Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабілі самі» — бацькі дзяцей з аўтызмам наноў адкрылі ўнікальныя майстэрні 


«Гэта месца, дзе дзіця прымаюць такім, якое яно ёсьць, і робяць яго лепшым», — героі спэцыяльнага праекту Радыё Свабода самі адрамантавалі новае памяшканьне майстэрняў і аднавілі працу.

Шэсьцьдзесят сем’яў, у якіх гадуюцца дзеці з асаблівасьцямі, чакалі, калі змогуць скарыстацца дапамогай прафэсіяналаў і валянтэраў.

«Мне хацелася сказаць вам усім дзякуй, бо калі б ня вы, мы б гэтага не зрабілі, — кажа Тацяна Галубовіч, кіраўніца арганізацыі „Добрая справа: дапамога людзям з аўтызмам“ і мама адзінаццацігадовага Вані. — Мы адкрываемся. Я шмат разоў казала пра тое, што гэты шлях я не выбірала сама. Але так здарылася, што я мама дзіцяці з аўтызмам. І гэты шлях прывёў мяне да цудоўных людзей. Зьявілася справа жыцьця, ёсьць мэта. Хаця кожны дзень усё адно пераадоленьне, але, нягледзячы на ўсе складанасьці, мы ня страцілі смаку да жыцьця, мы зьбіраемся, размаўляем, ямо, сьмяемся. Без усіх вас нічога б не атрымалася».

Рамонт у пакоях, арандаваных у памяшканьні Беларускага таварыства інвалідаў, бацькі рабілі два месяцы — сваімі сіламі і за свае грошы.
«Бацькі ж усе на працы, — апавядае тата Ксеніі Іван. — Я па выходных тут дапамагаў, хтосьці па вечарах».

«Мы з радасьцю вырашылі прапанаваць дапамогу, — кажа яго жонка Кацярына. — Гэта ж ня толькі для нашага дзіцяці, а для ўсіх. У нас дзяўчынка з аўтызмам. Рэдка, думаю, сустракаюцца людзі, якія нават чулі пра такі дыягназ. Толькі бацькі, дзяўчаты-псыхолягі разумеюць. У нас складана дабіцца падтрымкі ад дзяржавы — ня толькі матэрыяльнай, але і пашырэньня магчымасьцяў для такіх дзяцей».

«Думаю, Таварыства інвалідаў будзе ганарыцца намі, — кажа Тацяна Галубовіч. — Вядома, трэба мець сьмеласьць, каб пусьціць да сябе праект, які займаецца дзецьмі, тым больш такой складанай катэгорыі. Але людзі тут чароўныя».

Празь фінансавыя і тэхнічныя праблемы ў працы майстэрняў быў перапынак на паўгода. «Багдан зьмяніўся! Стаў больш разумець размову, зь якой да яго зьвяртаюцца, больш гаварыць. Стаў больш самастойны, цікавы, — у гераіні нашага спэцыяльнага праекту Ані мы распытваем, як расьце яе сын. — Мы сталі займацца на фартэпіяна. У садку ў Багдана зьявіўся т’ютар».

«У Вані новы настаўнік, новы т’ютар, новыя людзі. Ён ходзіць у басэйн, дарасьлее, разумнее, хітрыць, — распавядае пра свайго сына Ваню Тацяна Галубовіч. — Ён шчыра засмучаецца і калі плача, то наўзрыд. І любіць гэтаксама безумоўна».

Групы, у якіх будуць займацца дзеткі, ужо складзеныя. Тацяна яшчэ ня пэўная, ці будуць магчымасьці прыняць усіх ахвочых. Першыя заняткі адбудуцца ўжо 24 сьнежня.

«Наступныя майстар-клясы пройдуць 5 і 6 студзеня, — апавядае Тацьцяна. — А пасьля Раства да нас прыедзе „Серебряная свадьба“ і мы зробім спэктакль. У нас столькі ўсяго заплянавана!»

Першы сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Моніка Бланд прысутнічала пры адкрыцьці майстэрняў і шчыра падтрымлівае ініцыятыву:

«Тое, што зрабілі Таня і бацькі, якія цяпер тут, — гэта цудоўны прыклад таго, як людзі вызначаюць патрэбы сваёй супольнасьці, — кажа спадарыня Бланд. — Фантастычна, як людзі ахвяруюць свой час і энэргію, здольнасьці, нават тыя, каго асабіста не датычыць гэтая справа. Гэта паказвае, як грамадзянская ініцыятыва робіць магчымымі многія рэчы».

Тацьцяна Галубовіч
Тацьцяна Галубовіч

Амбасада ЗША рэгулярна аказвае дапамогу арганізацыі. Тацяна Галубовіч і эксперт Юліяна П’янкова — удзельніцы сталай праграмы Community Connections. Дзякуючы праграмам амбасады Беларусь зь лекцыямі і сэмінарамі наведавалі доктар псыхалёгіі, кансультант паводзінаў з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сакрамэнта Джыл Янг і аналітык паводзінаў Анастасія Шапавалава.

Тацьцяна Галубовіч - у цэнтры, Моніка Бланд - справа
Тацьцяна Галубовіч - у цэнтры, Моніка Бланд - справа

У ЗША, распавядае спадарыня Бланд, сытуацыя з вырашэньнем патрэбаў дзяцей з аўтызмам адрозьніваецца ад беларускай. «Людзі нашмат больш ведаюць пра гэтае пытаньне. Магчыма, нават таму, што знакамітыя людзі, напрыклад, акторы, зьвярталі на гэта ўвагу, — кажа дыплямат. — Але, вядома, гэта залежыць ад таго, дзе ты знаходзісься. Не ўва ўсіх месцах аднолькавая сытуацыя. І нават у ЗША бацькі аб’ядноўваюцца, утвараюць сеткі падтрымкі, патрабуюць у школаў, мясцовых уладаў лепшых умоваў для сваіх дзяцей».

Інтэграваныя клясы ў школах і групы ў садках, дапамога цьютараў і адмысловыя мэтодыкі — усё гэта бацькам дзяцей з аўтызмам даводзіцца літаральна выбіваць зь дзяржавы.

«Без нашай дапамогі нічога б не было», — упэўненая адна з маці, якая распавядае, як цяжка было дамагчыся інтэграванай групы і стаўкі цьютара.
«Калі ты думаеш, чаго каштуе людзям іх штодзённае жыцьцё, а яны ўсё маюць столькі энэргіі, гэта захапляе», — кажа Моніка Бланд.

Моніка Бланд
Моніка Бланд

Каб майстэрні існавалі, вельмі патрэбная добрачынная дапамога. А для гэтых дзяцей і іх бацькоў — гэта ўнікальная магчымасьць разьвівацца разам.

«Бацькі дзяцей з аўтызмам хочуць, каб было месца, куды яны могуць прывесьці сваё дзіця, дзе яму будуць радыя. Дзе будзе сьветла, дзе будзе кубак гарбаты, — кажа Тацьцяна Галубовіч. — Дзе будзе чалавек, якому цікавае гэтае дзіця».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG