Траціна расейцаў лічыць вайну ў Сырыі галоўнай сусьветнай падзеяй 2016 году. Такія вынікі апытаньня, апублікаваныя сёньня Ўсерасійскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі.
Адказы, так ці інакш зьвязаныя з вайной у Сырыі (апэрацыя ў Сырыі, вызваленьне Алепа і Пальміры і г. д.), абралі 33% апытаных. У 2015 годзе гэтая тэма таксама была на першым месцы (43%).
На другім радку рэйтынгу — прэзыдэнцкія выбары ў ЗША (31%), на трэцяй — спартовыя падзеі (Алімпіяда, допінгавыя скандалы, дыскваліфікацыя паралімпійцаў і г. д. — 13%).
Расейцы праводзяць 2016 год з крыху больш пазытыўным настроем, чым 2015-ы. 45% рэспандэнтаў робяць гэта з добрым настроем і пачуцьцём аптымізму (год таму такіх было 41%). Пэсымістычна настроены 12% апытаных (па выніках 2015 г. — 14%).
Палова рэспандэнтаў (50%) напярэдадні новага 2017 году перажывае радасьць і чаканьне пераменаў да лепшага, яшчэ 25% — спакой і ўпэўненасьць. Адмоўныя эмоцыі (сум, стомленасьць, спустошанасьць, хваляваньне і расчараваньне) адчуваюць 38% расейцаў.
Усерасейскае апытаньне праведзенае 17-18 сьнежня 2016 году.