Менскі трактарны завод працягвае зьдзіўляць гледачоў незвычайнымі відовішчамі. Пасьля танцаў на трактарах «Беларус» вырашана правесьці трактарнае ралі «Парыж — Мосар» — «з мэтай паляпшэньня іміджу адкрытага акцыянэрнага таварыства „Менскі трактарны завод“, павышэньня прэстыжу прафэсіі трактарыста», як паведамілі арганізатары.
Начальнік упраўленьня пратаколу і рэклямы Менскага трактарнага заводу Аляксандар Суднік распавёў, што сярод заводзкіх шмат заўзятараў транскантынэнтальнага ралі, якое раней называлася «Парыж — Дакар», а цяпер проста «Дакар» (бо ралі з 2009 году перанесенае ў мэтах бясьпекі з Афрыкі ў Паўднёвую Амэрыку). Дарэчы, у ралі «Дакар» ужо некалькі гадоў бяруць удзел беларускія «МАЗы», і выступаюць даволі пасьпяхова. Некалькі дзён таму гончыкі каманды «МАЗ-СПОРТаўта» паказалі на ралі-рэйдзе «Дакар-2017» найлепшы вынік за ўсю гісторыю сваіх выступаў — экіпаж Аляксандра Васілеўскага завяршыў маратон шостым.
Трактаразаводцы ў добрым сэнсе пазайздросьцілі сваім калегам мазаўцам і вырашылі правесьці сваё ралі маршрутам Парыж — Мосар (Парыж — вёска ў Пастаўскім раёне, а Мосар — у Глыбоцкім).
«Мы вырашылі выставіць свае экіпажы трактароў, якія па бездарожжы, па трасе, непраходнай для звычайных аўтамабіляў, праедуць зь вёскі Парыж у вёску Мосар, але для сугучнасьці з «Дакар» назвалі ралі «Парыж — Масар», з націскам на апошні склад«,— тлумачыць начальнік упраўленьня пратаколу і рэклямы МТЗ спадар Суднік.
Меркавалася, што ралі адбудзецца 25 студзеня, але літаральна сёньня стала вядома, што яго перанясуць альбо на 28, альбо на 29 студзеня, і прымеркаванае яно будзе да Дня беларускай навукі. Дакладная дата будзе вядомая ў канцы тыдня. Пра гэта паведаміў Свабодзе намесьнік генэральнага дырэктара МТЗ Аляксандар Сусьлянкоў.
Тры экіпажы мусілі стартаваць у Парыжы 25 студзеня, цяпер пляны мяняюцца, кажа Аляксандар Суднік:
«Але сёньня вярнуўся генэральны дырэктар заводу Фёдар Дамаценка з Эгіпту, і ў нас чакаюцца перамены. Мы думалі, што трактары адных мадэляў будуць удзельнічаць, але, хутчэй за ўсё, давядзецца памяняць на іншыя. Таксама пераносяцца і тэрміны.
Але гарантуем, што праграма будзе цікавай. Старт — зь вёскі Парыж. Па ўсім маршруце трактары будуць суправаджаць тэлекамэры і квадракоптары. Трансьляцыя ў рэжыме оnline будзе весьціся на вялізны экран, разьмешчаны на пляцоўцы каля Мосарскага касьцёла, дзе гледачы будуць чакаць фінішу трактарыстаў. Будзе наладжаная і інтэрнэт-трансьляцыя. Тут адбудуцца ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў ралі, узнагароджаньне пераможцаў, выступленьне запрошаных артыстаў. Будзе працаваць палявая кухня».