Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 прадуктаў, якія дапамогуць зьнізіць крывяны ціск


Калі вы адзін з тых людзей, якія жывуць з высокім крывяным ціскам, вам важна зьмяніць свае харчовыя звычкі.

Аўтарка сайту sharecare.com Крысьці Данэлі сьцьвярджае, што прадукты, якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і маюць нізкае ўтрыманьне натрыю могуць дапамагчы зьнізіць крывяны ціск натуральным шляхам і да таго ж маюць прыемны смак. Паспрабуйце ўключыць гэтыя прадукты ў свой рацыён, каб панізіць крывяны ціск і паменшыць рызыку сардэчна-судзінных хваробаў.

Ласось і стронга

Сьвежая рыба зьяўляецца выдатнай крыніцай поснага жывёльнага бялку, а таксама вельмі карыснай для сардэчна-судзіннай сыстэмы тлустай кіслаты амэга-3. У дадатак тлустыя гатункі рыбы, такія як ласось, утрымліваюць вітамін D, які таксама ўплывае на зьніжэньне артэрыяльнага ціску. Паспрабуйце замяніць насычаныя транс-тлушчамі прадукты, такія як чырвонае мяса або смажаная ежа адной-дзьвюма порцыямі сьвежай рыбы кожны тыдзень. Гэтая простая замена дапаможа зьменшыць запаленьне і фармаваньне артэрыяльных бляшак, а таксама зьнізіць узровень трыгліцэрыдаў, якія спрыяюць хваробам сэрца.

Ёгурт

Замяніце свае салодкія нізкакалярыйныя сьняданкі багатым на бялок простым ёгуртам. Рафінаваныя прадукты, накшталт батончыкаў з аўсянкі, могуць выклікаць ўсплёск ўзроўню цукру ў крыві, што павышае крывяны ціск. Тым часам малочны бялок ёгурту стабілізуе ўзровень цукру ў крыві і зьніжае артэрыяльны ціск. Кальцый ў ёгурце, як сьцьвярджаюць некаторыя дасьледаваньні, таксама спрыяе здароўю сэрца.

Ліставая зеляніна

Павелічэньне спажываньня гародніны зьяўляецца ключом да зьніжэньня высокага крывянога ціску. Цёмна-зялёная ліставая гародніна — такая як шпінат або капуста брокалі — можа быць дададзена практычна ў кожную страву — ад салату да амлету і макаронных вырабаў, каб забясьпечыць вам штодённую дозу клятчаткі, жалеза і вітамінаў А і С. Але ня ежце свае салаты разам з вельмі салёнай або вельмі калярыйнай ежай, а таксама тлустымі соўсамі, сырам або шынкай.

Цёмны шакаляд

Добрая навіна для аматараў шакаляду: ежце адзін квадрат цёмнага шакаляду кожны дзень, і гэта дапаможа зьнізіць крывяны ціск і паменшыць рызыку сардэчных хваробаў. Дасьледаваньні паказалі, што ўжываньне цёмнага шакаляду можа павялічыць вытворчасьць арганізмам вокісу азоту. Вокіс азоту зьяўляецца натуральным хімічным рэчывам, якое спрыяе пашырэньню крывяносных судзінаў і зьніжае артэрыяльны ціск. Ежце сваю дозу цёмнага шакаляду зь ягадамі або кавалачкам апэльсіну для дадатковай дозы вітамінаў​ а таксам і для смаку.

Каляровая бульба

Хоць гэта і не ўласьцівая для Беларусі гародніна, тым ня менш, калі вы сустрэнеце яе ў краме, не праходзьце міма. Чырвоная, сіняя і фіялетавая бульба выдатна спрыяе здароўю вашага сэрца. Такая бульба ўтрымлівае пігмэнты, званыя антацыяны, якія спрыяюць вывядзеньню свабодных радыкалаў, памяншаюць запаленьне і зьніжаюць высокі крывяны ціск. Паспрабуйце запечаную бульбу з кропляй аліўкавага алею і ўлюбёнай сумесьсю спэцый зь нізкім утрыманьнем натрыю (солі) для прыемнай вячэры.

Бананы

Паколькі калій можа паменшыць эфэкты, якія на арганізм аказвае натрый, важна яго атрымліваць у дзень рэкамэндаваныя 4700 міліграмаў. Адзін сярэдні банан можа забясьпечыць каля 422 міліграмаў калію, а таксама магнію і расьліннай клятчаткі. Дадайце кавалачкі банана да цэльназерневага хлебу, фруктовага салату або кактэйлю. Або паспрабуйце замарожаныя бананы ў якасьці здаровага, нізкакалярыйнага дэсэрту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG