Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляне гатовыя назваць «Чалавекам году» хлопца, які затрымаў п’янага палкоўніка міліцыі


Артур Яраш
Артур Яраш

Жыхар Віцебску Артур Яраш у лютым 2016 году затрымаў былога начальніка Першамайскага РАУС Сяргея Сарокіна, які кіраваў аўтамабілем у нецьвярозым стане.

Затрыманьне было незвычайным: машына, дзе хлопец ехаў у якасьці пасажыра, ледзьве ня трапіла ў ДТЗ зь віны другога кіроўцы. Ім і аказаўся палкоўнік Сарокін, які вёў свой аўтамабіль нападпітку.

Спачатку высокапастаўлены міліцыянт прапаноўваў грошы, каб хлопец яго «адпусьціў». Аднак Артур Яраш выклікаў ДАІ — праявіў прынцыповасьць, якая скончылася для яго судовым разборам: Сяргей Сарокін разам з маці, якая ў часе здарэньня была ў ягонай машыне, абвінавацілі хлопца ў вымаганьні і паклёпе.

Гісторыя набыла рэзананс, і ўрэшце начальніка РАУС звольнілі, а міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч мусіў адкамэнтаваць гэта наступным чынам: «Я не магу абараняць людзей, якія, на наша меркаваньне, не павінны знаходзіцца ў органах унутраных справаў. Чалавек за стырном у стане алькагольнага ап’яненьня, калі ён у пагонах, — гэта як мінімум адразу ж пераход у цывільны статус».

Маці палкоўніка, якая імкнулася «дапамагчы» сыну і заявіла, што Артур Яраш правакаваў бойку і вымагаў грошы, саму пакаралі за паклёп.

У намінанты на званьне «Чалавек году» Артура Яраша вылучыла рэдакцыя сайту «Народныя Навіны Віцебску». Гэта ўжо традыцыйны конкурс, і пераможцу зь ліку некалькіх кандыдатур мусіць вызначыць анлайн-галасаваньне. Апытанка дзейнічае роўна месяц, і за першы тыдзень пасьля зьяўленьня на сайце «ННВ» у галасаваньні ўзялі ўдзел 253 чалавекі. Зь іх 78 ( або 31 %) аддалі свае галасы за перамогу Артура Яраша.

Другое месца ў рэйтынгу ўжо колькі дзён трымае самы незвычайны прэтэндэнт на перамогу за ўсю гісторыю конкурсу «ННВ». Упершыню гэта не канкрэтны чалавек, а група людзей, якую аб’яднала адзіная мэта. «Жыхары вуліцы Чэхава» — так названы калектыўны намінант, вылучаны на ганаровае званьне за абарону віцебскага парку, які меркавалі зьнішчыць дзеля будаўніцтва копіі Сафійскага сабору.

Менавіта жыхары найбліжэйшай вуліцы першымі ўзнялі ў Віцебску хвалю пратэсту, напісалі некалькі калектыўных лістоў, зьвярнуліся ў незалежныя СМІ і з дапамогай землякоў стварылі такі шырокі грамадзкі розгалас праблемы, што будаўніцтва ў парку было спынена. Высьветлілася, у галоўнага ініцыятара будоўлі — Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы — няма грошай на ўвасабленьне праекту, які многія ў горадзе лічаць бязглуздым і ня вартым укладаньня сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG