Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха стрэлаў на вуліцы Любімава: праваабаронцы ня згодныя з пазыцыяй МУС


Міліцыянты маюць не страляць, а прыяжджаць на канфлікты зь відэакамэрамі і траўматыкай альбо электрашокерам, — праваабаронца Стэфановіч.

У другой палове дня 3 студзеня на сайце менскай міліцыі зьявіліся новыя зьвесткі пра інцыдэнт, які адбыўся раніцай 1 студзеня ў доме на вуліцы Любімава ў Менску пасьля выкліку туды нараду. Тады міліцыянт зь пісталету цяжка параніў менчука, які, як цьвердзяць у міліцыі, напаў на супрацоўніка ды спрабаваў завалодаць ягонай табэльнай зброяй. Мянчук патрапіў у шпіталь, ён знаходзіцца ў «стабільна цяжкім стане», паведамляюць зь менскага вайсковага шпіталя.

У апошняй заяве менскай міліцыі сьцьвярджаецца, што памочнік дзяжурнага ГАМ-1 Маскоўскага РУУС прыехаў на выклік суседзяў пацярпелага грамадзяніна адзін і толькі пасьля інцыдэнту выклікаў на дапамогу калег-міліцыянтаў. Таксама ў паведамленьні ідзецца пра тры стрэлы, зь іх адзін папераджальны, а два — у пацярпелага. Раней міліцыя паведамляла пра два стрэлы.

Тры стрэлы, а ня два

Падзеі пасьля папераджальнага стрэлу працягваліся, як сьцьвярджаюць у міліцыі, гэтак.

«Замест таго каб спыніць проціпраўныя дзеяньні, малады чалавек схапіў міліцыянта за руку і зноў паспрабаваў завалодаць табэльнай зброяй. У хадзе барацьбы былі зробленыя яшчэ 2 стрэлы, у выніку якіх нападніку нанесеныя скразныя раненьні ў абшар грудзіны і левага ступака. Інфармацыя, якую распаўсюджваюць у інтэрнэце, што супрацоўнік міліцыі пакінуў месца здарэньня, не адпавядае рэчаіснасьці. Пасьля інцыдэнту ён, знаходзячыся ў падʼезьдзе, неадкладна паведаміў у дзяжурную частку аб факце ўжываньня баявой зброі, аб неабходнасьці шпіталізацыі нападніка, а таксама запрасіў дадатковыя сілы», — паведамляецца пра інцыдэнт на сайце сталічнай міліцыі.

Праваабаронца: Такія справы заводзяць прэвэнтыўна

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч гэтак пракамэнтаваў зьвесткі міліцыі і выказаў наступныя заўвагі да яе дзеяньняў:

«Найперш адзначу, што непасрэдных сьведак інцыдэнту не было. Удзельнікі кампаніі, якія адзначалі Новы год у той кватэры, кажуць, што пацярпелы выйшаў на званок, потым яны пачулі два стрэлы, выйшлі, малады чалавек быў у крыві, міліцыянт, які страляў, нібыта ўцёк, затое стаялі два іншыя міліцыянты. З боку міліцыі ўжо ідзе карэктаваньне зьвестак: цяпер кажуць пра тры стрэлы, пра тое, што ўсё ж быў адзін папераджальны стрэл. А што скажа на гэта пацярпелы, пакуль невядома. Магчыма, ягоная вэрсія будзе значна адрозьнівацца. Ужо заяўлена, што на яго завялі справу аб аказаньні супраціву міліцыянту, хаця паказаньняў у яго маглі яшчэ і ня ўзяць проста праз стан здароўя. Дарэчы, мы, праваабаронцы, адзначаем наступную практыку: калі ўзьнікае падобны канфлікт пацярпелага зь міліцыянтам, дык звычайна заводзіцца крымінальная справа супраць таго, хто пацярпеў ад міліцыянта. Магчыма, прэвэнтыўна — каб ціснуць на чалавека і дамагацца зьмены паказаньняў? І тут такое можа быць.

Але вернемся да інцыдэнту на вуліцы Любімава. Цяжка верыцца, што адзін супрацоўнік паехаў на канфлікт, бо звычайна яны выяжджаюць па трое. Магчыма, у такую ноч, як навагодняя, калі шмат выклікаў, ад гэтага правіла давялося адыходзіць, але ж неўзабаве зьявіліся і іншыя міліцыянты. Дык мо варта было пачакаць калегаў і потым разам ісьці на выклік? Вэрсія пра аднаго міліцыянта выглядае надуманай таму, што калі б іх было трое ці нават двое, дык з адным пʼяным хуліганам яны б лёгка справіліся і ўзьнікла б пытаньне, навошта ўжытая зброя. А гэтак усё нібыта дакладна: той напаў, паспрабаваў адабраць пісталет, таму міліцыянт і стрэліў», — кажа Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Ці меў права страляць міліцыянт, калі ў яго забіраюць зброю?

«Адказ на гэтае пытаньне нібыта навідавоку. Так, службовая інструкцыя гэта дазваляе: не падпарадкоўваецца, пагатоў напаў, дык маеш права ўжыць зброю. Але што значыць „паспрабаваў забраць табэльную зброю і пацягнуўся да кабуры“? Вядома, нецьвярозы чалавек можа паводзіць сябе неадэкватна і нелягічна, але падаецца сумнеўным, што калі чалавеку не пагражаюць пісталетам, ён спрабуе яго забраць з кабуры. А менавіта гэта вынікала зь першых паведамленьняў менскай міліцыі пра інцыдэнт. Магчыма, каб быў адказ на гэтыя сумненьні, і ўзьнікла дапоўненая вэрсія, што міліцыянт усё ж сам дастаў зброю з кабуры, стрэліў папераджальна, а хуліган працягваў спробы адабраць у яго пісталет», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Вось што закон «Аб органах унутраных справаў» кажа пра такія выпадкі. Найперш — ужываць зброю можна, калі нехта нападае на самога міліцыянта і пры гэтым існуе пагроза ягонаму жыцьцю ці здароўю. Але пагроза мусіць быць відавочная: калі нападнік мае зброю ці рэч, якая можа стаць заменьнікам зброі.

«Дык вось у нашым выпадку такой зброі ці яе заменьніка ў пацярпелага не было. А тое, што ён нібыта напаў на міліцыянта, пакуль гучыць толькі ад калегаў апошняга. Паведамлена, што міліцыянт таксама атрымаў траўму галавы, якую яму, магчыма, прычыніў малады чалавек праз удары. Гэта сурʼёзны аргумэнт, але ён таксама патрабуе доказаў», — заўважае праваабаронца.

Відэа і спэцсродкі — ці гэта рэальна для беларускай міліцыі?

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае яшчэ дзьве праўныя праблемы, якія выявіў інцыдэнт у доме на вуліцы Любімава.

«Першая — гэта сумненьні ў адэкватным ужываньні зброі. Даводзілася чуць у міліцэйскіх справаздачах, што супраць хуліганаў ці падчас разгону несанкцыянаваных вулічных акцыяў былі ўжытыя спэцсродкі, той жа сьлезацечны газ. Але аказалася, што ў вельмі рызыкоўны час — у навагоднюю ноч — міліцыянт пайшоў у праблемную кватэру бяз гэтых сродкаў. Калі б ён меў траўматычную зброю, ці электрашокер, ці прынамсі балёнчык з газам, дык гэтых крывавых наступстваў дакладна не было б.

Калі б ён меў траўматычную зброю, ці электрашокер, ці прынамсі балёнчык з газам, дык гэтых крывавых наступстваў дакладна не было б

Другое: таксама шмат гадоў чуем, што патрульных міліцыянтаў зьбіраюцца забясьпечыць відэакамэрамі, але рэальна для гэтага нічога ня робіцца. Запіс такой відэакамэры, якая чапляецца да гузіка ці на пагон, у выпадку канфлікту быў бы вельмі карысным. І для праверкі словаў бакоў канфлікту, і ўвогуле як справаздача для аналізу дзеяньняў міліцыянтаў. Цяпер жа суд будзе фактычна спасылацца на словы толькі аднаго міліцыянта, а пацярпеламу давядзецца апраўдвацца, што, як мы ведаем з практыкі, заканчваецца для яго часьцей за ўсё паразаю. У найлепшым выпадку замест 5 гадоў могуць даць некалькі месяцаў „хіміі“, як было нядаўна з хлопцам, якога амапавец зьбіў ды яшчэ і пазьдзекваўся зь яго.

Такім чынам, вось два пытаньні, якія, на маю думку, варта задаць спадару міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу: чаму міліцыянт ня меў адмысловых спэцсродкаў і чаму ня быў забясьпечаны відэакамэрай? Дарэчы, калі б такое відэа працавала ў рэжыме анлайн, дык яго бачылі б у дзяжурцы РУУС і адразу выклікалі б дапамогу свайму калегу».

Да чаго прыводзіць беспакаранасьць

Пра што сьведчаць падобныя гісторыі, якіх усё болей — справы Пцічкіна, Пратасені, братоў Барбашынскіх, Серады, новыя і новыя гісторыі? Чаму працягваецца канвэер, пра асьвятленьне якога ў прэсе міністар Шуневіч сказаў, што гэта нібыта «інфармацыйная вайна супраць міліцыі»?

Валянцін Стэфановіч: «На маю думку, журналісты паведамляюць пра тое, што ёсьць, гэта іхны абавязак, а вось праваахоўнікі належных высноваў з падобных гісторыяў ня робяць. Праўная ацэнка фактам перавышэньня службовых абавязкаў з боку міліцыянтаў не даецца. Альбо не прызнаецца, што пацярпелыя атрымалі ад міліцыянтаў пабоі і нават траўмы, альбо фіксуецца, што гэта было, але, маўляў, у межах дакладнага выкананьня абавязкаў. Хаця, на нашу думку, у бальшыні такіх выпадкаў рэальнай падставы ўжываць сілу не было.

Чаму гэта становіцца магчымым? У тым ліку таму, што неналежна працуюць органы нагляду за дзеяньнямі міліцыі. То бок гэта пытаньне для пракуратуры, якая часьцей адмоўчваецца, чым умешваецца, хаця мае ўсе паўнамоцтвы. Да таго ж мусяць працаваць і ўласныя службы кантролю ў тым жа МУС, але мы бачым, што такога няма. Няма пільных праверак пасьля падобных інцыдэнтаў, а значыць, проста ніхто ня хоча выносіць сьмецьце з хаты. МУС — установа закрытая, і нават калі супрацоўніка за дрэнны ўчынак ціха звольняць задняй датай, дык публічна пра гэта ня кажуць і высноваў ніхто ня робіць. Няма ў іх жаданьня па-сапраўднаму разьбірацца з супрацоўнікамі, якія парушаюць закон, а гэта вядзе да адчуваньня беспакаранасьці і, у выніку, да паўтарэньня подобных фактаў».

Заведзеная крымінальная справа

Управа Сьледчага камітэту ў Менску завяла па факце інцыдэнту крымінальную справу. Паведамляецца, што справа заведзеная на грамадзяніна, які пацярпеў ад стрэлаў міліцыянта, паводле 2 часткі 363 артыкулу КК — гэта супраціў супрацоўніку органаў ўнутраных справаў. Максымальнае пакараньне за гэтае злачынства — 5 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG