Праект «Новы погляд» — гэта першы праект Майстэрні сацыяльнага кіно, на якім людзі з інваліднасьцю і безь яе бясплатна навучаліся сцэнарнаму майстэрству і здыманьню відэаролікаў, а таксама распрацоўвалі рэклямныя кампаніі.
PR-спэцыялістка праекту Алеся Кліменка расказала Свабодзе, што інклюзіўная адукацыя — гэта працэс, які дазваляе кожнаму ўдзельніку, незалежна ад яго фізычнага стану, паўнапраўна ўдзельнічаць у акадэмічным жыцьці:
«Нашы выкладчыкі і ўдзельнікі — гэта людзі як з інваліднасьцю, так і без. Яны ўсе разам навучаліся на гэтым курсе цягам году і прымалі розныя рашэньні разам. Яны навучыліся ўзаемадзейнічаць адно з адным. Наш праект імкнуўся да інклюзіўнасьці за кошт даступнасьці як у матэрыяльным (безбар’ернае асяродзьдзе і бясплатнае навучаньне), так і ў псыхалягічным сэнсе (павага, раўнапраўе, увага, адсутнасьць жалю). Такім чынам, дзякуючы праекту мы даказалі, што інклюзіўная адукацыя магчымая ў Беларусі, і гэта зусім не складана».
Усяго ў курсах узялі ўдзел больш за 60 чалавек, пры адборы арганізатары захавалі балянс паміж людзьмі з інваліднасьцю і без.
«Адна з задач нашага курсу — пераадоленьне стэрэатыпаў у дачыненьні да людзей з інваліднасьцю. Таму за гэты год мы правялі пяць круглых сталоў, падчас якіх гаварылі пра вобраз чалавека з інваліднасьцю ў кіно, рэкляме, аб праблемах інклюзіўнай адукацыі, працаўладкаваньні інвалідаў», — сказала Алеся Кліменка.
У выніку ўдзельнікі курсаў стварылі шэраг сацыяльных ролікаў на розныя тэмы — гэта правілы дарожнага руху, ахова навакольнага асяродзьдзя, стаўленьне да інвалідаў. Цяпер каардынатары дамаўляюцца пра тое, каб найлепшыя ролікі паказалі на беларускім тэлебачаньні:
«Пасьля Новага году мы плянуем атрымаць на некаторыя ролікі статус сацыяльнай рэклямы, каб паказаць іх па тэлебачаньні, а таксама ў транспарце. Пачынаючы праект, мы думалі, што большасьць ролікаў будуць прысьвечаныя праблемам, зьвязаным з інвалідамі — безбар’ернае асяродзьдзе, адукацыя, праца. Але аказалася, што людзі з інваліднасьцю здымалі на іншыя сацыяльныя тэмы, а ўдзельнікі без інваліднасьці прысьвяцілі свае творы якраз праблемам, зь якімі сутыкаюцца людзі з абмежаваньнямі. Гэта стала сюрпрызам для арганізатараў».
Алеся Кліменка расказала, што сярод рэальных вынікаў праекту тое, што людзі з інваліднасьцю зацікавіліся творчымі прафэсіямі:
«Нехта знайшоў сябе ў сцэнарыстыцы, іншыя — у рэжысуры. Напрыклад, адна з нашых удзельніц, вазочніца Аляксандра Гароднікава, зразумела, што хоча займацца рэжысурай і спрабавала паступіць у Акадэмію мастацтва на гэтую спэцыяльнасьць. На жаль, праз адсутнасьць безбар’ернага асяродзьдзя ёй гэтага пакуль што не ўдалося».
На прэзэнтацыі адбудзецца паказ курсавых работ, сацыяльных відэаролікаў, а таксама цырымонія ўзнагароджаньня ўдзельнікаў. Сярод гасьцей цырымоніі будуць выкладчыкі курсаў: вядомы беларускі рэжысэр Андрэй Курэйчык, Аляксандар Алейнікаў, Ян Карпаў.