Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея ня будзе высылаць дыпляматаў ЗША

абноўлена

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыняў рашэньне не высылаць амэрыканскіх дыпляматаў з Расеі. «Мы нікога ня будзем высылаць», заявіў Пуцін, паведамляе «Інтэрфакс».

Раней расейскія агенцтвы паведамілі, што Масква аб’яўляе 35 амэрыканскіх дыпляматаў «пэрсонамі нон-грата». Гэта 31 супрацоўнік амбасады ЗША ў Маскве і чатыры супрацоўнікі генэральнага консульства ў Санкт-Пецярбургу. Агенцтва ТАСС паведамляла, што з такой заявай выступіў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў. Міністар падкрэсьліў, што прапанова ўнесена на разгляд прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Акрамя гэтага, у расейскім Міністэрстве замежных справаў назвалі ілжывай інфармацыю аб закрыцьці ў Маскве школы для дзяцей амэрыканскіх дыпляматаў з-за новых санкцыяў, якія ЗША ўвялі ў дачыненьні да Расеі. Пра гэта напісала ў фэйсбуку Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі. Раней канал CNN паведаміў, што расейскія ўлады ў адказ на санкцыі зачыняюць англа-амэрыканскую школу ў Маскве і ведамасны дом адпачынку для супрацоўнікаў амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў Срэбным Бары.

29 сьнежня стала вядома, што Вашынгтон уводзіць новыя санкцыі ў дачыненьні да Масквы ў сувязі зь яе датычнасьцю да хакерскіх нападаў на амэрыканскія інстытуты. Абвешчаныя ў чацьвер абмежавальныя меры закранаюць некаторыя расейскія кампаніі, Фэдэральную службу бясьпекі і Галоўнае ўпраўленьне Генштабу Узброеных сілаў Расеі (раней называлася ГРУ), а таксама вышэйшае кіраўніцтва гэтага ўпраўленьня. Улады ЗША абвясьцілі «пэрсонамі нон-грата» 35 расейскіх дыпляматаў і паведамілі пра закрыцьцё двух расейскіх аб’ектаў у штатах Нью-Ёрк і Мэрылэнд.

У Маскве неаднаразова адпрэчвалі дачыненьне да кібэратакаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG