Арганізатар мерапрыемства мастак Мікола Купава з гэтай нагоды распавёў Свабодзе:
«Мы пачалі гэты год ня зь пеўня, а зь беларускай кнігі. Бо для нас сёлетні год — гэта год Скарыны, а ня пеўня.
Тое, што адбылося сёньня, гэта толькі пачатак. Да Скарыны будзем вяртацца сёлета яшчэ не аднойчы. Будзе мастацкая дзіцячая выстава, і дарослая — на скарынаўскую тэматыку. І яшчэ шэраг розных грамадзкіх акцыяў.
На жаль, усё даводзіцца рабіць, як кажуць, на грамадзкіх пачатках. Мы накіроўвалі ва ўрад два лісты з просьбаю аб дапамозе — матэрыяльнай і інфармацыйнай. А атрымалі... фігу. Па ўсіх пытаньнях, літаральна па ўсіх. Зараз рыхтуем трэці».
На пытаньне Свабоды, чаму заля палаца сёньня была амаль пустой, спадар Купава адказаў так:
«Мабыць, мы ўсё ж пралічыліся з днём правядзеньня. Сёньня субота, і, мабыць, людзі кудысьці сіганулі. А з другога боку, мала ўдзельнікаў — гэта аб’ектыўная ілюстрацыя агульнай апатыі і абыякавасьці.
На вялікія аб’явы мы ня маем грошай. Але ж мы карысталіся сацыяльнымі сеткамі, разаслалі асабістыя запрашэньні.
Я ўжо казаў, што сёньняшняя імпрэза — першая. Таму перад наступнай — дзіцячай мастацкай выставай — будзем думаць, як выправіць сытуацыю».