Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проціпастаўляць ліцьвінаў беларусам — гэта як проціпастаўляць галаў французам»


Паны-рада Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)
Паны-рада Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: Некалькі дзён запар адной з самых гарачых тэмаў сярод беларускіх карыстальнікаў сацыяльных сетак была беларуска-ліцьвінская спрэчка.

Розныя карыстальнікі сацсетак, якія сябе пазыцыянуюць ліцьвінамі, пачалі агрэсіўна крытыкаваць беларусаў. Цікава, што гэта пачалося адначасова, нібы па змове. Пісьменьнік Адам Глобус пачаў публікаваць у сваім Фэйсбуку допісы пад назвай «Беларусы і ліцьвіны». Гэта яшчэ больш разьюшыла гэтых карыстальнікаў.

А сварыцца, насамрэч, і ня трэба было. Можна канешне цяпер доўга высьвятляць, хто першы пачаў і хто больш вінаваты, але сутнасьць ня ў гэтым. Сутнасьць у тым, што і беларускасьць, і ліцьвінскасьць узаемна не выключаюцца. Дастаткова школьнага курсу па гісторыі, каб гэта зразумець. Беларусы — гэта нашчадкі ліцьвінаў, грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага. Наша дзяржава — гэта нашчадак ВКЛ.

Ня маюць рацыі тыя, хто прыпісвае ліцьвінам нейкую мэнтальную і культурную выключнасьць, шукае ў іх адрозьненьні ад беларусаў

Гэта прызнае нават сёньняшняя ўлада, якую шмат хто справядліва папракае ў празьмернай прывязанасьці да спадчыны СССР.
Прыгадваю гісторыю, калі два выпівохі каля крамы разглядалі бутэльку гарэлкі і адзін кажа другому:

— Дурань, ну што купіў, я яшчэ гэтага ня піў. Што за «Вітаўт»?

А другі яму адказвае:

— Гэта ты дурань, гэта ж наш князь.

Я ведаў абодвух герояў і гарантую, што яны ня лічаць сябе ліцьвінамі. Так званы просты люд разумее часам больш, чым інтэлектуалы.

Ня маюць рацыі тыя, хто прыпісвае ліцьвінам нейкую мэнтальную і культурную выключнасьць, шукае ў іх адрозьненьні ад беларусаў. Беларусы і так розныя: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, юдэі, мусульмане і атэісты. Рускамоўныя, беларускамоўныя, тыя, што размаўляюць на трасянцы, палескай гаворцы ці іншых гаворках. Прыхільнікі Эўропы ці Расеі. Дык і ліцьвіны такія былі. Ня варта сёньня сурʼёзным людзям гуляцца ў ліцьвінства і спрабаваць проціпаставіць гэты тэрмін беларускасьці. Гэта тое самае. А што вы думаеце на гэты конт? І хто вы самі: ліцьвіны, беларусы ці ўсё адначасова?

Цыганкоў: У пашпартах нашых напісана, што мы грамадзяне Беларусі, я думаю, гэта будзе самы правільны і адэкватны адказ для 21-га стагодзьдзя, калі мы маем справу з нацыямі, як сказаў клясык паліталёгіі, з уяўленымі супольнасьцямі. Грамадзянства пашпартнае, а не этнічнае, сёньня пераважае ў самаідэнтыфікацыі і самавызначэньні

Проціпастаўляць ліцьвінаў беларусам — гэта тое самае, што супрацьпастаўляць галаў французам. То бок гэта дзьве гістарычныя іпастасі па сутнасьці аднаго і таго ж народу, і выклікаюць шкадаваньне людзі, якія актыўна супрацьпастаўляюць, а гэтая частка ў сацыяльных сетках дзейнічае дастаткова актыўна і агрэсіўна, менавіта адмаўляючы беларусаў як назву і як народ — ён нібыта сфарміраваўся пад няправільнай назвай і пры няправільных гістарычных абставінах, у імпэрскай Расеі. І, маўляў, толькі ліцьвіны сапраўдныя насельнікі гэтых тэрыторый цяперашняй рэспублікі, і толькі ў тым выратаваньне, каб сябе беларусы пачалі ўсьведамляць ліцьвінамі.

Проціпастаўляць ліцьвінаў беларусам — гэта тое самае, што супрацьпастаўляць галаў французам. То бок гэта дзьве гістарычныя іпастасі па сутнасьці аднаго і таго ж народу

Здаецца, у гісторыі не было такога, каб адбываўся адваротны працэс нацыябудаўніцтва. Уласна кажучы, не было такога, каб французы сталі галамі, а немцы зноў готамі. У пэўным гістарычным разьвіцьці кожная нацыя праходзіць свой этап, а вось прыкладаў адваротных, каб нацыя, якая сфармавалася ў 20-21 стагодзьдзі раптам пачынала крок у сваё гістарычнае мінулае, брала тыя свае старыя назвы — такога пакуль што не назіралася. З гэтага пункту гледжаньня менавіта так званае супрацьстаяньне ліцьвінства і беларусаў і трэба ўспрымаць. Не проціпастаўляць, а разглядаць як гістарычнае разьвіцьцё, этап, як паважны падмурак для нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

А тыя суполкі, якія ставяць за мэту супрацьпастаўленьне, адмаўленьне аднаго альбо другога, выклікаюць толькі шкадаваньне. Магчыма, яны не разумеюць сваю дэструктыўную ролю і становяцца мішэньню прапаганды збоку, той жа самай расейскай. Таму заклікаю людзей, якія прымаюць удзел у гэтых дыскусіях, задумацца, як іхняе слова можа адгукнуцца за межамі Беларусі і ўспрымаць гэта як два гістарычных складніка аднаго народа.

Глод: Рыхтуючыся да перадачы, я паглядзеў шмат матэрыялаў. І прыйшоў да высновы, што пытаньне аб беларусах і ліцьвінах — можа, адно з ключавых у беларускай гісторыі. Існуе меркаваньне, што ліцьвіны — адна з нешматлікіх (калі не адзіная) супольнасьцяў Эўропы, якая згубіла сваю саманазву і ператварылася ў беларусаў. У выніку іх нашчадкі не змаглі зьвязаць гісторыю дзяржавы ўласных продкаў, маецца на ўвазе ВКЛ, са сваім жыцьцём. Таму спадчына гэтай краіны пачала атаясамлівацца з суседзямі — сучаснымі літоўцамі.

І калі задацца пытаньнем, што было на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то ў адказе абавязкова будуць і росквіт дзяржавы за Вітаўтам, пра што ўжо згадваў Дзьмітры Гурневіч, паступовы заняпад Вялікага Княства Літоўскага, палянізацыя ў час існаваньня Рэчы Паспалітай, урэшце далучэньне да Расейскай імпэрыі.

Мне падаецца, што такія дыскусіі могуць пасварыць ня толькі саміх беларусаў, але і беларусаў з нашымі суседзямі — літоўцамі ці летувісамі

Я хачу працягнуць той аспэкт нашага абмеркаваньня, пра які казаў Дзьмітрый. Маўляў, у сацыяльных сетках шмат пішуць. што дыскусіі, кшталту той, якую распачаў Адам Глобус, часам інсьпіруюцца спэцслужбамі. Гэта ім неабходна пасварыць беларусаў паміж сабой. У прыватнасьці і праз дыскусію на тэму, хто мы: ліцьвіны ці беларусы?

Мне падаецца, што такія дыскусіі могуць пасварыць ня толькі саміх беларусаў, але і беларусаў з нашымі суседзямі — літоўцамі ці летувісамі. Чаму? У Вільні кажуць, што ёсьць беларусы, якія лічаць, што Літва доўга няўдзячна паводзіла сябе ў дачыненьні да беларусаў. Маўляў, літоўцы, найперш некаторыя навукоўцы, скіраваныя на тое, каб прынізіць Беларусь, паказаць, што яе роля ў ВКЛ была не такой значнай, як лічаць самі беларусы.

Як мне падаецца, гэта заганны шлях. Бо ў Літве можна пачуць, што беларусы прысвойваюць сабе занадта шмат з агульнай гісторыі. І гэтая дыскусія толькі падлівае алей у агонь. Але ж нельга забывацца, што літоўскія ўлады пасьля развалу Савецкага Саюзу зьяўляюцца моцнымі прыхільнікамі дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Дзе за межамі Беларусі найчасьцей зьбіраецца апазыцыя? Найперш, у Вільні. У парлямэнце Літвы афіцыйна створаная дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь».

Я разумею, што дыскусія, якую мы сёньня абмяркоўваем, вядзецца ў сацыяльных сетках. І яна як бы нефармальная, не публічная. Але ж гэта можа выплеснуцца і ў больш шырокую інфармацыйную прастору. Ня думаю, што гэта дапаможа прыхільнікам дэмакратызацыі Беларусі, як у Менску, так і ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG