Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэнсіянэраў, якія працуюць, у Беларусі ўдвая больш, чым у Польшчы»


Кожны чацьвёрты беларускі пэнсіянэр працягвае працаваць. Як гэта можа адбіцца на эканоміцы і рынку працы? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Ігар Карней.

Гурневіч: Паводле афіцыйнай статыстыкі, 25% беларусаў, то бок кожны чацьвёрты, пасьля выхаду на пэнсію застаецца працаваць. Гэта больш за 665 тысяч чалавек з агульнага ліку больш за 2,5 млн чалавек. Прычым за год гэты паказьнік павялічыўся прыблізна на 15 тысяч. Асабліва вялікая частка людзей застаецца ў галіне адукацыі і сацыяльнага абслугоўваньня.

Гэта ня дзіўна. Сярэдняя пэнсія ў Беларусі не дацягвае і да 150 даляраў. Раней казалі, што ў вёсцы за такія грошы яшчэ пражыць можна, а вось у горадзе — не. Пражыць, зводзячы канцы з канцамі, можна і ў горадзе. Але прыблізна таксама сытуацыя выглядае і ў малых мясцовасьцях. Насельніцтва вёсак імкліва старэе. Людзі адмаўляюцца ад натуральнай гаспадаркі, падключаюцца да цэнтральнага абаграваньня, да вадаправоду. Усё гэта каштуе немалыя грошы. Раней дзяржаўная прапаганда сьцьвярджала, што пэнсіянэры краін Балтыі зайздросьцяць беларускім, маўляў, усё у іх таннае і пэнсія годная. Але ўсё хутка зьмянілася і сёньня беларускія пэнсіянэры ўжо ня ўзор.

давайце параўнаем беларускіх пэнсіянэраў, напрыклад, з польскімі. Там пасьля сыходу на заслужаны адпачынак працягвае працаваць 12% пэнсіянэраў. Гэта ў два разы менш, чым у нас

Працаваць на пэнсіі — не загана. Чалавек добра сябе адчувае, хоча быць актыўным і гэта добра. Але давайце параўнаем беларускіх пэнсіянэраў, напрыклад, з польскімі. Там пасьля сыходу на заслужаны адпачынак працягвае працаваць 12% пэнсіянэраў. Гэта ў два разы менш, чым у нас. Сярэдняя велічыня пэнсіі ў Польшчы — амаль 400 даляраў. Розьніца і ва ўзроўні жыцьця, і ў падыходзе да жыцьця.

На думку эканамістаў, беларуская пэнсійная сыстэма — адна з самых неэфэктыўных ў сьвеце, і патрабуе карэнных зьменаў, заявіў у інтэрвію тэлеканалу Белсат эканаміст Леанід Заіка.

«Аплачваюць пэнсіі тыя, хто працуе. Грошы проста вось даюць тыя, хто цяпер працуе, яны вам даюць грошы на тое, каб пэнсіянэры жылі. З гэтым варта сканчаць. Пэнсія павінна быць назапашвальнай, у вас павінен быць капітал», — кажа эканаміст.

Вось гэтыя 25% пэнсіянэраў на працы — гэта ўсяго толькі статыстыка ці нейкі небясьпечны званочак для эканомікі і дзяржавы?

Глод: Зразумела, што беларускія пэнсіянэры працуюць не ад добрага жыцьця.

Вельмі ўсё дорага каштуе. Усё ж даражэе далей, літаральна штодня. Таму вялікая колькасьць пэнсіянэраў, нягледзячы на ўжо заслужаны адпачынак, працягвае працаваць, зарабляючы на больш-менш годнае жыцьцё. Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі працуюць прыкладна 665 тысяч асобаў пэнсійнага веку. Тут адметна, што яшчэ шэсьць гадоў таму такіх было амаль удвая менш. Бо тады пэнсіі былі больш важкімі.

галіны, у якіх застаецца найбольш асобаў пэнсійнага ўзросту, — гэта адукацыя, сацыяльныя паслугі ды ахова здароўя

Цяпер жа нават тыя пэнсіянэры, што знаходзяць яшчэ сілы працаваць, напэўна не пахваляцца заможным жыцьцём. Бо галіны, у якіх застаецца найбольш асобаў пэнсійнага ўзросту, — гэта адукацыя, сацыяльныя паслугі ды ахова здароўя. Гэта тыя, дзе найменшыя заробкі ў краіне.

А пэнсіянэры, якія жывуць на мінімальную пэнсію, могуць трапіць у катэгорыю тых асобаў, якія жывуць каля мяжы беднасьці ці ўжо за ёй.
А тут яшчэ апошнім часам пайшлі размовы, што ў пэнсіянэраў, якія працуюць, могуць забраць 40% пэнсіі. Пакуль ніякіх афіцыйных дакумэнтаў няма. Але ж усё можа быць. Указам кіраўніка дзяржавы паднялі пэнсійны ўзрост, указам павялічылі працягласьць страхавога стажу. Такім жа чынам могуць унесьці зьмены ў заканадаўства і паводле пэнсій працоўных пэнсіянэраў. Дарэчы, калі ў працоўнага пэнсіянэра сёньня індывідуальны каэфіцыент большы за 1,3, у яго ўжо вылічваюць грошы. Як правіла, вылічваюць 18-20%.

Зьмяншэньне пэнсіі ў тых, хто працягвае працаваць, экс-міністар працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў лічыць цалкам верагодным. У краіне няма грошай, эканоміка не працуе, а праводзіць рэформы кіраўнікі ня хочуць праз боязь страціць уладу. Яны шукаюць любыя варыянты каб зэканоміць грошы. Таму дзіўна, што ходзяць чуткі толькі аб 40%. Я думаю, што могуць наагул перастаць плаціць пэнсію пэнсіянэрам, якія працуюць.

Стала традыцыяй, што ў Беларусі пэнсіі становяцца большымі перад выбарамі і рэфэрэндумамі. На тле апошніх размоваў пра магчымы рэфэрэндум для Лукашэнкі, аналітыкі не выключаюць, што і пэнсіянэраў улады захочуць залагодзіць. Кіраўнік дзяржавы ўжо шмат гаворыць, што верне ў 2017 годзе заробак па 500 даляраў на месяц. Таму, мабыць, нешта і пэнсіянэрам паабяцаюць.

Карней: Уладзімер Уладзімеравіч Глод, уласна кажучы, якраз і ўяўляе прыклад працуючага пэнсіянэра і, пэўна, як ніхто ведае, ці рэальна паўнавартасна існаваць зь цяперашняй беларускай пэнсіі.

Калі Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў непапулярнае рашэньне падвысіць пэнсійны ўзрост, у якасьці аргумэнту агучвалася наступная дылема: сыходзіць на заслужаны адпачынак раней, але грошай атрымліваць менш, ці пазьней, з захаваньнем не ніжэй за 40% ад сярэдняга заробку па краіне. Праўладныя аналітыкі пры гэтым адсылалі да лічбаў статыстыкі — маўляў, карані ў дэмаграфіі.

калі нічога не рабіць, то да 2030-га 100 працуючых павінны будуць утрымліваць 78 пэнсіянэраў

Цяпер у Беларусі на 100 працуючых прыходзіцца 61 пэнсіянэр. Паводле разьлікаў, у 2020 годзе суадносіны будуць ужо 100 да 66, а калі нічога не рабіць, то да 2030-га 100 працуючых павінны будуць утрымліваць 78 пэнсіянэраў. Падтрымліваць узровень пэнсій — задача ўсё больш складаная, бо, разводзяць рукамі дзяржаўныя эканамісты, у эканомікі таксама ёсьць запас трываласьці. А павялічваць тарыфы адлічэньняў у Фонд сацыяльнай абароны — мера яшчэ больш непапулярная, чым пэнсійны ўзрост.

Нягледзячы на тое, што сёньня пэнсійныя сумы збольшага сымбалічныя і проста не даюць памерці з голаду, прыбыткі ў дзяржаўным сэктары імкліва набліжаюцца да тых ж самых 100-150 даляраў у эквіваленце. Маса прыкладаў, калі ў вёсках людзі зарабляюць удвая меней і для іх выхад не пэнсію — ледзь на адзіная магчымасьць мець невялікі, але стабільны прыбытак.

Канечне, у большых гарадах, абласных цэнтрах, сталіцы фінансавая сытуацыя крыху лепшая, але не кардынальна. Да таго ж, ва ўмовах, калі з падачы таго ж Лукашэнка сотні тысяч беларусаў прылічаныя да дармаедаў, канкурэнцыя на рынку працы ўзрастае — працуючыя пэнсіянэры як костка ў горле для кандыдатаў на вакантныя месцы. Ідзе жорсткае змаганьне за 200 даляраў, на якія яшчэ пяць гадоў таму ніхто не паквапіўся б.

Цяпер актыўна мусіруюцца чуткі, што нібыта ад 2017 году з пэнсій людзей, якія працягваюць працаваць, будуць утрымліваць 40% прыбытку. Гэта, як аказалася, не абвяргаюць і органы сацыяльнай абароны, бо прымуць нарматыўны дакумэнт — будуць вылічваць, ад выканаўцаў нічога не залежыць.

Сёньня працуючыя пэнсіянэры ў масе сваёй недаатрымліваюць, прынамсі дакладна не шыкуюць — ня езьдзяць, як іх заходнія аднагодкі, па сьвеце, не жывуць на хлебе і малацэ. Калі ў пэнсіянэраў з маленькай дапамогай могуць наогул нічога не вылічваць, то ў тых, хто мае значны індывідуальны каэфіцыент і вялікі працоўны стаж, утрымліваюць 18-20%. А як пачнуць забіраць 40% пэнсіі, то ці будзе сэнс працягваць працаваць, калі працоўная ўзнагарода часьцяком ніжэйшая за пэнсію? На жаль, пакуль няма сыстэмнасьці, няма ніякай пэўнасьці на будучыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG