Суд прызнаў, што ў прымусовых дзеяньнях з боку судовага выканаўцы ў дачыненьні да Верамеенкі не было неабходнасьці.
Адміністрацыйны судовы працэс у дачыненьні грамадзкага актывіста Сяргея Верамеенкі ў Ленінскім судзе Горадні разглядаўся на падставе пратаколу ўчастковага міліцыянта Аляксея Лукашыка.
Паводле пратаколу, судовы выканаўца Яўген Панькоў 22 сьнежня наведаўся дадому да спадара Верамеенкі ў 19.10 з мэтай правесьці вопіс маёмасьці (улетку Верамеенка быў аштрафаваны на 525 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце). Верамеенка, як адзначана ў пратаколе, не пусьціў яго ў хату і не дазволіў зрабіць вопіс маёмасьці, тым самым праявіў непадпарадкаваньне службовай асобе пры выкананьні службовых абавязкаў.
Панькоў выклікаў міліцыянтаў, якія засьведчылі, што ў іх прысутнасьці Верамеенка настойліва патрабаваў, каб судовы выканаўца пакінуў ягоны дом, паколькі дзеяньні Панькова незаконныя, і не дазволіў яму правесьці вопіс маёмасьці. Праўда, абодва міліцыянты засьведчылі, што ў іх прысутнасьці Верамеенка не прымяняў фізычнай сілы.
Ужо ў ходзе працэсу высьветліцца, што пратакол пра Верамеенку быў складзены маёрам Лукашыкам толькі на падставе апытанага пацярпелага Панькова і двух міліцыянтаў, якія ў той дзень прыбылі на выклік судовага выканаўцы. Верамеенку Аляксей Лукашык не апытаў, бо, як патлумачыў суду, некалькі разоў тэлефанаваў і зразумеў, што Верамеенка не зьбіраецца зьяўляцца ў міліцэйскі пастарунак.
Падчас судовага пасяджэньня Верамеенка меў магчымасьць данесьці сваю вэрсію падзеяў. Паводле яго, у пратаколе зьмешчаны істотныя недакладнасьці. Не адпавядае рэчаіснасьці тое, што ён не пусьціў судовага выканаўцу ў дом. Гэта засьведчылі і сьведкі.
Дзьверы спадару Панькову адчыніла жонка Верамеенкі, і пакуль яна будзіла мужа, які адпачываў пасьля працоўнай зьмены, Панькоў ужо пачаў апісваць маёмасьць. І рабіў гэта без панятых.
Як сьведчыць Верамеенка, яго абурылі дзеяньні судовага выканаўцы. Гаспадар паказаў яму квіток аб сплаце штрафу, паведаміўшы, што рыхтуе скаргу ў вышэйшую судовую інстанцыю, і на гэтай падставе заявіў, што той ня мае ніякага права праводзіць вопіс маёмасьці і запатрабаваў, каб Панькоў пакінуў ягоны дом.
Панькоў, у сваю чаргу, настойваў у судзе на тым, што Верамеенка не паказваў яму квітанцыі аб аплаце штрафу. Паводле яго, вопіс у адным пакоі ён зрабіў, а ў другі, маўляў, Верамеенка яго не пусьціў, «адштурхоўваючы локцямі і плячыма».
Сьведкі-міліцыянты прыгадалі, што Верамеенка паказваў і ім нейкія паперы, але яны не пацьвердзілі, што гэта была квітанцыя аб сплаце штрафу. Іх пазыцыя зводзілася да таго, што «наша задача ахоўваць грамадзкі парадак, а да вопісу маёмасьці мы ня маем справы».
Жонка Верамеенкі Вольга сьведчыла, што ейны муж паказваў судоваму выканаўцу нейкія дакумэнты, але, што там было канкрэтна, яна ня бачыла. Пазьней, калі судовы выканаўца пайшоў, муж сказаў ёй, што штраф быў заплачаны ўжо два дні таму.
Пытаньне судзьдзі да Верамеенкі:
Чаму вы не аддалі квітанцыю аб сплаце штрафу судоваму выканаўцу?
Ён паводзіў сябе агрэсіўна, у грубай форме спрабаваў загадваць мне, каб я сядзеў і маўчаў. І як я мог аддаць такому чалавеку гэты дакумэнт — у мяне не было да яго ніякага даверу.
Судзьдзя на падставе дакумэнтаў канстатуе, што штраф насамрэч быў аплочаны 20 сьнежня, за два дні да прыходу судовага выканаўцы, і потым нават паўторна 23 сьнежня. Праўда, да судовых выканаўцаў, паводле зьвестак судзьдзі, гэтая інфармацыя дайшла толькі 26 сьнежня.
Пытаньне судзьдзі да Панькова:
Чаму вы прыйшлі апісваць маёмасьць, не папярэдзіўшы Верамеенку, гэта ж супярэчыць інструкцыі?
У мяне не было нумара тэлефона, каб паведаміць яму, паколькі прозьвішча Верамеенкі ня значыцца ў базах ніводнага з беларускіх апэратараў.
Верамеенка абвяргае гэта і кажа, што раней некалькі разоў размаўляў з Паньковым праз тэлефон пра іншыя штрафы і, маўляў, той ведаў ягоны нумар.
Панькоў не рэагуе на камэнтары Верамеенкі і даводзіць суду, што паводзіўся ў адпаведнасьці з заканадаўствам і пры выкананьні службовых абавязкаў кіраваўся службовымі інструкцыямі.
Судовае пасяджэньне расьцягнулася на тры дні. Гарадзенскі праваабаронца Уладзімер Хільмановіч, які прысутнічаў на працэсе, у перапынку паміж судамі зьвярнуў увагу на тое, што некаторым службоўцам інструкцыі папросту затуманьваюць вочы.
— Нават калі ён ня меў нумару тэлефона і не папярэдзіў Верамеенку, але ж калі прыйшоў у хату пасьля 19-й да чалавека, які ўжо адпачываў, няўжо ня мог проста па-чалавечы пагаварыць, запытацца, калі трэба, то папярэдзіць, каб штраф выплочваўся. А не, адразу апісваць маёмасьць...
На трэцім пасяджэньні Панькоў зьмяняе свае паказаньні і кажа суду, што Верамеенка, не пускаючы яго ў другі пакой дома для правядзеньня вопісу маёмасьці, «хапаў яго за ўніформу».
А сьцьвярджэньне пра тое, што ён прыйшоў апісваць маёмасьць без папярэджаньня, паколькі прозьвішча Верамеенкі ня значыцца ў базах ніводнага з беларускіх апэратараў, замянілася на тое, што тэлефанаваў тройчы, але ня мог датэлефанавацца.
Тым ня менш судовае рашэньне прагучала не на карысьць Панькова. Судзьдзя Наталя Козел аб’явіла, што адміністрацыйная справа ў дачыненьні Сяргея Верамеенкі спынена,бо ў прымусовых дзеяньнях з боку судовага выканаўцы да Верамеенкі не было неабходнасьці.
Пасьля сканчэньня судовага працэсу Сяргей Верамеенка сказаў Свабодзе, што рашэньне для яго прагучала даволі нечакана, хоць яно і заканамернае.
— Калі б яны і гэтым разам узялі пад увагу толькі тое, што напісана ў пратаколе, гэта выглядала б поўным абсурдам, на мяжы сьмеху. Пратакол складзены, мякка кажучы, нядбайна, судовы выканаўца парушыў усе магчымыя інструкцыі, сьведкі не далі паказаньняў супраць мяне. Справа папросту развалілася ў судзе. І тым ня менш, хоць рашэньне і справядлівае, але я яго лічу палітычным. Проста цяпер час, калі беларуская дзяржава паддобрываецца да Эўропы, бо ў рэжыму няма сродкаў на ўтрыманьне ўлады і ёй нявыгадна псаваць дачыненьні праз такіх, як я.
Праваабаронца Раман Юргель кажа, што для яго таксама нечаканае ня толькі рашэньне, але і тое, як ад самага пачатку праводзіўся судовы працэс. Маўляў, на падобных працэсах у судзьдзі Козел знаходзіўся дзясяткі разоў, але каб так дакладна і скрупулёзна яна прытрымлівалася ўсіх юрыдычных нормаў, то нават цяжка прыгадаць. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што нават хадайніцтва Верамеенкі — праводзіць працэс на беларускай мове — судзьдзя не адхіліла, як гэта традыцыйна робіцца, а задаволіла яго часткова, аб’явіўшы, што паказаньні Верамеенкі будуць заносіцца ў пратакол на беларускай мове.
— Падобныя працэсы не расьцягваліся ніколі на тры дні, рашэньні па іх выносіліся менш чым за гадзіну, а тут, безумоўна, навіна. Я зьвязваю гэта з тым, што апошнім часам вельмі шмат беларускіх грамадзян пачалі абскарджваць рашэньні беларускіх судоў у міжнародным Камітэце правоў чалавека пры ААН. Думаю, што гэта пачало даходзіць і да беларускіх уладаў, якія цяпер ня хочуць псаваць дачыненьні зь міжнароднымі структурамі.