«Усе затаіліся і ня ведаюць як рэагаваць», — падумаў я, калі пашукаў рэакцыі на ноту пратэсту беларускага Міністэрства замежных спраў на адрас расейскай амбасады ў Менску.
Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (РІСД) Леанід Рашэтнікаў робіць закід на адрас «кіраўніцтва Беларусі» ў грэблівай танальнасьці: «Што яны сабе там думаюць? Якая Беларусь незалежная ад Масквы?» У нашым выпадку «кіраўніцтва Беларусі» — гэта Аляксандар Лукашэнка, гэта ён «што сабе думае».
«Палітыка Лукашэнкі праваліцца, бо яна не адпавядае запыту насельніцтва», — больш канкрэтна выказваецца Рашэтнікаў.
Беспрэцэдэнтны выпадак, калі прадстаўнік расейскай дзяржаўнай установы публічна выказвае сумнеў наконт незалежнасьці Беларусі, а афіцыйны Менск выказвае пратэст.
Няма шквалу абурэньняў у расейскіх фэдэральных СМІ з нагоды затрыманьня антыдзяржаўных прапагандыстаў з «Рэгнуму», няма і рэакцыі на ноту пратэсту на афіцыйным узроўні.
З Расеяй больш-менш зразумела: тамтэйшыя гасударавы людзі чакаюць рэакцыі ўласна «гасудара» ці яго намесьнікаў. Што ў Беларусі?
У Беларусі афіцыйны орган Адміністрацыі прэзыдэнта газэта «Советская Белоруссия» сытуацыю зводзіць да «хі-хі, ха-ха».
«У Менску захваляваліся! Дазвольце вас супакоіць! Ну плявузгае штосьці пэнсіянэр, ну прадэманстраваў сябе поўным дылетантам, ну што з таго? Балбатуноў не сустракалі, ці што?... Ну навошта, не разумею, нэрвавацца?»
«Советская Белоруссия» тлумачыць сваю заспакоенасьць:
«Нягледзячы на гучную назву, гэты самы РІСД — усяго толькі адна з кантор, якія нястомна атрымліваюць бюджэты на неахопнай ніве “аналізу і сынтэзу”. Толькі і ўсяго!»
«Адну з кантор» узначальвае былы афіцэр зьнешняй выведкі СССР і Расеі генэрал Леанід Рашэтнікаў. А ад 4 студзеня 2017 году яму на зьмену прыйдзе былы яго шэф — нядаўні дырэктар Службы замежнай выведкі РФ і Сталы член Рады бясьпекі РФ Міхаіл Фрадкоў. Такое вось «толькі і ўсяго!»
Ня той бэкграўнд у генэрал-лейтэнанта Леаніда Рашэтнікава, каб дазволіць сабе плявузгаць. У інтэрвію радыё «Свабода» ён працягвае настойваць на сваім і камэнтуе сярод іншага:
«Я выступіў з заявай публічна, а нас прэзыдэнт Лукашэнка публічна два гады таму назваў «дэбіламі», а цяпер газэта «СБ» напісала, што я балбатун. Гэта пішуць палітычныя салагі».
Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі гаворыць пра сур'ёзную пагрозу, якая навісае над Беларусьсю (слухаць ад 11'27):
«На жаль, мы бачым усе тэндэнцыі, якія падказваюць нам тое, што расейскі бок мэтанакіравана рыхтуе як сваіх грамадзян, так і апаратныя колы да канфлікту з Рэспублікай Беларусь. І беларускаму боку трэба рыхтавацца да самых жорсткіх сцэнароў».
Адкуль такі дысананс: Рашэтнікаў адкрыта абражае кіраўніка Беларусі, а газэта адміністрацыі кіраўніка Беларусі робіць выгляд, што нічога не адбываецца?
«Советская Белоруссия» заспакойвае сваіх сталых чытачоў, якім як мінімум ад 1996 году ўнушала ідэю пра «саюзную дзяржаву», пра вось-вось аб'яднаемся, а тут... Фактычна бурыцца ўвесь напрацаваны за дваццаць гадоў ідэалягічны фундамэнт.
Функцыя «Советской Белоруссии» заключаецца ў тым, каб пераказваць словы Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль ён маўчыць, ідзе палітыка заспакаеньня: «Не хвалюйцеся раней за час, беларускае кіраўніцтва ўсё залатвіць!»
Нявыкрутка сытуацыі ў тым, што тыя, хто «ў Менску захваляваліся!», непакояцца пра лёс краіны. Гэта тыя, на каго дзяржава можа абаперціся ў абароне самой сябе. А заадно і тых, хто хвалюецца. Але калі абаперціся хоць на частку грамадзтва, гэта значыць, парушыць тую жорсткую ерархічную структуру, дзе грамадзтву адводзіцца роля статыстаў.
Падзеі разьвіваюцца досыць хутка. Пакуль статус-кво прапануе беларусам-незалежнікам набраць папкорну і назіраць за двубоем Лукашэнка-Крэмль.
Два дзясяткі гадоў у прыплюснутым грамадзтве выпрацавалі ў многіх звычку да думкі «а што мы можам?». У сучасным сьвеце важны распаўсюд інфармацыі і інфармацыйнае валанцёрства. Што рабіць? Першы крок — усьвядоміць, што пагроза для незалежнасьці Беларусі рэальная ўжо сёньня. А значыць, трэба сябе «палітызаваць».
«Як рабіць» прыйдзе ў працэсе. Галоўнае, каб па ўсім беларускім інфармацыйным полі ішоў фон: мы розныя, але мы за незалежнасьць!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.