На грамадзкіх слуханьнях пасялкоўцы абвінавацілі раённыя ўлады ў грэблівым стаўленьні да здароўя мясцовага насельніцтва. Хімічная вытворчасьць, настойвалі людзі, пагражае іхнаму жыцьцю, а чыноўнікі не зважаючы на гэта прыярытэт аддаюць прыцягненьню інвэстыцыяў.
Тым часам раённая ўлада заяўляе пра эканамічныя выгады ад працы заводу і запэўнівае, што вытворчасьць не нашкодзіць здароўю людзей і навакольнаму асяродзьдзю.
Мы народ і мы супраць
Вытворчасьць тэхнічнага вугляводу на стадыі праектаваньня. Ня вырабіўшы ні каліва прадукцыі і не прайшоўшы належнай працэдуры зацьвярджэньня праекту расейскае прадпрыемства вырашыла ў дакумэнтах павялічыць аб’ём вырабу тэхнічнага вугляводу з 160 тысяч тон да 200 тысяч тон на год. Гэтая акалічнасьць і стала нагодай для грамадзкіх слуханьняў.
На іх у Вейнянскі дом культуры сабралася блізу сотні чалавек. Сход праходзіў эмацыйна. Прамоўцаў, якія выступалі супраць павелічэньня магутнасьці хімічнай вытворчасьці, заля вітала воплескамі. Тыя ж хто прамаўляў за павелічэньне сутыкаўся зь ня ўхвальным гулам і рэзкімі выказваньнямі пасялкоўцаў. Абмеркаваньне доўжылася больш за паўтары гадзіны.
«Бяз нашай згоды вы ня можаце павялічыць магутнасьці вытворчасьці, ці так гэта?», — зьвярнулася да старшыні Магілёўскага райвыканкаму Анатоля Дуцька адна з жыхарак Вейна падсумоўваючы вынікі сходу
«Тыя, хто сюды прыйшоў, супраць. Як старшыня сёньняшняга сходу, вы так і запішыце. Ніякай гаворкі ня можа быць пра павелічэньне магутнасьці. Як бы не пераконваў нас дырэктар „Омск Карбон“, і якія б грошы не давалі пад яго — мы ня згодныя. Мы народ! Вы, як старшыня райвыканкаму, мусіце дзейнічаць так, як хоча народ», — гэтыя словы заля сустрэла авацыяй.
У Астраўцы ж будуць атамную станцыю...
Старшыня райвыканкаму Анатоль Дуцько казаў: задача грамадзкага абмеркаваньня «правільна пабудаваць завод, каб у нас не было ніякіх праблемаў са здароўем і ўсім астатнім...».
«Аднак я вам скажу адно — будаваць мы будзем, бо без інвэстыцыяў ня будзе ніякай дзяржавы ў нас, — зьвяртаўся да пасялкоўцаў чыноўнік. — Паглядзіце ў Астраўцы ўзводзяць атамную станцыю там таксама выконваюцца ўсе захады бясьпекі. І мы мусім пабудаваць завод, каб не было ніякіх праблемаў і канфліктаў».
Намесьнік старшыні райвыканкаму па эканоміцы Мікалай Шепелевіч, спасылаючыся на зьвесткі адной з паліклінік, запэўніваў: дынаміка захворваньняў насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі Вейнянскага сельскага савету, мае тэндэнцыі да зьмяншэньня.
Заля на гэтую заяву чыноўніка адрэагавала сьмехам.
«Нэгатыўнага ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра і здароўе насельніцтва на дасьледаванай тэрыторыі не чакаецца, — працягваў чыноўнік. — Пры выкананьні тэхнічнага рэжыму і правільнай эксплёатацыі абсталяваньня і правядзеньня вытворча-экалягічнага кантролю рэалізацыя праектных рашэньняў не прывядзе да нэгатыўных наступстваў».
Казаў Шэпэлевіч і пра эканамічны эфэкт ад вытворнасьці тэхнічнага вугляводу. Выраб гэтай сыравіны, даводзіў службовец пасялкоўцам, зьменшыць імпартазалежнасьць Беларусі.
«Забясьпечыць прыток інвэстыцыяў, будзе рост падатковых адлічэньняў і стварэньне новых працоўных месцаў», — пераконваў людзей намесьнік старшыні райвыканкаму.
Довады чыноўніка, аднак, не падзейнічалі на пасялкоўцаў. Іхная пазыцыя заставалася непахіснай.
3 тысячы пасялкоўцаў супраць узьвядзеньня хімічнага прадпрыемства
Людзі нагадалі, што 3 тысячы чалавек падпісаліся пад зваротам не дапусьціць будаўніцтва «Омск Карбон Магілёў». Калектыўны ліст даслалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, тая яго пераслала ў «Міністэрства прыродных рэсурсаў і абароны навакольнага асяродзьдзя».
Міністар, казаў адзін з выступоўцаў, запэўніваў: павелічэньня вытворчасьці ня будзе.
«Значыць райвыканкам ідзе ў разрэз рашэньню Міністэрства прыроды», — выснаваў у выступе пасялковец.
Паводле жыхароў Вейна, у іх пад бокам на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны № 4 узьведзеныя, ці ўзводзяцца больш за дваццаць хімічных вытворчасьцяў.
«Кожная зь іх нясе патэнцыйную небясьпеку навакольлю і здароўю», — настойвалі людзі.
«Выкіды з гэтай зоны цяпер мала прыкметныя, але ў арганізьме будуць накоплівацца. Цяперашняе пакаленьне гэта ўзьдзеяньня можа і не адчуць, а нашы дзеці і ўнукі гэта адчуюць на сабе», — засьцерагаў адзін з выступоўцаў.
Заля дамагалася ад чыноўнікаў адказу, хто даў дазвол на павелічэньне магутнасьці прадпрыемства. Людзі вінавацілі ўладу ў махінацыях з дакумэнтамі.
«У праекце была закладзеная такая магутнасьць прадпрыемства», — заявіў Анатоль Дуцько.
Заля выбухнула: «Кім закладзены?».
Чыноўнік адрэагаваў: — «Ня намі, а інвэстарам! Мы вам дамо адказ!»
«Вы нам цяпер адкажыце!», — настойвалі людзі.
Дуцько паабяцаў людзям даць дакумэнтацыю з дазволам на павелічэньне магутнасьці заводу.
Наш інтарэс жыць у чыстай зоне
У дырэктара прадпрыемства Міхаіла Караваева адзін з жыхароў Вейна запытаўся: «Вы пабудавалі завод, каб нам набрудзіць, каб мы брудам дыхалі?».
Кіраўнік прадпрыемства паспрабаваў пераканаць жыхароў, што вытворчасьць тэхнічнага вугляроду не нашкодзіць навакольлю. Ён прызнаў: выраб прадукту мае экалягічную нагрузку, але тут жа заўважыў: у параўнаньні з іншымі заводамі не настолькі вялікую.
«Павелічэньне нагрузкі на экалёгію будзе ня значным. Усяго адзін працэнт ад аб’ёму вытворчасьці, — даводзіў ён. — Доля нашых выкідаў, у агульным аб’ёме ўсёй прамзоны нязначная. Праблемы экалёгіі не ў працы «Омск Карбон. Магілёў».
Довадам Караваева пасялкоўцы таксама не далі веры.
«Як можна падлічыць долю выкідаў вашага заводу, калі прадпрыемствы прамысловай зоны працуюць яшчэ не напоўніцу», — запытаўся ў яго пасялковец.
«Наш інтарэс — жыць у чыстай зоне. Пакуль ня будзе гарантыяў, што завод бясьпечны, ніякага дазволу на ягоную працу не дамо. Мы хочам жыць і нашы дзець хочуць дыхаць чыстым паветрам», — наперабой зь месцаў лямантавалі жыхары.
«Дзеля чаго вы стараецеся», — зьвярталіся яны да чыноўнікаў. — «Вы хочаце нас угробіць дзеля нейкіх інвэстыцыяў ды прэміяў. Вы нас мусіце бараніць, а замест гэтага расказваеце нам казкі..».
Сход скончыўся нечакана. Пасьля хвалі крытыкі і працяглага маўчаньня чыноўнікаў людзі пачалі разыходзіцца.
Старшыня райвыканкаму Анатоль Дуцько ў гутарцы з журналістам сказаў, што бліжэйшым часам прадстаўнікі ўлады сустрэнуцца з працоўнай групай жыхароў Вейна, каб адказаць на пытаньні, якія былі агучаныя на сходзе.
«Для нас было важна пачуць меркаваньні людзей», — адзначыў чыноўнік.
«Народ ня даў дазволу на павелічэньне магутнасьці хімічнага прадпрыемства. Мы будзем настойваць на гэтай пазыцыі. Наш голас пачулі. На гэтым ня спынімся», — заявіў адзін з чальцоў працоўнай групы.
Першую прадукцыю «Омск Карбон Магілёў» абяцае вырабіць у 2017 годзе. Раней казалі, што гэтая падзея адбудзецца ў другой палове 2016 году. Заяўляецца, што тэхнічным вугляродам будуць забясьпечаныя беларускія патрэбы ў ім. Лішкі будуць пастаўляцца за мяжу.