Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сваім калядным звароце Тадэвуш Кандрусевіч гаварыў пра сьмяротнае пакараньне і крызіс сям'і


Ва ўсіх касьцёлах Беларусі праходзяць сьвяточныя набажэнствы. Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі адзначаюць Божае Нараджэньне, паведамляе Белапан.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланьні да вернікаў адзначыў, што сучасны сьвет «усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсьця зь іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасьці, ня можа знайсьці».

Прычыну крызісаў неабходна шукаць «у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсьце — у Божай дапамозе», падкрэсьліў кіраўнік беларускага касьцёла.

Яшчэ адной прычынай многіх крызісаў арцыбіскуп Кандрусевіч назваў «сучасныя тэндэнцыі імкненьня да свабоды без адказнасьці і непрызнаньне існаваньня абсалютнай праўды, якою зьяўляецца Божы закон».

Як адзначаецца ў пасланьні, адным з найбольш хвалюючых крызісаў зьяўляецца крызіс сям’і, калі «разводы становяцца нормай», а само паняцьце сям’і зьмяняецца. Мітрапаліт зь неўхваленьнем адзначыў, што палова краін Эўразьвязу ўжо легалізавала гомасэксуальныя сужэнствы, прычым — з правам усынаўленьня. Замест касьцёла сем’і ўсё больш неведваюць «супэрмаркеты, стадыёны, канцэртныя залі», адзначыў кіраўнік беларускага касьцёла.

Жыцьцё сёньня «дэвальвуецца, становіцца таварам, які можна набыць і прадаць», «распаўсюджваецца практыка абортаў, што зьяўляецца забіцьцём ненароджанага жыцьця», гаворыцца ў пасланьні. Эўропа перажывае «працэс дэмаграфічнага самагубства, выйсьця зь якога не гарантуюць ні палітычныя, ні эканамічныя рашэньні, бо гэта праблема сэрца, праблема духоўнага стану грамадзтва».

«Касьцёл цьвёрда стаіць на прынцыпах абароны жыцьця і таму ў сваім вучэньні выказваецца за забарону сьмяротнага пакараньня, — падкрэсьліў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Жыцьцё — гэта самы вялікі і каштоўны Божы дар. Бог даў, і ніхто ня мае права яго адабраць. Вядома, што кожнае злачынства, асабліва забойства, — гэта зло, бо ніхто ня верне жыцьця. Аднак у наш час існуе дастаткова мэтадаў абясшкодзіць злачынца так, каб ён нікому ня мог прычыніць зла і адбываў пажыцьцёвае зьняволеньне. Устрыманьне ад сьмяротнай кары адпавядае годнасьці чалавечай асобы, умовам агульнага дабра і зьяўляецца выражэньнем павагі да права кожнага чалавека на жыцьцё».

Мэтай адмены сьмяротнага пакараньня зьяўляецца абарона чалавечай годнасьці, на якую мае права нават забойца, дадаў кіраўнік касьцёла.

«Перажываючы радасьць сьвята Божага Нараджэньня мы павінны засяродзіцца ня толькі і ня столькі на зьнешнім сьвяткаваньні, колькі на яго сутнасьці: ці дазваляем мы Езусу нарадзіцца сваёй ласкай у нашых сэрцах і душах, каб Яго духоўная энэргія дапамагла нам вырашыць праблемы і крызісы, зь якімі мы сустракаемся», — заключыў каталіцкі гіерарх.

Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі прадстаўлены чатырма дыяцэзіямі, якія аб’ядноўваюць 630 парафій. Для парафіян адкрыта больш за 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ некалькі дзясяткаў будуюцца. У Беларусі служаць звыш 470 каталіцкіх сьвятароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG