Пікет старэйшага Чарнавуса адбыўся ў маладым парку Баранавічаў. На плякаце актывіста быў напісаны заклік да прэзыдэнта з патрабаваньнем адмяніць збор на «дармаедзтва».
Як распавёў Мікалай Чарнавус старэйшы, у часе пікету зьбіраліся подпісы за адмену гэтага падатку:
«Пакуль стаяў зь плякатам, сабраў 34 подпісы. Людзі ахвотна за гэта падпісваюцца, бо праблема закранула многіх. Я пэнсіянэр, няма чаго губляць, а людзі баяцца пратэставаць. За сем’і свае баяцца ды таго, што можна зусім ніякай працы не знайсьці».
Як кажа Мікалай Чарнавус старэйшы, у Баранавічах вельмі востра стаіць праблема беспрацоўя, таму ён не разумее, як можна караць, за тое, што чалавек ня можа знайсьці працу:
«Прадпрыемствы скарачаюць людзей, а дзяржаве — прыбытак. Пры гэтым усё так хітра зроблена, што прадпрыемствы ж ня робяць скарачэньняў у простым сэнсе гэтага слова, а звальняюць людзей „праз сканчэньне кантракту“. Бо калі скарачаць, то мусяць плаціць людзям, а каб не плаціць, робяць такім чынам», — кажа апазыцыянэр.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Чарнавус малодшы зьбірае ў Баранавічах подпісы пад зваротам да мясцовых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб яны ініцыявалі адмену «падатку на дармаедзтва». Ужо сабрана больш за 400 подпісаў.