Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Польшча ад 2004 году прызначыла на падтрымку беларускай дэмакратыі 140 млн эўра»


Славамір Дэмбскі
Славамір Дэмбскі

Ад далучэньня Польшчы да Эўразьвязяу ў 2004 годзе Польшча ў розных формах выдаткавала на падтрымку беларускай дэмакратыі каля 140 мільёнаў эўра. Пра гэта ў інтэрвію газэце «Rzeczpospolita» заявіў дырэктар Польскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Славамір Дэмбскі.

«Мы павінны працягваць падтрымліваць беларускую незалежнасьць, але неабходна падумаць пра мэтады», — сказаў Дэмбскі.

На пытаньне журналіста, ці павінна Польшча дзеля гэтага падтрымліваць Лукашэнку, Дэмбскі адказаў:

«Мы павінны даваць Лукашэнку магчымасьць пашырэньня поля палітычнага манэўру. У практыцы гэта азначае, што трэба ўваходзіць зь ім у палітычнае ўзаемадзеяньне. Калі Лукашэнка хоча цяпер стварыць карысныя ўмовы для палітычнай і эканамічнай супрацы паміж нашымі краінамі, то варта пра гэта падумаць».

Журналіста цікавіла таксама, ці цаною паразуменьня з Лукашэнкам павінна быць закрыцьцё тэлеканалу Белсат. На гэта Славамір Дэмбскі адказаў:

«Белсат — гэта інструмэнт нашай палітыкі адносна Беларусі, і пэрыядычна ён павінен ацэньвацца праз прызму эфэктыўнасьці. Міжнародны кантэкст мяняецца, таму трэба падумаць, ці не дапасаваць да яго нашыя інструмэнты. Калі Аляксандар Лукашэнка хацеў бы схіліць польскія ўлады падумаць наконт працы Белсату, то я лічу, што ў яго павінна быць ідэя на нейкі палітычны эквівалент».

Польскі інстытут міжнародных дачыненьняў Славамір Дэмбскі ўзначальвае ад лютага 2016 году. Гэта галоўная дарадчая ўстанова польскага ўраду ў галіне замежнай палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG