Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стары рокер як старое віно...


Дэйвід Кавэрдэйл з гуртам «Whitesnake», 2003.
Дэйвід Кавэрдэйл з гуртам «Whitesnake», 2003.

Гэта было як у казцы. У 1973 Дэйвід Кавэрдэйл прачытаў абвестку, што «Deep Purple» шукаюць вакаліста, каб замяніць самога Іэна Гілана. Ён паслаў свой запіс, яго запрасілі на праслухоўваньне... і прынялі. У лютым 1974 «Deep Purple» выдалі «Burn», свой першы альбом з новым вакалістам і новым басістам (тады яшчэ Глэн Х’юз замяніў Роджэра Гловэра), а ў красавіку Дэйвід Кавэрдэйл сьпяваў у Каліфорніі перад 200-тысячнай аўдыторыяй. Падыгрывалі яму тагачасныя багі рок-музыкі: Рычы Блэкмар і Джон Лорд. Дэйвіду было ўсяго 22 гады. Вось магутны блюз Блэкмара-Кавэрдэйла «Mistreated» з таго канцэрту:

Кавэрдэйл і Х’юз (які таксама сьпяваў) унесьлі ў музыку «Deep Purple» выразную інтанацыю фанку і соўлу, якая не спадабалася Блэкмару, і ён пакінуў гурт пасьля запісу альбому «Stormbringer» (сьнежань 1974). Лорд і Пэйс пасьля адыходу Блэкмара хацелі распусьціць «Deep Purple», але Кавэрдэйл нараіў ім маладога амэрыканскага гітарыста Томі Боліна і намовіў запісаць яшчэ адзін альбом — «Come Taste the Band» (1975). У той час альбом аказаўся камэрцыйнай паразай, і «Deep Purple» спынілі сваю дзейнасьць у 1976. Але сёньня я слухаю гэты дыск значна часьцей, чым клясычныя «Deep Purple in Rock» і «Machine Head». Вось выдатная песьня «You Keep on Moving», напісаная Кавэрдэйлам і Х’юзам для гэтага, на маю думку, несправядліва недаацэненага альбому. Зьвярніце ўвагу на ігру 24-гадовага гітарыста Томі Боліна, якому тады заставаўся ўсяго год жыцьця...

Пасьля роспуску «Deep Purple» Дэйвід Кавэрдэйл пастанавіў пайсьці самастойнай музычнай дарогай. Ён запісаў два сольныя альбомы, «White Snake» і «Northwinds», а потым сабраў гурт пад назвай «Whitesnake», пад шыльдай якога запісвае і выступае да сёньняшняга дня. Склад гурту шматкроць мяняўся (у свой час былі ў ім і Джон Лорд зь Іэнам Пэйсам, пакуль ім не прыйшла ў галаву ідэя рэанімаваць «Deep Purple» з Блэкмарам і Гіланам), але асоба Кавэрдэйла як лідэра «Whitesnake» гарантавала музыцы гурту стылістычную вязкасьць і распазнавальнасьць на працягу амаль чатырох дзесяцігодзьдзяў. Сапраўдны посьпех прыйшоў да гурту пасьля запісу сёмага альбому — які называўся проста «Whitesnake» — у 1987 годзе. Вось прыемная баляда з гэтага залатога ва ўсіх адносінах дыску (у відэакліпе ў розных правакацыйных позах зьнялася тагачасная жонка Кавэдэйла):

Усе наступныя дыскі «Whitesnake», пасьля гэтага пераломнага з 1987 году, мелі вялікі камэрцыйны посьпех і сустракаліся зь нязьменным энтузіязмам фанаў. У 1993 годзе Дэйвід Кавэрдэйл, дзеля разнастайнасьці, запісаў альбом з Джымі Пэйджам. Альбом неблагі, а вось гэтая песьня — дык наогул музычная пэрліна:

Што ні сказаць, а Кавэрдэйлу ўвесь час шанцавала на гітарыстаў: Рычы Блэкмар, Джымі Пэйдж, Стыў Вай, Адрыен Вандэрбэрг... З гэтым апошнім, гітарыстам-віртуозам зь Нідэрляндаў, Кавэрдэйл запісаў, як на мой густ, адзін з найлепшых акустычных альбомаў у рок-музыцы — «Starkers in Tokyo» (1997). У камэральных абставінах у Японіі Дэйвід пад акампанэмэнт Адрыена геніяльна прасьпяваў 10 сваіх ранейшых песень. Адна зь іх:

У 2009, падчас канцэртнага турнэ ў ЗША, Кавэрдэйл сарваў голас. На шчасьце, перапынак у ягонай музычнай кар’еры быў нядоўгі. У 2011 годзе Кавэрдэйл з «Whitesnake» запісалі альбом «Forevermore». Паслухайма загалоўную песьню з гэтага альбому ў канцэртным выкананьні Кавэрдэйла (якому тут, адзначым, ужо 60 гадоў):

Апошні студыйны запіс Дэйвіда Кавэрдэйла — «The Purple Album» з 2015 году. Музыка сьпявае на ім 13 нанава запісаных песьняў з рэпэртуару «Deep Purple», калі ён быў там вакалістам. Вось, прыкладам, перазапісаны «Stormbringer». Стары добры рок, пра які сёньняшнія маладыя пакаленьні мэляманаў, мабыць, і зялёнага паняцьця ня маюць, як кажуць палякі...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG