Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст-фрылансэр праз суд патрабуе інфармацыю ад трэсту


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Гомельскі фрылансэр, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Кастусь Жукоўскі зьвярнуўся з пазовам у суд, каб прымусіць кіраўніцтва ААТ «Гомельскі будаўніча-мантажны трэст № 27» прадставіць інфармацыю пра дзейнасьць прафсаюзнай арганізацыі па сацыяльнай абароне будаўнікоў.

«Пры канцы мінулага году трэст працаваў чатыры дні на тыдзень, — кажа Жукоўскі. — Як грамадзянін і журналіст-фрылансэр я зьвярнуўся да намесьніка генэральнага дырэктара па кадрах, ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях Мікалая Сугака — цікавіўся сацыяльнай абароненасьцю будаўнікоў трэсту. Аднак ідэоляг заявіў, што паступіла ўказаньне з адміністрацыі не даваць канкрэтна мне ніякай інфармацыі, хоць паводле Канстытуцыі як грамадзянін я маю права яе зьбіраць і распаўсюджваць».

Каб пазьбегнуць непаразуменьня, Жукоўскі зьвярнуўся да кіраўніка трэсту № 27 зь пісьмовай скаргай. І атрымаў такі адказ за подпісам выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 27» Юрыя Ашуркі:

«Разгледзеўшы вашу скаргу аб адмове ў прадстаўленьні інфармацыі, якая паступіла 21.12.2016 г., лічым яе неабгрунтаванай у сувязі з тым, што, зыходзячы з пададзеных вамі зьвестак, на вас не распаўсюджваюцца нормы Закону Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2008 году „Аб сродках масавай інфармацыі“».

Гомельскі праваабаронца, юрыст ГА «БАЖ» Леанід Судаленка, які дапамагаў Кастусю скласьці заяву ў трэст, лічыць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Жукоўскага не як прадстаўніка СМІ, а як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, чые правы, гарантаваныя беларускай Канстытуцыяй, парушаны

«Цяпер мы, — кажа Судаленка, — падрыхтавалі заяву ў суд Цэнтральнага раёну, у якой просім прызнаць адказ кіраўніцтва трэсту № 27 на запыт інфармацыі аб сацыяльнай абароне будаўнікоў неканстытуцыйным, такім, які абмяжоўвае правы і законныя інтарэсы фрылансэра Жукоўскага. Адначасова прапануем абавязаць кіраўніцтва трэсту выправіць дапушчанае парушэньне і даць фрылансэру інфармацыю, якой ён пытаўся».

У пазоўнай заяве ў суд, акрамя спасылкі на беларускую Канстытуцыю, фрылансэр спасылаецца і на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь. У прыватнасьці, на артыкул 19, які прызнае права чалавека на атрыманьне інфармацыі. Карыстаньне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаваньням, апроч тых, якія прадугледжваюцца ў дэмакратычным грамадзтве законам у інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, правапарадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва альбо абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Гэта першы ў краіне судовы пазоў фрылансэра за адмову даць звычайную інфармацыю, якая не абмяжоўваецца заканадаўствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG