Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст з Калінкавічаў спрабуе высьветліць, за што ён мусіць сплаціць падатак на «дармаедзтва»


Дзяніс Рабянок
Дзяніс Рабянок

Грамадзкі актывіст, сябра АГП з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок наведаў 3 студзеня раённую інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў. Яму, як і многім іншым грамадзянам Беларусі, падаткавая даслала ліст з патрабаваньнем заплаціць падатак на «дармаедзтва».

«Перад Новым годам, — распавёў Рабянок, — мне даслалі з інспэкцыі патрабаваньне заплаціць збор на „дармаедзтва“ ў памеры 360 рублёў. Нашыя начальнікі заўсёды моцна занятыя, таму я адразу патэлефанаваў у інспэкцыю і запісаўся на прыём у першы ж працоўны дзень новага году. І вось сёньня падаў асабіста начальніцы інспэкцыі Іне Туроўчык скаргу з просьбай адклікаць патрабаваньне сплаціць гэты збор і выключыць мяне зь іхнага сьпісу „дармаедаў“».

Адначасова актывіст спрабаваў высьветліць, якія выдаткі мела на яго дзяржава ў 2015 годзе, калі ён не атрымліваў ніякай матэрыяльнай дапамогі, не зьвяртаўся да лекараў, калі цэнтар занятасьці не шукаў для яго і не прапаноўваў яму працу, хоць ён паводле адукацыі настаўнік беларускай мовы й літаратуры.

«На гэта мне ў інспэкцыі нічога не адказалі. Параілі толькі для адчэпу зьвяртацца ў іншыя дзяржаўныя органы», — кажа Дзяніс.

Актывіст заяўляе, што ніякага падатку на дармаедзтва плаціць не зьбіраецца, бо дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, падпісанай самім жа Аляксандрам Лукашэнкам. Артыкул 41 Канстытуцыі забараняе прымусовую працу. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь, таксама забараняе прымушаць чалавека супраць ягонае волі да абавязковай працы.

«У нас жа, дзякаваць Богу, не рабаўладальніцтва зь яго прымусоваю працаю. Калі падаткавая інспэкцыя не задаволіць маю скаргу, змушаны буду зьвяртацца ў суд, а спатрэбіцца, то і ў міжнародныя праваабарончыя структуры», — тлумачыць сваю пазыцыю Дзяніс Рабянок.

Паводле актывіста, дзяржава не дапамагае грамадзянам выжыць, затое спаганяе падатак. У краіне амаль паўмільёна беспрацоўных, а рынак працы абяжоўваецца некалькі дзясяткамі тысяч вольных месцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG