памяці Ўладзімера Пузыню. Але сёньня сьвет зьмяніўся, і скрыпкі пачынаюць друкаваць на ЗD-прынтары. І назву адпаведную далі, з улікам гістарычных традыцый, — «трыдэварыюсы». Вы не адмовіліся б пайграць на такім інструмэнце?

— Сапраўды, сьвет зьмяняецца. І нярэдка ўсё новае напачатку катэгарычна не прымаецца, уважаецца за бязглузьдзіцу, а потым апынаецца ў разрадзе дасягненьняў чалавецтва. Наконт 3D-скрыпак я пакуль нічога сказаць не магу, яшчэ зь імі не сутыкаўся. Я чалавек архаічны. Можа, гэта няправільна, але я люблю тое, што зроблена рукамі чалавека, які калі рабіў скрыпку ці дуду, уклаў у інструмэнт сваю душу. І калі яго бярэш у рукі, гэта адчуваецца. Не, я, відаць, ніколі не дарасту да 3D-інструмэнтаў...

— Сёньня паралельна з моўнымі курсамі становяцца ўсё больш папулярнымі вечарыны народных танцаў. Ну, з мовай усё зразумела. А ці можна прыйсьці да беларушчыны праз танцы?

Нездарма прымаўка ёсьць пра дзяўчыну, паглядную з усіх бакоў, — здольная і да танца, і да ружанца.

— Вядома ж, можна. У старадаўніх танцах ёсьць пэўныя коды, якія закладваліся стагодзьдзямі, нават тысячагодзьдзямі. І, вырабляючы пэўныя рухі ў «цярэшцы», «лявонісе» ці «мяцеліцы», ты пачынаеш адчуваць тое, што не адчуеш ні на якім іншым узроўні. На аднаго адзін рытм узьдзейнічае, на другога — іншы, тут усё суб’ектыўна. Танец — гэта адзін са складнікаў аўтэнтычнай культуры, ён адназначна абуджае ў чалавеку беларуса. Я ведаю нямала людзей, якія да беларушчыны прыйшлі менавіта праз танцы. Увогуле, танцам шмат што вымяралася. Нездарма прымаўка ёсьць пра дзяўчыну, паглядную з усіх бакоў, — здольная і да танца, і да ружанца.

Колавая лера «заводзіць» ня толькі слухачоў, але і выканаўцаў
Колавая лера «заводзіць» ня толькі слухачоў, але і выканаўцаў

— У расейскага пісьменьніка Канстанціна Паўстоўскага ёсьць апавяданьне пра старога лерніка, песьню якога чуе легендарны камандарм і, забыўшыся, што ляціць на вайсковыя манэўры, распараджаецца пасадзіць самалёт у роднай вёсцы, каб адведаць маці. А ці былі ў вас выпадкі, калі ваша дуда ці ваша лера выклікалі нейкую незвычайную рэакцыю?

— Памятаю, на адным з канцэртаў да мяне падышоў чалавек, дарэчы, таксама «камандармскага» выгляду — магутны, з жорсткім тварам, які, здаецца, ня тое што муху, а чалавека прыб’е і эмоцый ня выявіць. Дык вось, ён плакаў, у яго па твары цяклі сьлёзы. Ён прызнаўся, што, пачуўшы леру, узгадаў сваё маленства і жывога лерніка. На жаль. я сапраўдных лернікаў ужо не засьпеў. А ён бачыў лерніка, які граў на кірмашы на Палесьсі. Прайшло гадоў 60, і ён лічыў, што ўсё гэта незваротна сьцерлася з памяці. І вось пачуў, і ўсё ўспомнілася... Ён стаяў і плакаў, і не саромеўся сваіх сьлёз. Прызнацца, і ў мяне ўнутры тады ўсё перагарнулася. Гэты стан цяжка перадаць, калі ты адчуваеш сябе нейкім інструмэнтам, празь які нешта ідзе да людзей. А неяк мы гралі канцэрт у Нямеччыне, і падышла жанчына, якую вельмі ўзрушыў інструмэнт пішчык, які вырабляецца са звычайнай саломіны. Яна ўсё дзівілася і пасьля сказала: вы на радзіме, відаць, не вылазіце з тэле- і радыёэтэраў. Я не пярэчыў...

— А насамрэч, калі вы апошні раз выступалі па БТ?

— Даўно... Так даўно, што і ня памятаю.

Музыка Яраш Малішэўскі і пісьменьніца Аксана Спрынчан
Музыка Яраш Малішэўскі і пісьменьніца Аксана Спрынчан

— Разам з жонкай, пісьменьніцай Аксанай Спрынчан, вы стварылі паэтычны тэатар «Арт-С», які дзейнічае ўжо больш за дзесяць гадоў. Самая юная акторка ў тэатры — ваша дзевяцігадовая дачка Альжбэта. Да такой дзейнасьці яна сама імкнецца, ці бацькі ўсё ж прымушаюць?

— Вядома ж, мы з Аксанай хацелі, каб яна ўсё гэта ведала, скіроўвалі яе на нейкія гурткі, на самастойныя заняткі, на тое, што мы самі маглі ёй даць. Але калі чалавек не захоча, то ты яго не прымусіш. Нядаўна мы рабілі паказ у нашым тэатры, і Альжбэта сама выклікалася быць адным зь вядоўцаў. Яна сама пажадала навучыцца граць на цымбалах. Справа ў тым, што я граю ў такіх калектывах, як «Папараць» ці «N.R.М.», дзе гучаць і цымбалы. І вось Альжбэта наглядзелася на нашу цымбалістку Алесю, тая стала для яе прыкладам, і Альжбэце захацелася самой стаць цымбалісткай. А мы гэтыя памкненьні дачкі падтрымліваем.

— У свой час вы працавалі ў Скарынаўскім навукова-асьветным цэнтры, які быў ліквідаваны лукашэнкаўскай уладай. Чым канкрэтна вы там займаліся?

Многія беларускія абразы, жывапісныя творы проста ляжаць у фондах расейскіх абласных музэяў. Ім не патрэбна чужое, але аддаць проста так яны ня хочуць.

— У цэнтар мяне, дарэчы, запрасіў яго стваральнік і кіраўнік — Адам Мальдзіс. Я там займаўся падрыхтоўкай зборнікаў «Вяртаньне», дзе давалася інфармацыя пра месцазнаходжаньне помнікаў нашай культурнай спадчыны, якія апынуліся па-за межамі Беларусі. На жаль, наш цэнтар быў зачынены, і ўсё скончылася. А сэрца па ім і сёньня баліць, бо нашыя помнікі ў той жа Расеі часьцяком нікому непатрэбныя. Напрыклад, многія беларускія абразы, жывапісныя творы проста ляжаць у фондах расейскіх абласных музэяў. Ім не патрэбна чужое, але аддаць проста так яны ня хочуць. А для нас кожная такая рэч — на вагу золата. У Беларусі Скарынаўскі цэнтар мусіў бы быць адной з галоўных дзяржаўных дасьледчых інстытуцый, а ён быў ліквідаваны. Гэта абсурд, але такі абсурд сьвядома ладзіцца ў нашай краіне.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG